Эксперты пра беларускую эканоміку: Штыль можа вельмі рэзка змяніцца бурай


Вайна ва Украіне цягнецца ўжо трэці месяц. Як яна ўплывае на эканоміку Беларусі, што думаюць пра сітуацыю беларускія прадпрымальнікі, якія працягваюць працаваць у краіне, і чаго варта чакаць далей?

Пра гэта падчас экспертнай дыскусіі, якую арганізавала платформа «Банк ідэяў», размаўлялі эканаміст, старэйшы навуковы работнік BEROC Зміцер Крук і былы беларускі бізнесовец Аляксандр Кныровіч.

Прыводзім галоўныя тэзісы іхных выступаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Балюча, але пакуль не так страшна, як прагназавалася

Вайна ва Украіне, несумненна, адбіваецца на Беларусі і яе эканоміцы, аднак пакуль адчувальнасць яе ўздзеяння не настолькі вялікая, як першапачаткова чакалі эканамісты.

Па выніках апытання беларускага бізнесу, адна з галоўных праблемаў з пункту гледжання вытворчасці – гэта транспартавыя пытанні, лагістычныя бар’еры, збой вытворчых ланцужкоў. Апошнія два месяцы ключавым пытаннем ёсць перабудова гэтых ланцужкоў і пераадольванне бар’ераў.

Гэтыя фактары ствараюць крызіс прапановы. Большасць эканамічных крызісаў, якія адбываліся за ўсю гісторыю ў свеце і Беларусі, звязаная з попытам – зменамі ў паводзінах спажыўцоў. Калі ж крызіс кранае паводзіны прадпрыемстваў як вытворцаў, яго наступствы заўсёды больш маштабныя і адчувальныя. Асаблівасць цяперашняга моманту ў тым, што ёсць вельмі сурʼёзнае ўздзеянне не толькі на попыт, але і прапанову. Таму гэты крызіс нясе за сабой вельмі глыбокае падзенне эканомікі.

Бізнес і эканоміка ў падвешаным стане

Цяпер эканоміка ў завіслым стане. Далейшая каляіна, якая будзе пракладзеная, яшчэ незразумелая і няясная, бо ў цяперашняй задачы шмат невядомых. Застаюцца пытанні, наколькі глыбокім і хуткім можа быць падзенне эканомікі. Варыянты адказу на іх адрозніваюцца колькасна і якасна.

Калі ўсе лагістычныя і транспартавыя праблемы будуць расці ўгару і не будзе знойдзена проціяддзя супраць іншых удараў, самым кепскім «каменем на дно» выглядае 20 % падзення ВУП, якое будзе суправаджацца поўнамаштабным фінансавым крызісам.

У людзей часта ўзнікаюць асацыяцыі з крызісам пачатку 1990-х. Аднак гэта не зусім так. Пры найгоршым сцэнары мы паводле ўзроўню даходаў і іншых паказнікаў вернемся ў 2007 год. Але падзенне ў бездань пакуль прытарможанае, і не факт, што мы ў яе ўпадзем. Эканамісты дапускаюць, што падзенне можа быць меншым і расцягнутым у часе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Адно з галоўных наступстваў любога крызісу – рост цэнаў. Зараз гэта добра адчуваюць на сабе спажыўцы, бізнес, вытворцы. Новыя лагістычныя і транспартавыя шляхі знойдзеныя, але яны дарагія, што адбіваецца ў выніку на кошце. Незалежна ад глыбіні падзення і далейшых сцэнароў, мінімум на працягу ўсяго года будзе назірацца высокая інфляцыя (каля 20 %).

Сусветныя прагнозы адносна беларускай эканомікі вельмі адрозніваюцца. Агенцтва «Fitch» прадказвае падзенне беларускага ВУП на 5 %, Сусветны банк – на 6,5 %, ёсць і іншыя прадказанні ў прамежку 8–12 %. Прычына ў тым, што эканамісты кепска могуць прадказаць, як працуе крызіс прапановы. Калі адзін шарыкападшыпнік, які складае долю адсотка ў кошце машыны, выпадзе з вытворчага ланцужку (напрыклад, яго немагчыма будзе дастаць у выніку санкцыяў), гэта можа спыніць вытворчасць і далейшы продаж цэлай машыны.

Чаго чакаць далей?

Беларусь разглядаецца як суагрэсар у вайне Расеі з Украінай. Таму адказам на гэта ёсць новыя санкцыі з боку Захаду. Але ў гэтым плане ўсё больш праходзіць лінія падзелу паміж Расеяй і Беларуссю. Рэжым Лукашэнкі ў апошнія месяцы асцярожна абазначыў сваё імкненне зноўку пасядзець на двух крэслах. Таму санкцыі, якія будуць агучаныя ў шостым пакеце, будуць, хутчэй за ўсё, рыкашэтам ад тых, што ўводзяцца супраць Расеі.

