У Івацэвічах сябры правялі жартаўлівую акцыю перад ваенкаматам, а ім прысудзілі содні


У Івацэвічах 13 сакавіка каля раённага ваенкамату сілавікі затрымалі чацвярых мясцовых жыхароў – сяброў Данілу, Давіда, Мікіту і Эвеліну. Тыя рабілі фота на фоне будынку ваенкамату, трымаючы ў руках аркушы паперы, а іх за гэта затрымалі, паведамляюць праваабаронцы.

Вуліца Леніна ў Івацэвічах, на якой месціцца ваенкамат.
Фота: photobuildings.com

Данілу выклікалі позваю ў раённы ваенкамат, бо неўзабаве мае быць прызыў на вайсковую службу. Ягоныя сябры паехалі разам з ім. Калі Даніла выйшаў адтуль, сябры прапанавалі зрабіць фота насупраць будынку з трыма аркушамі паперы памерам А3. На іх было напісана «Свабоду Даніку» і намаляваная пяціканцовая зорка.

Сябры папрасілі мінака сфатаграфаваць іх з плакатамі, пасля чаго з ваенкамату выйшаў працаўнік і забраў з рук аркушы. На маладзёнаў выклікалі міліцыю і адразу затрымалі.

Іхныя дзеянні расцанілі як «несанкцыянаванае пікетаванне» і склалі на ўсіх пратаколы паводле арт. 24.23 КаАП. У выніку хлопцаў арыштавалі на 7 содняў, а дзяўчыне прызначылі 5 базавых велічыняў (185 рублёў) штрафу.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў