У Расею дамовіліся паставіць 128 самазвалаў БЕЛАЗ на суму $ 260 млн


Аднак магчыма, што не наўпрост, а праз дылераў, адзін з якіх звязаны з Дзмітрыем Лукашэнкам.

Людзі фатаграфуюцца каля самазвалу БелАЗа на аўтазаводзе ў Жодзіне. 27 жніўня 2019 года.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

На выставе «Вугаль Расеі і майнінг» беларускі завод БЕЛАЗ разам з расейскімі кампаніямі-дылерамі «Гандлёвы дом БЕЛАЗ» і «БЕЛАЗ-24» дамовілася на пастаўкі расейскім кампаніям 128 самазвалаў БЕЛАЗ грузападымальнасцю ад 55 да 220 тонаў на суму звыш 260 млн долараў, піша «БелТА». Падпісалі таксама дамову на пастаўкі абсталявання для ўсталёўкі на самазвалы газадызельных рухавікоў.

Пры тым, што ў перамовах удзельнічаў сам БЕЛАЗ, згадваюцца і дылеры – з афіцыйнага паведамлення незразумела, якая частка грошай пойдзе заводу, а якая дылерам. Ні сам завод, ні дылеры пра гэта не паведамляюць.

Кампанію «Гандлёвы дом БЕЛАЗ» звязваюць з Дзмітрыем Лукашэнкам – сярэднім сынам Аляксандра Лукашэнкі. «Прэзідэнцкі спартовы клуб», які ўзначальвае Дзмітрый Лукашэнка, валодае 30% у «Гандлёвым доме БЕЛАЗ».

Як справы ў БЕЛАЗа?

Паводле афіцыйных прэс-рэлізаў, справы ў заводу цяпер ідуць добра: за першы квартал 2021 года вытворчасць вырасла на 69,2% да таго ж перыяду 2020 года, адгрузілі 62 адзінкі тэхнікі, 93,4% прадукцыі ідзе на знешнія рынкі (89,1% у Расею). На 2021 год БЕЛАЗ плануе паставіць за мяжу прадукцыю на 428 млн долараў і ўдвая павялічыць пастаўкі ў Расею. Пры тым кампанія разлічвала і павялічыць на 26,8% пастаўкі ў краіны Еўразвязу.

Аднак у фінансавай справаздачы навіны кепскія: за 2020 год чысты прыбытак склаў усяго 30,8 млн беларускіх рублёў, хоць годам раней складаў 265,6 млн. Пры тым выручка ад рэалізацыі складала ў 2020 годзе аж 1 млрд рублёў, а прыбытак ад рэалізацыі – 195,25 млн рублёў. На канец году БЕЛАЗ быў вінны 313 млн рублёў у крэдытах і пазыках.

АА belsat.eu

Стужка навінаў