На форме футбольнай зборнай Украіны намалявалі межы Украіны. Расея абурылася


Справа ў анексаваным Расеяй украінскім Крыме: расейскія палітыкі лічаць, што Украіне нельга маляваць Крым на сваёй мапе.

Днём 6 чэрвеня Федэрацыя футболу Украіны прадставіла новую форму нацыянальнай зборнай: камплекты жоўтага, сіняга і белага колеру. На футболках – межы Украіны, надпісы «Слава Україні» і «Героям слава». У гэтай форме зборная мусіць гуляць на Чэмпіянаце Еўропы.

Мяркуючы па каментарах у сацыяльных сетках, шматлікім украінцам новая форма спадабалася. Аднак яна выклікала абурэнне ў Расеі: украінцы пасмелі намаляваць на мапе Украіны акупаваны Расеяй Крым.

Прэзідэнт Футбольнага саюзу акупаванага Крыму паабяцаў «спытаць УЕФА» пра стаўленне да формы зборнай Украіны. Прэс-сакратарка Міністэрства замежных справаў Расеі назвала «адчайнай акцыяй» выяву Крыму на мапе Украіны. Тры сенатары расейскага Савету Федэрацыі раскрытыкавалі форму: адзін назваў гэта «палітычнай правакацыяй», другі назваў «нацысцкімі» лозунгі «Слава Україні» і «Героям слава», трэці назваў «пустой задумай» тое, што «Украіна з усяго робіць палітыку». Віцэ-спікер Дзяржаўнага савету Крыму (які ўтварыўся пасля «абвяшчэння незалежнасці» Крыму – за дзень да таго, як Расея абвясціла аб далучэнні Крыму) заявіў, што арганізатары спаборніцтваў не павінны дапускаць, каб футбалісты выходзілі на поле ў такой форме.

Расея акупавала ўкраінскі Крым у сакавіку 2014 году. У прысутнасці ўзброеных «зялёных чалавечкаў» (якіх Уладзімір Пуцін спачатку называў «не сваімі», але пазней прызнаў расейскімі вайскоўцамі) быў праведзены «рэферэндум», законнасць якога адмовіліся прызнаць Украіна і большасць краінаў свету. Крым прызналі расейскім Афганістан, Венесуэла, Куба, Нікарагуа, Сірыя, Судан і Паўночная Карэя.

Аляксандр Лукашэнка і беларускае Міністэрства замежных справаў не прызнаюць Крым ні расейскім, ні ўкраінскім. Ён заяўляў, што «Украіна мусіць заставацца адзінай, непадзельнай і цэласнай, але Крым дэ-факта сёння – частка Расеі». МЗС і дыпламаты пазней заяўлялі, што пазіцыя Беларусі па Крыме «не змянілася», але не казалі, якой яна была.

Ды ў пачатку чэрвеня 2021 года Лукашэнка заявіў, што Беларусь і Расея прапрацуюць пытанне аб адкрыцці рэйсаў у Крым, і дадаў, што асабіста папрасіў аб гэтым Пуціна. Ён таксама заявіў, што не супраць таго, каб у Беларусь апытаць затрыманага журналіста Рамана Пратасевіча прыехалі прадстаўнікі «пракуратуры ЛНР». МЗС Украіны пагражае санкцыямі, калі хаця б адзін беларускі самалёт паляціць у Крым і абяцае «неадкладна дзейнічаць» супраць спробаў усталяваць кантакты з «ЛНР» ці «ДНР», якія ва Украіне лічаць тэрарыстычнымі.

АА belsat.eu

Стужка навінаў