«Наша Ніва»: уласнік гандлёвай сеткі «Green» мусіць заплаціць $ 5 мільёнаў за выхад з СІЗА


У Менску затрымалі ўладальніка крамаў «Green» і ГЦ «Скала» Генадзя Кірэйкава. Генадзь Кірэйкаў.
Фота: Вольга Шукайла / TUT.BY

Сталі вядомыя ўмовы, на якіх могуць выпусціць з-за кратаў Генадзя Кірэйкава, заснавальніка групы кампаніяў «РАПА», якой сярод іншага належыць сетка гіпермаркетаў «Green», паведамляе «Наша Ніва».

Як кажуць блізкія, Генадзю Кірэйкаву агучылі суму, якую ўжо пачалі збіраць. Гэта $ 5 мільёнаў.

Адзначаюць, што сапраўднай прычынаю затрымання Кірэйкава стала пазіцыя асобных менеджараў сеткі «Green», якія бралі актыўны ўдзел у пратэстах супраць беззаконня і фальсіфікацыі выбараў.

Генадзя Кірэйкава затрымалі на пачатку лютага. Знаёмыя з сітуацыяй людзі кажуць, што фармальна «нешта налічылі», але сапраўдная прычына затрымання – палітычная.

Таксама Аляксандр Лукашэнка на Усебеларускім народным сходзе заявіў, што загадаў сілавікам заняцца адною з гандлёвых кампаніяў, якая больш не будзе працаваць. Журналісты мяркуюць, што гаворка вядзецца пра сетку крамаў «Green».

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў