«Я шчаслівы чалавек. Нічога не канчаецца». Андрэй Аляксандраў напісаў ліст напярэдадні суда


Сёння ў Менску распачынаецца судовае паседжанне ў «справе БелаПАНу». На лаве падсудных – знаны медыйны менеджар Андрэй Аляксандраў, якога вінавацяць у тым ліку ў здрадзе дзяржаве. Напярэдадні суда журналіст даслаў ліст з-за кратаў, які ніжэй публікуе «Белсат».

Андрэй Аляксандраў.
Фота: Andrei Aliaksandrau / Facebook

Дарагія сябры, вось ужо чацвёрты месяц з моманту выстаўлення мне канчатковага абвінавачання. Я фактычна не атрымліваю лістоў і не ведаю, ці даходзяць мае лісты тым, каму я працягваю рэгулярна пісаць. Больш-менш стабільная паштовая сувязь застаецца толькі з бацькамі.

Але ад рэдкіх, якія не збіліся са шляху, паштовых галубоў, з рэгулярных пасылках і смачных перадачаў ведаю і адчуваю вашую падтрымку, за якую нязменна ўдзячны.

Я ведаю, што шмат хто з сяброў і калегаў збіраўся наведаць мяне ў судзе, пасяджэнні якога ў нашай справе пачынаюцца шостага чэрвеня, але суд над намі будзе закрытым «у мэтах захавання таямніцы, якая ахоўваецца законам».

Што гэта за таямніца, я пакуль сам не ў курсе, ужо вельмі яна добра захоўваецца, а я прабыў у СІЗА пад следствам нават менш за паўтара года, адкуль мне ведаць.

Магчыма, таямніца ў тым, што людзі, якіх будуць судзіць, ні ў чым не вінаватыя; прынамсі я не прызнаю сябе вінаватым у тым, у чым мяне абвінавачваюць. На суд еду без лішніх ілюзіяў, затое з чыстым сумленнем і нават з прыемным хваляваннем: нарэшце ўбачу дарагіх мне людзей; шкада, вядома, што ўбачу іх на лаве падсудных, але гэта сёння папулярнае месца сустрэчы добрых людзей; а буду я на гэтым месцы побач з добрымі людзьмі, сяброўствам з якімі ганаруся.

Ірына Леўшына – чалавек з добрым сэрцам і жалезнымі прынцыпамі, суперрэдактар, профі найвышэйшага ўзроўню. Дзіма Наважылаў – выключна прыстойны, паслужлівы, спагадлівы і гатовы прыйсці на дапамогу (яшчэ адна ягоная бясспрэчная добрая якасць – ён заўзятар «Лівэрпулу»). І Іра Злобіна – чалавек з самым неверагодным спалучэннем дабрыні, розуму і прыгажосці ўва ўсіх яе праявах, якое я толькі сустракаў у жыцці.

Я шчаслівы чалавек. Толькі рэальны шчасліўчык мог трапіць у такую годную кампанію. Толькі рэальны шчасліўчык мог займець у сябры ўсіх вас – суграмадзянаў, калегаў, добрых і прыстойных людзей. Дзякуй вам за ўсю вашую цеплыню, салідарнасць і падтрымку! З імі я адчуваю сябе абсалютна спакойна і ўпэўнена. Шкада, што я не магу асабіста павіншаваць маці з днём ейных народзінаў, які яна будзе днямі адзначаць. Але мы ўсё абавязкова нагонім. Жыццё працягваецца. Мы працягваемся. Гісторыя – нашая гісторыя – працягвае свой рух. Нічога не канчаецца.

Пішам далей. Абдымаю.

Аляксандраў.

Артыкулы
Пачынаецца суд над белапанаўцамі. Што вядома пра справу і абвінавачваных?
2022.06.06 08:30

Нагадаем, што Андрэя Аляксандрава затрымалі 12 студзеня 2021 года. Яго абвінавацілі ў рыхтаванні ў перыяд з 14 жніўня 2020 года да 12 студзеня 2021 года не менш за 260 асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак. Такім рыхтаваннем пракуратура палічыла аплату штрафаў і паслуг адвакатаў затрыманым падчас акцыяў пратэсту ўлетку і ўвосень 2020 года. МУС сцвярджае, што Андрэй Аляксандраў з 22 жніўня да 9 лістапада 2020 года аплаціў 250 штрафаў і такім чынам перадаў 4 мільёны долараў рэпрэсаваным ад фонду «By_Help».

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў