Такаеў: У Казахстане наймацнейшая паводка за 80 гадоў


Прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў 6 красавіка звярнуўся да народу краіны ў сувязі з цяжкай сітуацыяй з прычыны паводак. Надзвычайнае становішча абвешчанае ў 10 з 17 вобласцяў краіны.

Прэзідэнт Казахстану Касым-Жомарт Такаеў.
Фота: akorda.kz

«Адбылася прыродная катастрофа, роўнай якой не было шмат гадоў. Магчыма, гэтае самае буйное бедства паводле сваіх маштабаў і наступстваў за апошнія 80 з гакам гадоў», – сказаў прэзідэнт Казахстану.

Паводле яго, рэжым надзвычайнага становішча аб’яўлены ў дзесяці рэгіёнах краіны (Абайскай, Акмалінскай, Акцюбінскай, Атыраўскай, Заходне-Казахстанскай, Карагандзінскай, Кастанайскай, Паўладарскай, Паўночна-Казахстанскай і Улытаўскай вобласцях).

Створаны Рэспубліканскі штаб на чале з прэмʼер-міністрам. Касым-Жамарт Такаеў паабяцаў, што ўсім пацярпелым будзе аказана матэрыяльная дапамога, шкода будзе кампенсаваная дзяржавай.

«Галоўнае – не дапусціць чалавечых ахвяраў», – сказаў ён.

Паводле звестак МНС Казахстану, з пачатку паводкі ў Акмалінскай, Акцюбінскай, Атыраўскай, Кастанайскай, Паўладарскай, Паўночна-Казахстанскай вобласцях застаюцца падтопленымі 3171 прыватных жылых дамоў і 179 дваровых тэрыторыяў. Выратавана і эвакуявана 46755 асобаў, з іх 14589 дзяцей. У аварыйна-выратавальных працах задзейнічана звыш 8,6 тыс. асобаў.

Моцная паводка назіраецца і ў суседняй з Казахстанам Арэнбургскай вобласці Расеі. Там, у горадзе Орск, 5 красавіка прарвала дамбу на рацэ Урал. Вядома пра трох загінулых.

ВІДЭА
У расейскім Орску прарвала дамбу. Горад (і не толькі) сыходзіць пад ваду, ёсць загінулыя
2024.04.06 10:55

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў