«Стачка – гэта іскра». Як гарадзенскія працоўныя хісталі рэжым у 1990-я, і чаму не атрымалася забастоўка цяпер

Забастоўка ў Горадні, пачатак 1990-х. Фота з асабістага архіву героя

У красавіку 1991 года ў Беларусі адбыўся страйк, які ўвайшоў у гісторыю як самы масавы выступ працоўных у змаганні за свае палітычныя правы. Ён пачаўся з рэгіёнаў і ахапіў дзясяткі працоўных калектываў у розных гарадах Беларусі.

Пачатак 1991 года нічога добрага Савецкаму Саюзу, які ўжо трашчаў па швах, не абяцаў. Эканамічныя рэформы ў працэсе пераходу ад планавай эканомікі да рынкавай забуксавалі, дэфіцыт стаў глабальным, а галоснасць канчаткова дабівала веру ў КПСС. Апошняй спробай выратаваць савецкую эканоміку стала скандальная паўлаўская грашовая рэформа, якая, аднак, прывяла да цалкам супрацьлеглага выніку – знікнення ўсякага даверу да ўраду СССР.

Даведка. Што за паўлаўская рэформа? Увечары 22 студзеня 1991 года, калі практычна ўсе фінансавыя ўстановы і крамы ўжо былі зачыненыя, у праграме «Время» абвясцілі пра абмен грошай. Буйныя купюры 50 і 100 руб. узору 1961 года вымаліся з абарачэння. Давалася тры дні на тое, каб памяняць іх на новыя. Пры гэтым сумы абмену былі абмежаваныя, рахункі замарожаныя. Шмат хто ўспрыняў гэта як прадуманае рабаванне. Ініцыятарам канфіскацыйнай грашовай рэформы быў міністр фінансаў СССР Валянцін Паўлаў.

Разам з гэтым 2 красавіка цэны на харчы і іншыя тавары ў крамах павысіліся ў 2–3 разы. Пачаліся хваляванні працоўных: аднымі з першых спынілі працу рабочыя з Воршы, якія на знак пратэсту перакрылі чыгунку. Акрамя эканамічных, пачалі гучаць і палітычныя патрабаванні.

«Мы тут збіраемся дарогу перакрываць»

У Горадні лакаматывам працоўнага руху стаў завод аўтаагрэгатаў. На прадпрыемстве выгадаваліся цэлыя рабочыя дынастыі, працавалі высокакваліфікаваныя спецыялісты. Працоўныя былі даволі актыўнымі: яны на той час ужо хадзілі на мітынгі Зянона Пазняка, пратэставалі супраць будаўніцтва мясцовай птушкафабрыкі, Скідзельскага заводу медпрэпаратаў.

Рост коштаў стаў апошняй кропляй: у адзін момант усе дапаможныя цэхі: рамонтавы, электрацэх, частка аўтаматнага – спынілі сваю працу. Рабочыя выклікалі на размову дырэктара. Паставілі пытанне: кошты растуць, значыць, неабходна падвышаць заробкі. Таксама прапанавалі рэфармаваць завод – зрабіць з яго арэнднае прадпрыемства, каб самім стаць уласнікамі. Дырэктар не пагадзіўся: маўляў, гаспадар мусіць быць адзін.

Забастоўка ў Горадні, пачатак 1990-х. Фота з асабістага архіву героя

Рэакцыя рабочых была вельмі хуткая і рэзкая: людзі выйшлі з цэхаў, адкрылі галоўныя вароты транспартавай прахадной і перакрылі ўвесь рух на вуліцы. У горадзе – паніка: пачалі з’язджацца чыноўнікі, міліцыя, пракуратура і гэтак далей. Каля 200 працоўных працягвалі стаяць, перамаўляючыся паміж сабой. Грамадскі транспарт прыпыніўся, прапускалі толькі машыны хуткай дапамогі, хлебазаводу і малочнага заводу.

«Адчуваю, што людзі крыху стаміліся, трэба іх узбадзёрыць. Іду да прахадной і пачынаю выступаць. Агучыў нашыя патрабаванні: падвысіць заробкі, рэфармаваць прадпрыемства – змяніць форму ўласнасці і мадэрнізаваць. Таксама мы патрабавалі, каб прафзвязы пачалі нарэшце абараняць працоўных і выконваць свае непасрэдныя функцыі: гэта занятасць, заробкі, запэўніванне бяспечных умоваў працы. На той час прафзвязы займаліся пераважна пераразмеркаваннем дэфіцыту», – узгадвае ў размове з «Белсатам» завадатар і сапраўдны мэтр працоўнага руху Горадні Анатоль Хацько.

Спадар Анатоль прапрацаваў на заводзе 26 гадоў, працягнуўшы сямейную рабочую дынастыю: ягоны бацька пасля вайны працаваў на аўтаагрэгатах старэйшым майстрам. Анатоль працаваў спачатку фрэзероўшчыкам, пасля наладчыкам, ездзіў па Савецкім Саюзе і запускаў абсталяванне. У 2003 годзе стаў каардынатарам па Гарадзеншчыне ў праекце Міжнароднай арганізацыі працы. Займаўся стварэннем незалежных прафзвязаў.

Працоўныя голасна выказаліся аб росце коштаў і знікненні тавараў з крамаў. Да іх прыехалі прадстаўнікі ўлады, таму ўздымалася таксама пытанне суверэнітэту Беларусі.

На гэтым мітынгу пастанавілі стварыць стачачны камітэт, які будзе весці перамовы наконт выстаўленых патрабаванняў. Цягам тыдня кожны цэх мусіў дэлегаваць асобу ў стачкам. Падобных структур на той момант яшчэ не было нават у Менску.

«Пасля сканчэння працоўнага дня я вярнуўся дахаты, і раптам – званок. «Анатолій, непакояць з інструментальнага цэху. Мы тут збіраемся дарогу перакрываць. Як гэта, вы ў першую змену перакрылі рух, а мы – не». Я рассмяяўся, сказаў, хлопцы, не трэба, мы ўжо вырашаем пытанне. Але гэта была такая салідарнасць: калі першая змена выйшла, то і другая абавязкова мусіць выйсці», – распавядае спадар Анатоль.

«Я апячатваў партыйны камітэт на заводзе пячаткай прафзвязу»

На заводзе стварылі стачкам, працоўным выплацілі кампенсацыі за рост коштаў. У горадзе стварыўся і агульны гарадскі стачкам: да аўтаагрэгатаў далучыліся працоўныя з «Азоту» і іншых прадпрыемстваў. У сярэдзіне красавіка з’яўвіўся рэспубліканскі стачачны камітэт.

Анатоль Хацько. Фота: Белсат

«Мы паехалі ў Менск, там ужо ўраду выставілі не толькі эканамічныя, але і палітычныя патрабаванні: роспуск Вярхоўнага Савету, чыстка заводаў ад партыі, прыватызацыя прадпрыемстваў, стварэнне прафесійнага войска, скарачэнне дзяржапарату і міліцыі. Усе эканамічныя патрабаванні тады былі прынятыя Кабінетам Міністраў. А вось у тым, каб прыбраць парткамы з заводаў, адмовілі», – кажа Анатоль Хацько.

У траўні стачачны камітэт быў распушчаны, замест яго актывісты стварылі працоўны прафзвяз. Анатоля Хацько абралі старшынём прафзвязу, у які збольшага ўвайшлі чальцы стачкаму.

Першыя незалежныя прафзвязы ў Горадні з’явіліся на «Магнітоле», прадзільна-нітачным камбінаце і «Азоце». Фота: Белсат

«Так мы пачалі легальную працу. Спачатку аптымізавалі штат, затым пачалі ствараць забастовачныя фонды, куды ўносілі 1 % ад прафзвязных унёскаў. На той момант незалежных прафзвязаў яшчэ не было. Мы адносіліся да прафзвязу Аўтасельмашу, яны былі тады больш-менш дэмакратычныя», – распавядае спадар Анатоль.

Пасля гэтага працоўны рух пакаціўся па менскіх прадпрыемствах. Звычайна тыя, хто быў у стачкамах, затым кіравалі створанымі прафзвязамі. Першыя незалежныя прафзвязы ў Горадні з’явіліся на «Магнітоле», Прадзільна-нітачным камбінаце і «Азоце».

«На той момант мы вырашылі практычна ўсе лакальныя пытанні па заводзе. Мы нават дамагліся таго, каб пачысціць нашае прадпрыемства ад парткаму. Я апячатваў іх ужо пячаткай прафзвязу. Гэта пры тым, што партыя яшчэ была ў руля», – кажа Анатоль Хацько.

Анатоль Хацько. Фота: Белсат

«За невыкананне калектыўнай дамовы мы выказалі недавер дырэктару. І ён згубіў працу»

Ён узгадвае, як апытваў працоўных: рабіў анкету з пытаннем, на якія формы пратэсту яны гатовыя пайсці з прычыны росту коштаў: мітынг, шэсце, забастоўка і г. д.

«У нас народ рэвалюцыйны, адсоткаў 90 выказваліся за забастоўку. Але сам я разумеў, што ў рэальнасці гэта ад сілы 10 адсоткаў. Аднак гэта была форма ціску на наймальніка, яму дакладвалі, што ў цэхах апытваюць людзей, і атрымліваецца такі вынік – усе гатовыя баставаць.

Мы доўга прывучалі працоўных, што галоўная задача прафзязу – вырашэнне пытанняў з заробкамі, а не падарункі на Новы год. Мы прывучалі людзей да таго, што калектыўная дамова – самы важны дакумент. Калі прафзвяз не падпісваў загаду, што дае «дабро» на нешта, наймальнік не рызыкаваў гэта парушаць», – кажа спадар Анатоль.

Забастоўка ў Горадні, пачатак 1990-х. Фота з асабістага архіву героя

Паводле яго, у той час з дырэктарамі яшчэ можна было дамаўляцца. Гэта былі людзі, якія выраслі ў калектывах, на прадпрыемствах. Тады гэта было абавязковай умовай: чалавек мусіў прайсці ўсе этапы вытворчасці, каб разумець, што да чаго. Яны зараблялі і мелі пэўны аўтарытэт сярод рабочых. Плюс чалавечы фактар: дырэктар таксама жыве ў адным горадзе разам з працоўнымі, таму бачыць і разумее агульныя для ўсіх праблемы. Але разам з тым дырэктар – чалавек наёмны, ад міністэрства, таму мусіць рабіць усё на карысць дзяржавы.

«Але калі ўрад нешта вытвараў, мы білі тых, хто блізка, – гэта дырэктараў. Было нават такое: за невыкананне калектыўнай дамовы мы выказалі недавер дырэктару. І дзесьці праз месяц дырэктар згубіў працу. Ці магчыма такое ўявіць сёння?» – адзначае Анатоль Хацько.

«Як разгоніш наш прафзвяз, калі нас людзі падтрымліваюць»

На заводзе час ад часу праходзілі канферэнцыі, на якіх абавязкова прысутнічалі прадстаўнікі ўлады высокага рангу: намеснікі старшыні выканкаму, ён сам ці хтосьці з аддзелу працы выканкаму.

«У калектыўнай дамове ў нас было прапісана, што калі паўстаюць пытанні аб ахове працы і заробках, мы цягам месяца збіраем канферэнцыю, на якую запрашаліся прадстаўнікі ўлады. Я заўсёды карыстаўся такой формай галоснасці, якая была вельмі эфектыўнай. Што тут казаць: на канферэнцыях галіновага прафзвязу прысутнічалі міністр прамысловасці і намеснік прэм’ер-міністра», – кажа Анатоль Хацько.

Прадпрыемства «Радыёхваля», Горадня. Фота: Белсат

З ягоных словаў, у той час партыйцы не ведалі, чым скончыцца сітуацыя ў краіне, таму баяліся гневу людзей. А падтрыманне ў прафзвязаў было моцнае. І калі народ выклікае на канферэнцыю – значыць, трэба ісці.

«Улады ішлі на кантакт і дыялог, бо баяліся за сябе. Абы было ціха. Яны плялі інтрыгі, каб разагнаць наш прафзвяз. Але як яго разгоніш, калі нас людзі падтрымліваюць? Мы з часам стварылі аб’яднанне старшыняў прафзвязаў прамысловых прадпрыемстваў. Да нас далучыўся «Гандальмаш», «Магнітола». І калі мы праводзілі якую акцыю, мітынг, то рабілі ўсё сумесна. Нас моцна падтрымлівалі педагогі, і мы іх таксама падтрымлівалі. На апошнім мітынгу, напрыклад, так давялі мэра, што ён нават злосна кінуў свой прафзвязны білет на зямлю. Гэта быў канец 90-х, мы праводзілі мітынг з педагогамі ў Каложскім парку, на які прыйшло каля 2 тысяч людзей», – распавядае спадар Анатоль.

У першыя гады незалежнасці прафзвязны рух актыўна развіваўся, адбываліся навучальныя абмены з іншымі краінамі. На завод аўтаагрэгатаў, напрыклад, прыязджалі прадстаўнікі шведскага прафзвязу металістаў.

«Не трэба ісці на перамовы з уладамі. У іх адна тактыка – забалбатаць праблему»

У 1990-я працоўныя спакойна праводзілі мітынгі і шэсці, міліцыя ніколі не перашкаджала. Анатоль згадвае 1993 год, калі старшынёй Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэту стаў Сямён Домаш. На заводзе ўзнікла праблема: цэхі не ацяпляліся, гэта каштавала вельмі дорага, і так яшчэ супала, што ў той час павысіліся кошты. У працоўных «накіпела».

«Мы пайшлі да аблвыканкаму на плошчу. Зіма, стаім на плошчы, высоўваем патрабаванні. Ва ўладаў заўсёды адна тактыка – забалбатаць праблему, зацягнуць час. Не трэба ісці з імі на перамовы. Мяне і яшчэ аднаго прадстаўніка заводу запрасілі ў выканкам паразмаўляць.

– Ну што, вырашылі пытанне? – запыталі нас напрыканцы размовы.

– Не. На плошчы вырашым. Людзі чакаюць, – адказаў я».

Гарадскім уладам давялося выйсці да людзей на плошчу і размаўляць ужо з імі. У гэты час у аблвыканкаме Сямён Домаш праводзіў нараду з чыноўнікамі і дырэктарамі заводаў. А гэта скандал: адразу пасля прызначэння Домаша людзі выйшлі на плошчу.

«Разам са мной быў працоўны з «Такарных патронаў» Барыс Галубовіч, з «Азоту» Аляксандр Гаркоў. Нас запрасілі на гэтае паседжанне. Нас там спрабавалі запалохаць, але чаго баяцца – за нашай спінай была цэлая плошча людзей», – адзначыў спадар Анатоль.

Жнівень 2020: чаму забастоўка не атрымалася

Падчас жнівеньскіх падзеяў 2020 года вялікія надзеі на шляху да перамогі беларускіх пратэстаў ускладаліся на працоўных буйных дзяржаўных прадпрыемстваў. Забастоўка працоўных выглядала самым эфектыўным спосабам прымусіць улады сысці. У Горадні на шэрагу прадпрыемстваў сталі стварацца стачкамы. Ціск вуліцы змусіў мясцовыя ўлады выпусціць затрыманых і пайсці на перамовы. Тры дні гарадзенскай дэмакратыі ўвойдуць у гісторыю новай Беларусі. Аднак эйфарыя тых дзён сыграла не на карысць пратэстам. Забастоўкі не атрымалася, пачаліся жорсткія рэпрэсіі.

Мітынг у Горадні 19 жніўня. Фота: Васіль Малчанаў / belsat.eu

Чаму так адбылося?

«Стачка – гэта іскра, але яе ніхто не падхапіў. 9 жніўня людзей падманулі на выбарах, пасля некалькі дзён жорстка збілі. Людзі былі вельмі абураныя. Менавіта гэта было дзвюма асноўнымі нагодамі для стачкі. Усе ў эйфарыі хадзілі тры дні і думалі, што мы перамаглі, а трэба было ісці на заводы, да людзей, і працаваць, тлумачыць», – мяркуе Анатоль Хацько.

