У Менску вынеслі прысуд дзяўчыне з перадавіцы «Камсамолкі»


Суд Маскоўскага раёна Менску пакараў палітзняволеных Веру Цвікевіч і Насту Кухараву за ўдзел у мірных пратэстах 2020 году. Пра гэта паведамляе ПЦ «Вясна».

24-гадовую Насту Кухараву затрымалі 31 студзеня 2022 года. ГУБАЗіК схапіў яе наўпрост на чыгуначным вакзале, калі тая вярталася з маскоўскіх вакацыяў у Менск. Спачатку дзяўчыну збілі, каб тая дала пароль ад тэлефона, а потым ачарнілі ў «пакаяльным» відэа. Насту затрымалі нібыта за перакрыцце дарог на адным з нядзельных маршаў, які праходзіў у жніўні 2020 года.

29-гадовую Веру Цвікевіч затрымалі сёлета 27 студзеня – амаль праз паўтара года пасля выбараў-2020. Яна грамадзянка Расеі з беларускім відам на жыхарства. У жніўні 2020-га дзяўчына стала знакамітай: здымак, дзе яна падчас мірнага маршу ў прыгожай чырвонай сукенцы і з кветкамі ў руках сядзіць на металічнай агароджы ля стэлы «Менск – горад-герой», якую ахоўваюць сілавікі ў касках, трапіў на вокладку беларускай «Камсамолкі».

Перадавіца газеты «Камсамольская праўда ў Беларусі». На фота ў чырвонай сукенцы – Вера Цвікевіч.
Фота: «Вясна» / Telegram

Але афіцыйна Веру Цвікевіч затрымалі праз падазрэнне ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх». «Доказам» следства прапанавала лічыць фотаздымак, на якім Вера разам і іншымі дзяўчынамі, у тым ліку і з Настай Кухаравай, ідзе ў адным шэрагу падчас мірнай акцыі пратэсту.

6 траўня суд Маскоўскага раёна Менску прызнаў абедзвюх палітзняволеных вінаватымі ў здзяйсненні злачынстваў паводле ч.1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Насту Кухараву пакаралі трыма гадамі «хатняй хіміі» і вызвалілі ў залі суда. Веры Цвікевіч прысудзілі адзін год калоніі з адбыццём пакарання ва ўмовах агульнага рэжыму.

Вырак вынесла суддзя Вольга Малашэнка.

Hавiны
Былую кіраўніцу цэнтру «Радзіслава» Вольгу Гарбунову асудзілі да трох гадоў «хатняй хіміі»
2022.05.06 13:58

РР belsat.eu

Стужка навінаў