Скандынаўскія краіны дастаткова жорстка прытрымліваюцца пазіцыі няўдзелу бізнесу ў Беларусі. Краіны дальняга адносна Беларусі контуру – напрыклад, Італія, Іспанія – у прынцыпе не разглядаюць Беларусь як краіну, на якую трэба накладаць санкцыі і забараняць іх прадпрыемствам працаваць у нас. Блізкія да нас краіны (Літва, Польшча) на прадпрымальніцкім узроўні жадаюць працаваць у Беларусі, аддзяляюць прадпрымальнікаў ад рэжыму. Але ў іх шмат асцярогаў аб плацяжах, што грошы, якія прыходзяць з Беларусі, могуць быць проста замарожаныя як актывы рэжыму.

Вельмі адчувальным ударам будзе нарастанне спаду эканомікі ў Расеі. Калі там пачнецца глыбокі эканамічны рэгрэс – а ён пачнецца, – гэта хутка адчуе на сабе і Беларусь, і адчуванне прымальнасці сітуацыі хутка знікне.

Ад’езд IT-адмыслоўцаў з Беларусі не адбыўся імгненна. Ён адбываецца паступова, галіна звужаецца, а яна ўжо вельмі важная для беларускай эканомікі – у 2020 годзе яна прыносіла ў бюджэт больш за гандаль. ІТ-сектар вырас настолькі, што ён для дзяржавы важнейшы за сельскую гаспадарку і будаўніцтва. У гэтай сферы людзі ёсць вытворчымі актывамі, і ад’езд 30 тысяч айцішнікаў можа выліцца ў падзенне даходаў умоўна на мільярд. Гэта значная лічба.

Інерцыя, якая зададзеная, нават без генерацыі новых санкцыяў, удараў, можа ў пэўны момант сама па сабе спараджаць новыя выбухі і змены. Калі да нашай сітуацыі дададуцца новыя санкцыі або сусветны крызіс, а эксперты ўжо кажуць пра будучую рэцэсію ў глабальнай эканоміцы, гэта стане дадатковым каталізатарам.

У Беларусі назіраецца крызіс і стан эканамічнай недаразвітасці апошнія 10 гадоў. За гэты час мы павінныя былі стаць удвая багацейшымі. Замест гэтага мы боўтаемся на адным месцы і разважаем пра тое, як захаваць заробак 500 долараў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

З 2016 года існуе вельмі вялікі пазыковы навес, гэта ахілесава пята эканомікі Беларусі. Увесь гэты час улады намагаліся замарозіць сітуацыю і купіраваць некаторыя праблемы. Гэтая сістэмная праблема таксама можа даць аб сабе знаць. Дзе мы цяпер паводле гэтых паказнікаў, цяжка сказаць – паўгода ўся статыстыка засакрэчаная.

Эканоміку Беларусі чакаюць структурны рэгрэс, сцісканне і дэзарганізацыя. Але ўсё будзе залежаць ад часу, колькі такі стан працягнецца. Пакуль змены ў эканоміцы абарачальныя. Калі гэтая сітуацыя зацягнецца на паўгода-год, працягнецца сцісканне эканомікі, сыход бізнесу, страта важных галінаў, тэхналогіяў – добрых варыянтаў у такіх выпадках няма.

Заходнія краіны цяпер дакладна артыкулююць, што падзяляюць беларускую ўладу і народ. Гэта важны задзел на будучыню. Пасля вайны Беларусь будзе ў стане пасляваеннай Японіі ці Заходняй Нямеччыны. З аднаго боку, краіна зазнала паразу ў вайне, да яе прымененыя санкцыі; з іншага боку, на дварэ не ХІХ стагоддзе, і кантрыбуцыяў з Беларусі ніхто патрабаваць не будзе, калі, вядома, у краіне адбудуцца палітычныя змены.

Такім чынам, развіццё сітуацыі можа некаторы час ісці штылем, а затым вельмі рэзка змяніцца бурай. Усё можа змяніцца вельмі хутка і задаць зусім іншы трэк.

Калі звычайны беларус адчуе на сабе праблемы ў эканоміцы?

Тут мы маем справу нават не з эканомікай, а псіхалогіяй. Беларусы выхаваныя на тым, што ў эканоміцы заўсёды адбываецца нешта не тое. Перабудова 1989 года, час, калі сапраўды зніклі ўсе тавары, адбылася гіперінфляцыя. Пасля крызіс 1998 года ў Расеі, які перакінуўся на нас. Пасля 2009–2011, 2015 год. Таму беларусы ўспрымаюць нейкія эканамічныя ўдары як норму. Беларус не жыў у стане эканамічнай стабільнасці.

Галечы не будзе, бо прынцыпова на іншым узроўні развіцця цяпер глабальная эканоміка. Голад у цэнтральнай краіне Еўропы нават пры катастрафічным сцэнары дапусціць вельмі складана. Зрабіць Венесуэлу ў самым цэнтры Еўропы – гэта трэба пастарацца. Праўда, не будзем у гэтым сэнсе недаацэньваць таленты беларускіх чыноўнікаў.

Hавiны
Золатавалютныя рэзервы Беларусі выраслі на $ 190 млн
2022.05.06 11:56

СП belsat.eu

Стужка навінаў