Суд за чат у падтрымку Украіны і содні за лайкі ў сацсетках. Хроніка рэпрэсіяў


Затрыманні і суды па палітычных матывах у Беларусі не спыняюцца ні на дзень. 

У Гомлі пачаўся суд над кампаніяй сяброў, якія стварылі чат у падтрымку Украіны. Скрыншот з відэа сілавікоў падчас затрымання

Сілавікі ў Менску затрымалі маладую пару, якая ў 2020 годзе трапіла на відэа падчас пратэстаў. Відэа з імі з’явілася 6 лютага на тг-канале, блізкім да ГУБАЗіКа.

Дзяўчына расказала, што ў 2020 годзе хлопец запрасіў яе на спатканне. Падчас шпацыру яны трапілі на марш пратэсту. Па словах дзяўчыны, ёй прысудзілі 10 сутак. Раней прапагандысты паказалі ролік сайта Onliner з удзелам гэтай жа пары. Маладыя людзі 23 жніўня 2020 года ішлі з бел-чырвона-белым сцягам па дарозе, а хлопец адказваў на пытанне журналіста.

У Гомлі траіх сяброў судзяць за чат у падтрымку Украіны. Абласны суд разглядае справу ў закрытым рэжыме, таму сутнасць абвінавачвання невядомая. Суддзя – Алег Харошка.

Як паведамляе «Флагшток», абвінавачаныя – Дзмітрый Папкоў, Ігар Чарнавусаў і Уладзімір Каменаў. Яны ўжо амаль год знаходзяцца ў зняволенні (столькі доўжылася следства). Суд пачаўся 10 студзеня сёлета, пасля быў перапынак, а 6 лютага ён аднавіўся.

Мужчын абвінавачваюць адразу па некалькіх «палітычных» артыкулах: «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім», «Абраза Лукашэнкі».

Мужчын затрымалі ў сакавіку 2023-га. На міліцэйскім відэа паказалі бел-чырвона-белы сцяг, намаляваны на сцяне гаража, нанесены фарбай на цэглу герб «Пагоня» і партрэт Чэ Гевары. Сяброў прымусілі сказаць, што яны стварылі чат, дзе перапісваліся паміж сабой, а пасля ўварвання Расеі ва Украіну ў перапісках «абразілі Лукашэнку» і пісалі «няправільныя» каментары. А яшчэ яны нібыта мелі сувязі з беларускімі добраахвотнікамі, якія ваююць за Украіну. Відаць, менавіта гэта стала падставай для распачынання крымінальнай справы паводле артыкула «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Таксама сёння стала вядома, што ў Гомлі 15 лютага пачнецца суд над мужчынам паводле 10 крымінальных артыкулаў, сярод якіх – «здрада дзяржаве» і арганізацыя «тэрарыстычнай дзейнасці». На лаве падсудных апынуўся 28-гадовы жыхар Петрыкава Іван Сухамераў, піша «Штодзень».

У 2017 годзе хлопец атрымаў дыплом сацыяльнага педагога пасля заканчэння Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту імя Івана Шамякіна. Прыблізна з гэтага часу, як бачна па ягоных сацыяльных сетках, ён пачаў крытычна выказвацца на адрас улады. Асабліва актыўна мужчына выступаў супраць адыёзнага дэкрэту аб «дармаедах».

Затрыманых на шклозаводзе «Нёман» у Бярозаўцы ў Лідскім раёне мужчын асудзілі на 15 содняў арышту. Жанчыны атрымалі вялікі штраф – па 1200 рублёў.

Пра затрыманне 5 працаўнікоў прадпрыемства стала вядома 30 студзеня. Пазней высветлілася, што іх было 7 чалавек (4 жанчыны і 3 мужчын). Іх прызналі вінаватымі ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў». Працаўнікоў шклозаводу са спісу выклікалі па адным да начальніка аховы. Там ім паказвалі, дзе яны лайкалі і на што «экстрэмісцкае» падпісаны. Жанчынам надзявалі кайданкі на рукі спераду, а мужчынам – за спінаю.

Як стала вядома праваабаронцам, арыштаваных мужчын возяць у вёску Сцеркава перабіраць смецце на палігоне бытавых адходаў.

Таксама 6 лютага стала вядома, што 27 снежня 2023 году ў Лідзе агучылі прысуд 63-гадоваму Генадзю Жукелю. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 368 Крымінальнага кодэксу («Абраза Лукашэнкі») і асудзілі да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Прысуд агучыла суддзя Наталля Лобан.

Мужчына патэлефанаваў у раённую міліцыю і выказаўся ў бок Лукашэнкі, калі размаўляў з дзяжурным. Вядома, што ў гэты момант ён быў у стане алкагольнага ап’янення.

Ад «уцягвання ў злачынныя гульні спецслужбаў іншых дзяржаў і так званых паліттэхнолагаў» перасцярог намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч 6 лютага на сустрэчы з выкладчыкамі і студэнтамі юрыдычнага факультэту БДУ.

Паводле яго слоў, «за гэтым можа быць суровае пакаранне».

«Падчас выступлення спікер падрабязна спыніўся на сутнасці такіх з’яў, як экстрэмізм і тэрарызм», – паведамляе тэлеграм-канал часопісу «Міліцыя Беларусі» і газеты «На страже».

Казакевіч лічыць, што рэсурсы, названыя ім экстрэмісцкімі, «шырока выкарыстоўваюць сродкі псіхалагічнай вайны, у тым ліку дэзінфармацыю, запалохванне, маніпуляцыю грамадскай свядомасцю, падмену паняццяў і фактаў».

Тым часам у Беларусі стала больш на 12 палітвязняў. Гэта Артур Голубеў, Арцём Антонаў, Алег Зыкун, Максім Каранькоў, Андрэй Ломша, Вячаслаў Панасюк, Аляксандр Скварцоў, Міхаіл Чумакоў, Руслан Шукала, Філіп Залескі, Вераніка Казак, Генадзь Жукель.

Усе яны пазбаўленыя волі (асуджаныя або ўзятыя пад варту) па абвінавачаных у абразе Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады (міліцыянтаў), суддзяў, а таксама знявагу дзяржавы і дзяржаўных сімвалаў

На сёння ў Беларусі праваабаронцы налічваюць 1424 палітвязні. Сапраўдная колькасць людзей, пазбаўленых волі па палітычных прычынах, яшчэ большая.

Але ёсць і добрыя навіны.

Маці былога палітвязня Іллі МіронаваВалянціна – выехала за мяжу з-за пераследу. Зараз яна знаходзіцца ў бяспецы ў Вільні, піша «Флагшток».

Жанчына некалькі разоў падвяргалася адміністрацыйнаму пераследу ў Беларусі. Апошняе затрыманне Валянціны Міронавай адбылося 23-24 студзеня, падчас масавага рэйду сілавікоў па родных палітвязняў.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў