news
Агляд

Крыўда і непаразуменне. Сацыёлагі канстатавалі разрыў паміж беларусамі ў краіне і ў замежжы

Проста зараз у краіне ствараецца новае грамадства ў «новай нармальнасці».
06.06.202419:20

«Людзі, якія засталіся, жывуць пад абвінавачваннямі тых, хто з’ехаў. Літаральна: калабаранты», – сказала дырэктарка Беларускай аналітычнай майстэрні Марына Новікава, раскрываючы вынікі даследавання «Інфармацыйныя коканы ўнутры Беларусі і за яе межамі». Экспертка адзначыла: у закатанай у асфальт Беларусі пачынае прабівацца трава, і цяпер у «новай рэальнасці» ствараецца новае грамадства.

Удзельніцы VII Усебеларускага народнага сходу. Менск, Беларусь. 24 красавіка 2024 года.
Фота: sb.by

Беларуская аналітычная майстэрня прэзентавала 6 чэрвеня ў «Прэс-клубе» вынікі двух сацыялагічных даследаванняў: «Інфармацыйныя коканы ўнутры Беларусі і за яе межамі» і «Беларусы ў Літве».

Першую работу прадставіла кіраўніца арганізацыі Марына Новікава. Яна падкрэсліла, што даследаванне зроблена на падставе тэлефонных індывідуальных інтэрв’ю з грамадзянамі Беларусі, якія жывуць у краіне, з усіх рэгіёнаў, як сталіцы і буйных гарадоў, гэтак і з мястэчак.

Даследнікі прыйшлі да высновы, што багата людзей у Беларусі «варацца» у сваіх коканах, іх чатыры:

  • як аснова выжывання,
  • як сродак бяспекі,
  • магчымасць дасягнуць мэтаў (мастацкай, палітычнай, журналісцкай – розных),
  • інфармацыйны.

«Кокан выжывання» абумоўлены вайною ва Украіне і рэпрэсіямі ў Беларусі.

«Гэтаму стрэсу немагчыма даць рады, таму людзі вымушаныя закрыцца ў гэтай шкарлупіне і працягваць неяк жыць. Кокан як псіхалагічнай траўма, чалавек сышоў у стан “замры”: ён нічога не хоча ведаць, ён нічога не хоча чуць», – растлумачыла Новікава.

Даследаванне «Інфармацыйныя коканы ўнутры Беларусі і за яе межамі».
Крыніца: Беларуская аналітычная майстэрня

Шмат якія беларусы абмяркоўваюць адчувальныя тэмы толькі ў атачэнні, якому давяраюць. Рэспандэнты прызнаваліся, што з некім, напрыклад, не размаўляюць пра вайну, з некім – палітыку, а з кімсьці наогул не стасуюцца. І ўсё гэта дзеля бяспекі.

Своеасаблівыя «мэтавыя коканы» ствараюцца для самарэалізацыі. «Гэта ўласціва маладзёнам, яны называюць гэта капсуламі, умоўна закрытымі клубамі, куды можна трапіць толькі з паролем, тады цябе пусцяць. Гэта моладзь, якая займаецца той музыкай, што ім падабаецца, але ім не даюць гастрольных пасведчанняў. Гэта дыгеры. То бок аб’яднанне ў нейкай суполцы як магчымасць самай рознай рэалізацыі: артыстычнай, мастацкай, журналісцкай і гэтак далей», – сказала Марына Новікава.

Самымі важнымі коканамі яна назвала інфармацыйныя. У іх жывуць:

  • патомна-лаяльныя,
  • людзі з актыўна пратэставымі поглядамі,
  • людзі, якія змянілі свае погляды пасля 2020 года,
  • «маленькія людзі», якія мяркуюць, што ад іх нічога не залежыць.

«Патомна-лаяльныя» беларусы нікуды не ездзяць, бо «удома і так добра».

«Мы не хочам ездзіць у Еўропу, мы маем лецішча, гарод, у нас усё добра ўдома, вырасцім бульбу вось сваю. У іх ніколі не было траўмаў з боку дзяржавы, яны ніколі не сутыкаліся з праблемамі з боку дзяржавы», – растлумачыла адмыслоўца.

