Эканаміст: Няма падставаў лічыць, што беларускі і расейскі рубель стабільныя


Цягам апошніх двух тыдняў курс беларускага рубля ўмацоўваецца. Беларуская валюта цяпер на валютна-фондавай біржы гандлюецца ў межах 2,9 рубля за долар, у той час як яшчэ ў сярэдзіне сакавіка за долар давалі больш за 3,3 рубля, а ў абменніках долар ЗША прадавалі па 4 рублі. «Белсат» з эканамістам высвятляў, ці сапраўды цяпер варта пазбаўляцца замежнай валюты і ці варта захоўваць ашчаджэнні ў беларускіх рублях.

Курсы валютаў у Менску, Беларусь. 9 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Пасля істотнага падзення беларускага рубля 9 сакавіка курсы ў абменніках дасягнулі адзнакі 4 рублі за адзін амерыканскі долар. У гэты дзень на гандляваннях нашая валюта патаннела адразу на больш як 6,5 %. Але 30 сакавіка падчас гандляванняў на Беларускай валютна-фондавай біржы курс долара апусціўся меней за 3 рублі. З таго часу курс долара вагаецца на ўзроўні 2,9 рубля. У абменніках курсы продажу амерыканскага долара цяпер складаюць каля 3 рублёў. Адметна, што абвал беларускага рубля суправаджаўся істотным ростам коштаў на шмат якія тавары ў краіне. Але нават і цяпер, калі выглядае, што курс стабілізаваўся, кошты працягваюць расці. У самой жа банкаўскай сістэме працягваюцца крызісныя з’явы, сярод якіх – абмежаванні на выдаванне валюты і адсутнасць магчымасці адразу ж забраць свае валютны ашчаджэнні.

«Нічога надзвычайнага няма. Трэба разумець, што курс беларускага рубля стаў драўляным і не падпарадкоўваецца рынкавым законам. Гэта выключна наступства адміністратыўнага, ручнога адміністравання, якія ўвялі ў эканоміцы, на валютным рынку. Гэта сёння больш ідэалагічны, прапагандысцкі інструмент, які мае перадаваць людзям сігнал, што нібыта ўсё добра і ўсё пад кантролем. Таму курс расейскага, а таксама і беларускага рубля не ёсць вынікам рынкавых механізмаў, а гэта вынік абмежаванняў доступу да валюты, якую маем», – кажа эканаміст Яраслаў Раманчук.

Эканаміст адзначае, што да эканамічнай палітыкі дадаецца і пазіцыя Нацыянальнага банку краіны, які прынцыпова адмаўляецца друкаваць незабяспечаныя грошы, бо на ранейшых прыкладах улады пераканаліся, што гэта прывядзе да гіперінфляцыі ды рэзкай дэвальвацыі рубля.

Карыкатура: Дэ Лёс

Грамадства ж у Беларусі рыхтуецца да найгоршага сцэнара. На паліцах шмат якіх крамаў знікаюць тавары. Напрыклад, у некаторых гандлёвых сетках няма таннай туалетнай паперы ды побытавай хіміі. Жыхары многіх гарадоў сутыкнуліся з немагчымасць набыць нават муку. У адной з буйных крамаў «Белсату» распавялі, што цяпер сапраўды ўзнікае праблема з запаўненнем паліцаў. Але звязанае гэта не з тым, што насамрэч бракуе тавараў, бо парушаная лагістыка: праблема ў тым, што дастаўцы не спяшаюцца прадаваць агулам свае тавары, бо не ведаюць, за які кошт рэалізоўваць сваю прадукцыю. Таму пакуль няма дамоўленасцяў у плане фармавання цэнаў, а адсюль і пустыя паліцы ў крамах.

І такая палітыка мае пад сабой абгрунтаванне, перакананы Яраслаў Раманчук:

«Асноўныя негатыўныя наступствы для рублёў пачнуцца ў другой палове 2022 года. Бо ў гэты час узнікне неабходнасць друкаваць грошы для падтрымання ліквіднасці банкаў, трэба будзе ратаваць буйныя дзяржаўныя прадпрыемствы, а іншых крыніцаў, акрамя рублёў, у краіне і няма. Так што першы шок прайшоў, але нельга сказаць, што раптам усё добра і станоўча скончылася: маўляў, Лукашэнка і Пуцін – добрыя менеджары, якія перамаглі валютны рынак».

Аб’ектыў
Еўразвяз рыхтуе новыя санкцыі супраць Расеі
2022.04.02 23:09

Рэальных падставаў лічыць, што беларускі, як і расейскі, рубель стаў стабільным, няма. Эканаміст звяртае ўвагу, што істотна сітуацыя будзе залежыць ад таго, як на Расею будуць уздзейнічаць санкцыі. Бо калі краіны Захаду ўвядуць гандлёвае эмбарга ды Расея не здолее прадаваць нафту і газ за рублі або ўвогуле прадаваць, расейскі рубель абваліцца да 150 рублёў, а беларускі – да 4 рублёў за долар, а то і яшчэ болей. Падобных сітуацыяў раней яшчэ ніколі не было, таму невядома, як яно будзе выглядаць.

Эканаміст кажа, што калі сёння людзі маюць магчымасць набыць замежную валюту паводле існых курсаў, то варта гэта рабіць, бо на гэтым можа ўдасца і зарабіць.

А тое, што некаторыя, наадварот, нясуць здаваць свае ашчаджэнні ў абменнікі, – няправільная стратэгія і неразуменне сітуацыі. У выніку за гэта людзі заплоцяць або стратаю сваіх ашчаджэнняў, або беднасцю, або і тым і гэтым. Цяпер не час верыць тэлевізару і расейскаму рублю, але варта прыслухоўвацца да меркаванняў сваіх блізкіх.

Hавiны
«Каму як пашанцуе». Банкі выцэджваюць беларусам іхныя ўклады «па капейцы». Ці паспеюць усе атрымаць?
2022.03.23 20:22

belsat.eu

Стужка навінаў