Амаль 4500 чалавек эвакуявалі пасля прарыву дамбы ў расейскім Орску. Вада працягвае наступаць


У Арэнбуржскай вобласці працягвае развівацца паводкавая сітуацыя. 4 402 чалавекі эвакуяваныя, у тым ліку – 1 115 дзяцей. Падтопленыя 6 132 жылых дамы і 9 643 прысядзібных участкаў у 102 населеных пунктах і 9 садовых таварыствах, паведамляе прэс-служба губернатара і ўраду вобласці.

Паводка пасля прарыву дамбы ў мікрараёне Стары горад у Орску.
Фота: МЧС России / Telegram

Найбольш складаная сітуацыя па стане на вечар 6 красавіка складваецца ў Орску.

У 12 населеных пунктах рэгіёну пашкоджанае электразабеспячэнне. У Арэнбургу ў 270 кіламетрах ад Орску праводзіцца эвакуацыя жыхароў.

Падтапленне тэрыторыяў абумоўлена прарывам дамбы ў Орску, а таксама ўздзеяннем талых водаў, пад’ёмам узроўню вады ў рэках і рэкорднымі скідамі з Ірыклінскага вадасховішча.

Напружаная сітуацыя ў Сарочынскай акрузе. Скід вады на Сарочынскім вадасховішчы – 690 кубічных метраў у секунду.

Патэнцыйна небяспечным застаецца ўзровень вады ў рацэ Урал у Арэнбургу, Ілеку і Орску, рацэ Самара ў Бузулуку, рацэ Сакмара ў Татарскай Каргале. Чакаецца, што ўначы на нядзелю 7 красавіка ўзровень ракі Урал можа дасягнуць крытычнай адзнакі.

ВІДЭА
У расейскім Орску прарвала дамбу. Горад (і не толькі) сыходзіць пад ваду, ёсць загінулыя
2024.04.06 10:55

Праз паводак і закрыццё дарог і мастоў апынуліся адрэзанымі 153 населеных пункты.

У рэгіёне працягвае дзейнічаць рэжым надзвычайнай сітуацыі. Расейскія СМІ паведамляюць пра трох загінулых, якіх знайшлі на тэрыторыі, пацярпелай ад паводкі.

Паводле намесніцы старшыні расейскага ўраду па пытаннях сельскай гаспадаркі, экалогіі і абароту нерухомасці Вікторыі Абрамчанка, падобнай паводкі ў вобласці не назіралася больш за 100 гадоў.

Позна вечарам у мінулую пятніцу, 5 красавіка, у горадзе Орск у Арэнбургскай вобласці пасля рэкорднага скіду вады з вадасховішча адбыўся прарыў дамбы на рацэ Урал. Узровень вады ў рацэ Урал падняўся вышэй за дзевяць метраў, тады як небяспечным лічыцца ўзровень у 930 сантыметраў.

Улады папрасілі жыхароў раёнаў, якім пагражае затапленне, тэрмінова эвакуявацца. Вада пачне сыходзіць не раней, чым праз паўтара тыдня, папярэдзіў кіраўнік гораду.

Следчы камітэт Расеі ўзбудзіў крымінальную справу паводле артыкулаў «парушэнне бяспекі» і «халатнасць».

Абласная пракуратура раней заявіла, што прычынай прарыву дамбы сталі «нясвоечасова прынятыя меры» па ўтрыманні збудавання «у належным тэхнічным стане».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў