Менчука асудзілі на тры гады «хіміі» за два ўдары па відэакамеры


У судзе Першамайскага раёну Менску 6 траўня абвесцілі вырак у крымінальнай справе супраць Яўгена Рапіна. Праваабарончы цэнтр «Вясна» перадае, што яго прызналі вінаватым у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і асудзілі на тры гады абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу.

Людзі збіваюць камеру назірання перад ізалятарам на Акрэсціна ў Менску, 4 кастрычніка 2020 года. Чырвоным абведзены Яўген Рапін.
Фота: sk.gov.by

Абвінавачаны цалкам прызнаў віну і пакаяўся, але прасіў даць яму шанец выправіцца на волі. Яўген Рапін застаецца на волі да таго, як вырак набудзе законную моц. Справу разглядаў суддзя Максім Тарасевіч, які прысудзіў роўна тое, пра што прасіла абвінаваўца Тамара Зубко.

Паводле абвінавачвання, падчас «несанкцыянаванай акцыі пратэсту» 4 кастрычніка Рапін «у стане алкагольнага ап’янення для выказвання сваіх палітычных поглядаў далучыўся да групы грамадзянаў, публічна выкрыкваў лозунгі, гучна пляскаў рукамі, неаднаразова адмовіўся выканаць патрабаванні работнікаў аховы правапарадку, наўмысна перашкаджаў руху транспарту». Таксама ён нанёс два ўдары па вонкавай камеры назірання ізалятару часовага ўтрымання на Акрэсціна. Пры гэтым на камеры пашкоджанняў не засталося.

Пазней будзе асобна разглядацца ў грамадзянскім парадку пазоў «Менсктрансу»: арганізацыя патрабуе ад Рапіна кампенсацыю матэрыяльнай шкоды за марш пратэсту.

Яўген Рапін працаваў на рынку ў Ждановічах грузчыкам, жанаты, бацька траіх малых дзяцей, малодшы нарадзіўся ў красавіку.

АА belsat.eu

Стужка навінаў