Тады быў створаны стачкам на «Азоце», нешта падобнае спрабавалі стварыць на «Горадняпрамбудзе», працоўныя тытунёвай выйшлі да прахадной, але не знайшлося лідара, які павёў бы ўсіх за сабою.

«Пачалі задаваць пытанні, як арганізаваць усё паводле закону. Але стачку законна вы не праведзяце. Палітычная стачка – яна незаконная. А эканамічная – гэта пэўная працэдура, працяглы працэс. У нас мела адбыцца менавіта палітычная стачка з патрабаваннем перавыбараў, каб выпусцілі ўсіх затрыманых і прыцягнулі да адказнасці тых, хто збіваў людзей на вуліцах. Усё, больш нічога. А гэта палітычная барацьба. Не знайшлося лідара, які меў бы амбіцыі на ўладу і пайшоў бы ва-банк. Цяпер жа палітычная стачка магчымая, толькі калі ўзнікне іскра, падобная да жнівеньскай», – разважае Анатоль Хацько.

Рабочыя ААТ «Горадня Азот» страйкуюць на прадпрыемстве. Горадня, Беларусь. 19 жніўня 2020. Фота: Васіль Малчанаў / Belsat.eu

Паводле яго, калі на плошчу ў Горадні выйшлі 40 тысячаў чалавек, трэба было ствараць гарадскі камітэт народнага даверу: 5–6 чалавек, прадстаўнікоў ад працоўных калектываў, палітычных партыяў, грамадскіх арганізацыяў, настаўнікаў, медыкаў. За кожную кандыдатуру варта было прагаласаваць плошчаю – каб камітэт набыў статус.

«Пасля неабходна было патрабаваць, каб прадстаўнікоў камітэту пусцілі да людзей – на прадпрыемствы і г. д. І там ужо праводзіць тлумачальную працу. На той момант нікуды б улады не падзеліся перад 40-тысячнай плошчай, пайшлі б на саступкі. Пасля такой працы пытанне ўжо ставілася б так: пры невыкананні высунутых умоваў да пэўнай даты (у кароткія тэрміны) абвяшчаем забастоўку. Але гэта трэба было рабіць максімум за тры дні, каб улады не паспелі перагрупавацца. Час быў згублены, не знайшлося людзей, якія б узялі на сябе адказнасць і ініцыятыву. Бо калі я іду на такое, я разумею, што я рызыкую апынуцца за кратамі, але я маю палітычныя амбіцыі. У Менску ж прэвентыўна затрымалі ўсіх людзей, якія рэальна маглі б павесці за сабою людзей», – мяркуе спадар Анатоль.

Мітынг у Горадні 19 жніўня 2020. Фота: Васіль Малчанаў / belsat.eu

У азотаўцаў тады не было магчымасці правесці забастоўку, бо гэта небяспечнае прадпрыемства, і ўлады гралі менавіта на гэтым. Але, са словаў Хацько, азотаўцы маглі патрабаваць заробкаў, гэта давала б падставы выходзіць і забірала б грашовае падсілкаванне сілавікоў.

«Цяпер працоўным варта патрабаваць росту заробкаў. Гэта таксама такі ўнёсак у барацьбу. Калі ёсць нагода – ідзе збыт прадукцыі, растуць кошты на тое, што вы вырабляеце, – патрабуйце павышэння заробкаў. Максімальна выцягваць грошы з дзяржавы, каб АМАПу менш засталося, – адзінае выйсце», – кажа Анатоль Хацько.

Фота: Белсат

«Забастоўка – дзейсны метад. Але трэба масавасць». Страйкоўцы буйных прадпрыемстваў – пра свае матывы і будучыню

«Кажуць, з цэху «Аміяк-3» і без забастоўкі звольняць усіх ненадзейных». Былы азотавец распавёў, як жыве пасля звальнення

«Прыехаў куратар з КДБ і сказаў, каб мяне прыбралі». Гісторыі беларусаў, якіх звольнілі за палітычныя погляды

Саша Праўдзіна belsat.eu

Hавiны