З пачатку вайны ва Украіне загінулі 12 журналістаў


За час поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну з 24 лютага загінулі і былі параненыя журналісты ўкраінскіх, расейскіх і заходніх СМІ.

Журналісты бягуць у сховішча пасля моцнага абстрэлу пад Кіевам, Украіна, 6 сакавіка 2022 года.
Фота: Reuters

Усяго, паводле звестак Генпракуратуры, станам на 4 красавіка расейскія вайскоўцы здзейснілі 74 злачынствы ў дачыненні 56 працаўнікоў медыяў, 19 з якіх – грамадзяне іншых краінаў. Гэтыя звесткі пастаянна абнаўляюцца, паведамляе праект «Lviv Media Forum».

З пачатку вайны ва Украіне загінулі 12 журналістаў, яшчэ 17 працаўнікоў медыяў атрымалі раненні, 8 асобаў былі выкрадзеныя.

Крыніца: vivmediaforum.com

Забітыя

Трое ўкраінскіх журналістаў забітыя расейскімі вайскоўцамі не падчас выканання службовых абавязкаў.

26 лютага ў вёсцы Зэлэніўка Херсонскай вобласці загінуў журналіст інфармацыйнага тыднёвіка «Вокруг вас» Дылербек Шакіраў. Генпракурор Украіны Ірына Вэнэдзіктава паведаміла, што мужчыну застрэлілі з аўтамабіля расейскія вайскоўцы.

1 сакавіка падчас ракетнага абстрэлу тэлевежы ў Кіеве загінуў аператар «Live TV» Яўген Сакун, які ў гэты час праходзіў міма.

6 сакавіка ў баі пад Мікалаевам загінуў украінскі ваенны журналіст Віктар Дудар, які тады быў у складзе Збройных сілаў Украіны.

11 сакавіка ў Марыупалі ў выніку абстрэлу дому загінуў аператар тэлеканалу «Сігма» Віктар Дзядоў. У кватэру Віктара, дзе разам з ім была сям’я, трапілі дзве міны. Аператар загінуў, іншыя члены сямʼі атрымалі раненні.

13 сакавіка ў Ірпіні расейскія вайскоўцы застрэлілі амерыканскага рэпарцёра, дакументаліста Брэнта Рэно. Ён разам з амерыканскім фатографам Хуанам Арэдонда здымаў у той дзень эвакуацыю людзей з Ірпіня цераз разбураны мост. Тады расейцы адкрылі агонь на паражэнне. Рэно быў паранены ў шыю і памёр на месцы. Ва Украіне ён працаваў над праектам аб сусветным крызісе бежанцаў.

Аналітыка
Што трэба ведаць пра механізмы міжнароднага расследавання ваенных злачынстваў
2022.04.06 11:22

14 сакавіка ў вёсцы Горанка Кіеўскай вобласці былі забітыя аператар «Fox News» Пʼер Закшэўскі з Ірландыі і ўкраінская журналістка Аляксандра Куўшынава. Аўтамабіль, у якім яны ехалі з брытанскім карэспандэнтам тэлеканалу Бэнджамінам Голам, трапіў пад артылерыйскі абстрэл расейскіх войскаў.

18 сакавіка ў баі з акупантамі загінуў рэдактар ​​запарожскага сайту Misto.zp.ua Алег Якунін.

Расейская журналістка Аксана Бауліна, якая працавала ў «The Insider», памерла 23 сакавіка. Журналістка трапіла пад абстрэл у Кіеве падчас выканання рэдакцыйнага задання.

23 сакавіка ў Луганскай вобласці пад Папаснай у баі загінуў аператар «24 каналу» Юрый Алейнік. Упершыню ён пайшоў на вайну ў 2014 годзе.

1 красавіка ў вёсцы Гута-Мэжыгірская Вышгарадскага раёну Кіеўскай вобласці было знойдзена цела забітага фотакарэспандэнта Макса Левіна. Паводле папярэдняй інфармацыі Генпракуратуры, расейскія вайскоўцы двума стрэламі са стралковай зброі забілі бяззбройнага журналіста. Калегі і сябры Макса шукалі яго з 13 сакавіка, калі ён перастаў выходзіць на сувязь.

3 красавіка ў Марыупалі загінуў Мантас Квядаравічус, літоўскі дакументаліст, рэжысёр фільму «Марыупаліс» пра вайну на Данбасе. Паводле літоўскага выдання, расейская ракета трапіла ў машыну, у якой ехаў рэжысёр.

Крыніца: vivmediaforum.com

Праваабарончая арганізацыя «Євромайдан SOS» складае спісы зніклых і захопленых у расейскі палон актывістаў, журналістаў, валанцёраў і прадстаўнікоў мясцовай улады.

«У 2014 годзе Расея ўжо вяла такую ​​свядомую палітыку, каб хутка атрымаць кантроль над украінскімі тэрыторыямі. У той час прарасейскія незаконныя ўзброеныя фармаванні фізічна знішчалі або выціскалі за межы рэгіёну актыўных людзей, якія маглі мірна супрацьстаяць акупацыі. Сёння Расея свядома паўтарае гэтую палітыку, таму што не можа ўтрымаць захопленых ёй гарадоў праз актыўнае супрацьдзеянне мясцовага насельніцтва», – гаворыцца ў паведамленні.

У прыватнасці, «Євромайдан SOS» заклікае людзей, якія сталі сведкамі затрымання або маюць іншую інфармацыю пра пераследы на акупаваных тэрыторыях, паведаміць пра гэта праз онлайн-форму.

АД belsat.eu

Стужка навінаў