Такія людзі ніколі не былі за мяжою, не ўяўляюць сабе сяброўства ў Еўразвязе, ведаюць толькі пра «Саюзную дзяржаву», звычайна жывуць нябедна. Адна з удзельніц даследавання ўпэўненая, што да такіх сем’яў «проста не даходзяць хвалі – хваля пратэстаў, хваля эканамічнага незадавальнення, хваля палітычнага незадавальнення».

Даследаванне «Інфармацыйныя коканы ўнутры Беларусі і за яе межамі».
Крыніца: Беларуская аналітычная майстэрня

Асобную катэгорыю складаюць асобы, якія змянілі свае погляды пасля сфальсіфікаваных выбараў і мірнай рэвалюцыі. «Сярод іх, мы з імі размаўлялі, ёсць былыя вайскоўцы, якія бралі ўдзел у падзеях 2020 года, чыноўнікі, людзі з дзяржаўных прадпрыемстваў. Яны змянілі свае погляды і мяркуюць, што падзеі, якія адбываюцца ў краіне, не супадаюць з ацэнкамі з’ехаўшых беларусаў», – апавяла экспертка.

«Маленькія людзі» кажуць, што ад іх нічога не залежыць, і ўпэўненыя, што сітуацыю патрэбна прыняць такой, якой яна ёсць. Але гэтыя асобы ўсё адно маюць светапогляд.

«Дзяўчына кажа, што, што б не адбывалася, яе проста паставяць перад фактам, але вельмі выразна вызначае, чаму яна схільная да Еўразвязу. Або маладзён кажа, што ад яго нічога не залежыць, аднак калі яго пытаюць “а раптам пачнецца вайна на тэрыторыі Беларусі?”, ён кажа: “Сяду ў турму, аднак ніколі не буду ваяваць супраць сваёй краіны, ніколі не перайду на бок Расеі”. І пры гэтым ён казаў, што ён – “маленькі чалавек”», – адзначыла Новікава.

Даследаванне «Інфармацыйныя коканы ўнутры Беларусі і за яе межамі».
Крыніца: Беларуская аналітычная майстэрня

Сацыёлагі вылучылі тры прычыны таго, чаму беларусы ў розных «шкарлупінах» па-рознаму ацэньваюць рэчаіснасць:

  • «захрасанне» у 2020 годзе – і гэта адзіная магчымасць захаваць нацыянальную ідэнтычнасць,
  • натуральная адарванасць ад беларускай павесткі,
  • нежаданне прызнаваць новую рэальнасць.

І вось тут пачынаецца самае балючае: непаразуменне паміж тымі, хто з’ехаў, і тымі, хто застаўся.

Адна рэспандэнтка прызналася, што ёй цяжка і непрыемна мець зносіны з актыўнымі ўдзельнікамі пратэстаў: «Кожны з іх успамінае, колькі і як ён быў збіты».

«Адрыў ад рэальнасці звязаны ў тым ліку з чытаннем недзяржаўных медыяў, з натуральным адрывам: калі асоба з’язджае, яна дыхае іншым паветрам. Аднак самае галоўнае: з’ехаўшыя даюць даволі жорсткія крытычныя адзнакі ў дачыненні тых, хто застаўся», – канстатавала дырэктарка Беларускай аналітычнай майстэрні.

Даследаванне «Інфармацыйныя коканы ўнутры Беларусі і за яе межамі».
Крыніца: Беларуская аналітычная майстэрня

Іншы рэспандэнт заявіў, што ў эміграцыі ўспрымаў жыццё ў Беларусі паводле навінавых загалоўкаў і падавалася, што «усё кепска». «А як вярнуўся ў Беларусь, сказаў: а жыццё, уласна, працягваецца», – заўважыла экспертка.

Даследаванне «Інфармацыйныя коканы ўнутры Беларусі і за яе межамі».
Крыніца: Беларуская аналітычная майстэрня

Часта праз такое неразуменне таго, што насамрэч адбываецца ў Беларусі, людзі страчваюць сувязі.

Даследаванне «Інфармацыйныя коканы ўнутры Беларусі і за яе межамі».
Крыніца: Беларуская аналітычная майстэрня

А ў Беларусі, як сведчаць тыя хто застаўся, насамрэч жыццё не спынілася. «Вы можаце казаць, што ўсё закатана ў асфальт, аднак ён усё адно трэскаецца, праз яго прарастае трава. І каб разумець, што гэтая трава прарасла, трэба знаходзіцца там», – адзначыла Новікава.

Даследаванне «Інфармацыйныя коканы ўнутры Беларусі і за яе межамі».
Крыніца: Беларуская аналітычная майстэрня

Разрыву паміж беларусамі па розныя бакі мяжы спрыяюць абвінавачванні на адрас тых, хто застаўся на радзіме. Гэта моцна крыўдзіць і абурае.

Даследаванне «Інфармацыйныя коканы ўнутры Беларусі і за яе межамі».
Крыніца: Беларуская аналітычная майстэрня

Адна рэспандэнтка падзялілася сапраўдным крыкам душы: маўляў, пакінулі нас «гаўно мясіць», а самі прыгожыя і выдатныя вернецеся са сцягамі. Гэтая жанчына раней выступала за хаўрус з Расеяй, аднак змяніла погляды з увагі на вайну. На пытанне, як яна ратуе Беларусь, застаўшыся, апавяла пра леташнія сустрэчы з кандыдатамі ў мясцовыя Саветы. Жанчына намагалася да іх данесці, што не ўсе законы ў Беларусі працуюць. У яе за наркотыкі сядзіць дзіця, і разам з іншымі маці яна спрабуе дабіцца зменаў у заканадаўстве.

Даследаванне «Інфармацыйныя коканы ўнутры Беларусі і за яе межамі».
Крыніца: Беларуская аналітычная майстэрня

Марына Новікава канстатавала: у Беларусі паўстае новая рэальнасць. І ў доказ гэтага прывяла некалькі прыкладаў з інтэрв’ю з рэспандэнтамі. Адная жанчына важнай леташняй падзеяй назвала «узмацненне патрыятычнага выхавання».

«Іншая рэспандэнтка кажа пра тое, што два разы на месяц мусіць ладзіць імпрэзы, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайною. Мае прыклады, калі рэспандэнты кажуць, што менавіта на месцах, не заўсёды ў сталіцы, чыноўнікі, якія рупяцца аб дабрабыце свайго гораду, хочуць, каб у іх працаваў прыватны тэатр. Так, у Беларусі з’яўляюцца прыватныя тэатры!» – апавяла адмыслоўца.

Кіраўнік адной ініцыятывы сказаў, што нават у самыя цяжкія часы зладзіў больш за 50 самых розных імпрэзаў (гэта з канца 2020 года): майстар-класаў, канцэртаў, прэзентацыяў кніг. «І гэта зрабілі мы, маленькія засранцы», – падкрэсліў суразмоўца сацыёлагаў.

Гэта і ёсць новая нармальнасць. І яна паўстае ва ўмовах перакручвання гаек.

Даследаванне «Інфармацыйныя коканы ўнутры Беларусі і за яе межамі».
Крыніца: Беларуская аналітычная майстэрня

«Вільнятэрапія»

У сваёй частцы прэзентацыі Беларускай аналітычнай майстэрні доктар сацыялагічных навук, прафесар Андрэй Вардамацкі апавёў пра «вільнятэрапію». Ён раскрыў вынікі даследавання пра тое, як пачуваюцца беларусы ў Літве. Калі коратка: паміж удзячнасцю і дыскамфортам.

«Першая тэза, першая тэма, што заўсёды ўсплывала ў пачатку размовы з кожнай групай, – гэта ўдзячнасць беларусаў Літве, свежае паветра свабоды і гэтак далей. Дарэчы, было прапанаванае спецыфічна беларускае вызначэнне свабоды. Ва ўсіх падручніках паліталогіі пішуць пра свабоду выбару, свабоду спажывання інфармацыі. Беларуская дэфініцыя свабоды – магчымасць ісці па вуліцы з тэлефонам і не баяцца гэтага», – сказаў Вардамацкі.

Палітычныя погляды беларусаў у Літве вызначаліся паводле чатырох індыкатараў, і выявілася, што дыяспара – маналітная светапоглядная структура: супраць Лукашэнкі і вайны, прадэмакратычныя і праеўрапейскія.

Мітынг салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі на Катэдральнай плошчы Вільні з нагоды Дня палітвязня. Вільня, Літва. 21 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

«Пры гэтым існуе вялікая розніца паміж беларусамі, якія прыехалі пасля 2020 года і якія пераехалі раней або жылі там яшчэ за савецкім часам. Гэтая частка беларусаў можа мець прасавецкія арыентацыі, роўна як і сярод самых літоўцаў», – зазначыў прафесар.

Удзельнікі даследавання раскрылі прычыны эміграцыі. Хтосьці з’ехаў пасля таго, як зазнаў пераслед, хтосьці – калі баяўся рэпрэсіяў. Палітычны чыннік сацыёлагі выявілі і ў эканамічнай эміграцыі. Рэспандэнты адказвалі: «Не хачу працаваць на цара», «Я хачу зарабляць грошы, аднак гэта не мусіць выглядаць так, што дзяржава робіць мне падарунак», «Не хачу быць расходным матэрыялам для дзяржавы».

Што датычыць вяртання на радзіму, то для гэтага не абавязкова, каб «змяніўся рэжым», падкрэсліў сацыёлаг:

«Людзі кажуць пра тое, што вяртацца можна нават тады, калі асоба ўбачыць, што зможа ўзяць удзел у нейкім змаганні, калі будзе хоць нейкая магчымасць на роўных быць гульцом».

Рэпартаж
Колькі беларусаў за незалежнасць, колькі за Лукашэнку, колькі чакае пераменаў – і што рабіць
2023.11.17 06:00

Рэспандэнты таксама растлумачылі, чаму выбралі менавіта Літву новым домам:

  • блізкасць, падобнасць Літвы да Беларусі: культурнае, гістарычнае, геаграфічнае, нават падобнасць прыроды;
  • багата сяброў у Літве,
  • ранейшыя паездкі ў Літву,
  • веданне геаграфіі, месцаў, адметнасцяў Літвы.

Дыяспара падзялілася на тры групы: тыя, хто пераехаў, але сэрцам застаўся ў Беларусі, натуральны варыянт «50 на 50» і трэці – «усе эмоцыі пераехалі ў Літву»:

«Трэці варыянт самы цікавы. Ён мае зусім іншы сэнс. Гэта не азначае, што асоба пагрузілася ў новых сяброў, новую працу, новыя сувязі і гэтак далей. А азначае, што людзі, якія былі галоўнай рэферэнтнай групаю ў Беларусі, таксама перахалі. То бок “мой кавалачак Беларусі пераехаў сюды”».

Даследаванне таксама паказала, што беларусы цвяроза ставяцца да напружанасці ў Літве, звязанай з вайною, разумеюць, чаму іх ставяць у адзін шэраг з расейцамі, паведаміў адмысловец.

Агляд
Шантаж, ядравая зброя і ліцвінізм. Спецслужбы Літвы бачаць пагрозы ў Беларусі і беларусах
2024.03.11 11:00

На завяршэнне Андрэй Вардамацкі папярэдзіў пра наступствы спрэчных крокаў Літвы, што датычаць мінання мяжы, магчымасцяў атрымаць візу, легалізацыі. Прафесар заявіў, што ад такіх перашкодаў выйграе толькі Расея і «афіцыйныя беларускія ўлады»:

«Працяг такіх напружанасцяў сфармуе ў беларускай масавай свядомасці некаторае нядобразычлівае стаўленне да Літвы. Праблема ў тым, што калі яно аднойчы будзе сфармаванае, то гэта на доўгі час. Палітычныя рэжымы жывуць па-рознаму, могуць хутка мяняцца. А вось структуры масавай свядомасці важкія: аднойчы сфармаваўшыся, яны будуць існаваць дзесяцігоддзямі».

І менавіта гэта супярэчыць нацыянальным інтарэсам Літвы і ейнай бяспекі, падсумаваў Вардамацкі.

Інтэрв’ю
Змены ў беларускім грамадстве шакавалі рэжым Лукашэнкі. Інтэрв’ю з Андрэем Вардамацкім
2023.08.28 16:00

Сцяпан Кубік belsat.eu