«NYT»: Байдэн не мае добрага варыянту зніжэння коштаў на нафту


Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Джо Байдэна імкнецца паўплываць на зніжэнне коштаў на нафту. Пра гэта сведчыць працоўны візіт у Саудаўскую Аравію, паведамляе «New York Times». Таксама ходзяць чуткі пра перамовы з Венесуэлаю пра аднаўленне паставак нафтапрадуктаў у Еўропу.

Президент США Джо Байден в Варшаве
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. Варшава, Польшча. 26 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Біл Рычардсан, міністр энергетыкі ў адміністрацыі Клінтана, пракаментаваў спробы Байдэна знізіць кошты на рынку:

«На жаль, ёсць толькі дрэнныя варыянты. І любыя альтэрнатыўныя варыянты напэўна горшыя, чымся прасіць саўдытаў павялічыць здабычу».

Дзве іншыя краіны, якія маглі б павялічыць здабычу нафты, – Іран і Венесуэла – даўнія праціўнікі ЗША. Заходнія санкцыі ў значнай ступені адрэзалі іх ад сусветнага рынку. Заключэнне любога пагаднення з іх лідарамі без забеспячэння сурʼёзных саступак у такіх пытаннях, як ядравае ўзбагачэнне і дэмакратычныя рэформы, было б палітычна рызыкоўным для Байдэна. Большасць рэспубліканцаў і нават некаторыя дэмакраты выступаюць супраць кампрамісаў з лідарамі гэтых краінаў.

Таксама варта адзначыць, што Саудаўская Аравія, якая мае вялікі патэнцыял здабычы, не магла б самастойна хутка зменшыць кошты. Гэта звязана з тым, што вытворчасць Расеі скарачаецца і можа ўпасці яшчэ больш, бо еўрапейскія краіны скарачаюць свае закупы.

Саудаўская Аравія гатовая павялічыць здабычу нафты, калі здабыча ў Расеі істотна ўпадзе ў выніку накладзеных на яе санкцыяў. У ліпені Байдэн павінен сустрэцца з фактычным кіраўніком Саудаўскай Аравіі.

Агенцтва «Reuters» паведамляе, што ЗША можа даць дазвол італьянскай кампаніі «Eni SpA» ды іспанскай «Repsol SA» на пастаўку нафты з Венесуэлы ў Еўропу. Магчыма, гэта адбудзецца ўжо ў ліпені і дапаможа скампенсаваць расейскую нафту.

Hавiны
Кіраўніца Еўракамісіі: ЕЗ вымушаны закупляць расейскую нафту, каб Пуцін не зарабіў больш, прадаючы яе іншым
2022.05.28 23:34

Нагадаем, што ў канцы траўня Еўразвяз увёў шосты пакет санкцыяў супраць Расеі. Паводле дамовы ўнутры ЕЗ, еўрапейскія краіны зменшаць да канца года пастаўкі расейскай нафты на 90 %.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў