Пляменнік Кенэдзі падаў заяўку на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах ЗША


Пляменнік 35-га прэзідэнта ЗША Джона Кенэдзі Роберт Кенэдзі-малодшы падаў заяўку на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах у 2024 годзе ў якасці кандыдата ад Дэмакратычнай партыі, паведамляе CNN.

Роберт Кенэдзі-малодшы.
Фота: flickr.com

Пазней у офісе Роберта Кенэдзі пацвердзілі гэтую інфармацыю. Па дадзеных CNN, 69-гадовы сын малодшага брата прэзідэнта Джона Кенэдзі з’яўляецца адвакатам па пытаннях экалогіі і антыпрышчэпнікам. Пасля пачатку пандэміі каронавіруса ён выступаў супраць прышчэпак і неаднаразова крытыкаваў дзеянні ўлад ЗША па барацьбе з пандэміяй. Таксама ён з’яўляецца заснавальнікам арганізацыі «Абарона здароўя дзяцей», якая выступае супраць вакцынацыі.

У сакавіку ён пісаў у Twitter пра свае планы балатавацца на пасаду прэзідэнта:

«Калі будзе падобна, што я змагу сабраць грошы і мабілізаваць дастаткова людзей для перамогі, я буду ўдзельнічаць у гонцы», – пісаў ён.

Таксама ён заяўляў, што ягоным галоўным прыярытэтам будзе «спыніць карупцыйнае зліццё паміж дзяржаўнай і карпаратыўнай уладамі, якое разбурае нашу эканоміку, разбурае сярэдні клас».

Роберт Кенэдзі стаў другім зарэгістраваным кандыдатам ад дэмакратаў. Дзеючы прэзідэнт Джо Байдэн таксама заяўляў аб намеры абірацца зноў, але пакуль не зрабіў афіцыйнай аб’явы. Ад Дэмакратычнай партыі таксама вылучылася пісьменніца Мар’яна Уільямсан.

Ад рэспубліканцаў аб сваім намеры балатавацца на пасаду кіраўніка дзяржавы ўжо абʼявілі экс-прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, экс-губернатар Паўднёвай Караліны Ніккі Хейлі, прадпрымальнік Вівек Рамасвамі і губернатар штата Фларыда Рон Дэсанціс.

Наступныя прэзідэнцкія выбары ў ЗША запланаваны на 2024 год, традыцыйна яны праходзяць у лістападзе, а інаўгурацыя абранага прэзідэнта – у студзені наступнага года. На іх будзе абраны 47-ы амерыканскі прэзідэнт (у выпадку, калі 46-ы прэзідэнт Джо Байдэн прайграе выбары ці не будзе прымаць у іх удзел).

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў