Беларуская касманаўтка вярнулася на Зямлю. У космасе яна была 14 содняў


Беларуская касманаўтка Марына Васілеўская вярнулася на Зямлю пасля 14 содняў у космасе. Карабель з ёю прызямліўся ў Казахстане раніцай 6 красавіка, паведамілі ў карпарацыі «Роскосмос».

Марына Васілеўская па вяртанні на Зямлю.
Фота: roscosmos.ru

А 09:17 паводле менскага часу ў раёне казахстанскага гораду Жэзказган прызямліўся спускаемы апарат пілатуемага карабля «Саюз МС-24» з удзельнікамі 21-й экспедыцыі наведвання Міжнароднай касмічнай станцыі – расейскім касманаўтам беларускага паходжання Алегам Навіцкім і ўдзельніцай касмічнага палёту з Беларусі Марынай Васілеўскай, а таксама ўдзельніцай 70-й працяглай экспедыцыі астранаўтам NASA Лорал О’Гарай.

Навіцкі і Васілеўская правялі на арбіце 14 содняў, О’Гара – 204 содняў. Для беларускі і амерыканскі завяршыліся першыя ў іх карʼерах касмічныя палёты.

Марыне Васілеўскай 33 гады, яна нарадзінка Менску. З 2017 года працавала бортправадніцай «Белавіі».

Меркаванні
Навошта Лукашэнку касмічны піяр? 
2024.03.25 17:20

Пуск карабля «Саюз МС-25» з першай беларускай касманаўткай на борце быў намечаны на 21 сакавіка. Аднак у апошні момант яго адмянілі праз «прасаджванне напружання хімічнай крыніцы току». У выніку запуск быў перанесены на 23 сакавіка.

Эксперымент, якім займалася Васілеўская, – гэта «даследаванне ўласцівасцяў мікраарганізмаў і іх кансорцыумаў дзеля стварэння комплекснага прадукту для падтрымання мікрабіёты чалавека ва ўмовах касмічнага палёту». Прасцей кажучы, як у космасе рабіць ёгурт ці кефір.

Палёт Васілеўскай некаторыя крытыкуюць як «касмічны турызм» за кошт беларусаў дзеля піяру Аляксандра Лукашэнкі. Апошні сапраўды хваліцца палётам Васілеўскай. Гэтак, 26 сакавіка Лукашэнка казаў: «Гэта не толькі імідж. Гэта цэлая галіна. Ад іміджу краіны, якая здольная выхаваць і запусціць у космас».

Перад палётам Васілеўскай Лукашэнка падпісаў указ № 100 «Аб статусе беларускага касманаўта», які замацоўвае правы і абавязкі касманаўта Рэспублікі Беларусь. Згодна з ім, «касманаўт павінен адпавядаць свайму высокаму званню, валодаць цвёрдай грамадзянскай пазіцыяй, браць актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці краіны, годна прадстаўляць Рэспубліку Беларусь на міжнароднай арэне».

Hавiны
Якіх (не) бяруць у касманаўты. Лукашэнка падпісаў указ пра статус беларускіх касманаўтаў
2024.03.19 18:41

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў