Сітуацыя ва Украіне: ініцыятыва расейцаў і лакальныя прасоўванні па фронце


«Белсат» падводзіць вынікі 773-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 6 красавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Шматпавярховы дом, пашкоджаны ў выніку атакі войскаў РФ. Харкаў, Украіна, 6 красавіка 2024 г.
Фота: Madiyevskyy Vyacheslav/Ukrinform / Abaca Press / Forum

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што цягам апошніх содняў расейцы атакавалі каля населеных пунктаў Церны і Спірнае на поўначы Данецкай вобласці, але поспеху не дасягнулі.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» удакладняе, што толькі за раніцу 6 красавіка пад Цернамі ЗСУ знішчылі не менш за шэсць адзінак тэхнікі праціўніка.

Між тым канал «Два майора» сцвярджае, што войскі РФ прасунуліся да ўскрайкаў сяла. Нагадаем, што раней іншыя прарасейскія крыніцы заяўлялі пра заход УС РФ у самыя Церны, але пацверджанняў поспехаў Узброеных сілаў РФ на гэтым участку фронту па-ранейшаму няма.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы правялі шэраг безвыніковых атак ў ваколіцах населеных пунктаў Іванаўскае, Клішчыеўка, Андрэеўка, Зеленаполле і Новы. У гэтай інфармацыі варта звярнуць увагу на тое, што апошні населены пункт адміністрацыйна з’яўляецца раёнам гораду Часаў Яр, які ляжыць на ўсходзе ад каналу Северскі Данец – Данбас, але ўкраінскае камандаванне чамусьці ўзгадвае яго асобна.

Галоўнакамандуючы ЗСУ Аляксандр Сырскі заявіў, што Часаў Яр знаходзіцца пад поўным кантролем сілаў абароны, а ўсе спробы праціўніка прарвацца ў горад застаюцца няўдалымі. Імаверна, гэтыя словы варта ўспрымаць у кантэксце паведамлення Генштабу, паколькі іншыя праўкраінскі крыніцы ўжо прызналі прысутнасць праціўніка на ўсходзе населенага пункту.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што ЗСУ контратакуюць на ўсходзе Часавага Яру, імкнучыся выбіць расейцаў з раней занятых пазіцыяў.

Тэлеграм-канал «Два майора» піша, што цяпер гэты раён гораду руйнуецца ўдарамі авіяцыі УС РФ. Таксама крыніца сцвярджае, што ўкраінцы паступова адцягваюцца з суседняга сяла Багданаўка.

Аўдзееўскі і навапаўлаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На аўдзееўскім кірунку цягам апошніх содняў сілы абароны краіны адбілі не менш за 22 атакі праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Бэрдычы, Уманскае, Невельскае, Первамайскае, Яснабродаўка і Сямёнаўка.

Між тым аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што войскі РФ усё ж прасунуліся каля сяла Уманскае.

«Белорусский силовик» удакладняе, што ў выніку УС РФ узялі пад агнявы кантроль трасу Уманскае – Арлоўка.

Яшчэ адна прарасейская крыніца – тэлеграм-канал «Рыбарь» – піша, што таксама Узброеныя сілы РФ дасягнулі цэнтральнай часткі Сямёнаўкі, і цяпер на замацавацца.

Праўкраінскі «Офіцер» паведамляе, што войскі РФ хоць і прасоўваюцца, але пры гэтым нясуць істотныя страты ў жывой сіле і тэхніцы.

У Міністэрстве абароны РФ заявілі, што па ўсім аўдзееўскім кірунку ЗСУ контратакуюць, імкнучыся вярнуць раней страчаныя пазіцыі.

На навапаўлаўскім кірунку расейцы ціснуць каля населеных пунктаў Краснагораўка, Георгіеўка, Новаміхайлаўка і Канстанцінаўка.

Тэлеграм-канал «Военкор Котенок» паведамляе, што войскі РФ прасунуліся ў лесапасадках на поўдні ад гораду Краснагораўка.

Сямён Пегаў сцвярджае, што таксама УС РФ дасягнулі тактычных поспехаў у Георгіеўцы і Новаміхайлаўцы.

Бярдзянскі, арэхаўскі і херсонскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

Супярэчлівай выглядае сітуацыя на так званым урэмеўскім выступе ў ваколіцах сяла Старамаёрскае. Мінабароны РФ паведамляе, што іхныя вайскоўцы палепшылі становішча па пярэднім краі на гэтым участку фронту. Канал «Два майора» сцвярджае, што УС РФ выціскаюць праціўніка з апорных пунктаў на ўсходзе ад сяла.

Між тым у Генштабе ЗСУ пішуць пра адсутнасць поспехаў у праціўніка.

У Deepstate гавораць, што сілы абароны Украіны вярнулі раней страчаныя пазіцыі каля Старамаёрскага.

Сітуацыя на бярдзянскім кірунку патрабуе ўдакладнення.

У Запарожскай вобласці баявыя дзеянні лакалізуюцца на выступе па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў: цяжкія баі фіксуюцца ў цэнтральнай частцы сяла Работына, а таксама на паўночным захадзе ад Вэрбовага. Пры гэтым лінія сутыкнення пакуль застаецца нязменнай.

У Херсонскай вобласці расейцы ціснуць на левым беразе Дняпра, дзе ЗСУ ўтрымліваюць некалькі невялікіх плацдармаў. Паводле Генштабу ЗСУ, цягам содняў яны не менш за 16 разоў атакавалі пазіцыі сілаў абароны, але поспеху не мелі.

Пры гэтым самыя ЗСУ намагаюцца высадзіцца на новых участках левабярэжжа – пакуль безвынікова.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu

Стужка навінаў