У Гомлі супрацоўнікаў дзяржаўнага радыё асудзілі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў


Чатырох супрацоўнікаў гомельскага радыё затрымалі на працоўных месцах у пятніцу, 5 траўня, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна». У той жа дзень над імі прайшлі суды.

Жанна Мініна, супрацоўніца гомельскага дзяржаўнага радыё.
Фота: Флагшток/Telegram

Затрыманыя – рэдактар і журналіст Сяргей Краснабарод, вядоўцы Жанна Мініна і Анастасія Грыцэнка, гукарэжысёр Арцём Васількоў.

Усіх чацвярых абвінавацілі паводле ч.2 арт.19.11 КаАП РБ («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Справы разглядалі суддзі суду Цэнтральнага раёну Гомля: Сяргей Сакалоўскі, Віктар Казачок, Сяргей Кармановіч, Алеся Осіпава.

Рэдактара і журналіста Сяргея Краснабарода пакаралі 15 соднямі арышту за падпіску на «экстрэмісцкі» тэлеграм-канал. Мужчына цяпер знаходзіцца ў мясцовым ІЧУ. Лёс астатніх затрыманых пакуль невядомы.

Сяргей Краснабарод.
Фота: onliner.by

Гомельскі сайт «Флагшток» зазначае, што адна з затрыманых, Жанна Мініна, вядомая сваімі прапагандысцкімі матэрыяламі і тым, што называла гучныя навіны ў незалежных медыях фэйкамі. У пачатку 2022 года Мініна працавала на канале Гомельскага гарвыканкаму. У тым жа годзе стала вядоўцай на рэгіянальным гомельскім канале Беларусь 4.

Профілі супрацоўнікаў ужо выдаленыя з сайту дзяржаўнага радыё.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў