Расейцы спрабуюць захапіць Часаў Яр. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 713-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 6 лютага чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы батальёну «Скала» апрацоўваюць эвакуацыю параненага байца падчас палявых вучэнняў у Данецкай вобласці, Украіна. 3 лютага 2024 года.
Фота: Genya Savilov / AFP / East News

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра адбіццё васьмі атак праціўніка ў ваколіцах сяла Сынькоўка ў Купянскім раёне Харкаўскай вобласці.

Між тым праўкраінскі тэлеграм-канал «Бахмутський Балу», спаслаўшыся на вайскоўцаў ЗСУ, піша пра пэўныя поспехі расейцаў: напачатку яны штурмавалі наўпрост сам населены пункт, але не змаглі прабіць абарону праціўніка, пасля чаго абышлі гэты ўчастак з флангу цераз лясны масіў і вымусілі адысці сумежныя падраздзяленні Збройных сілаў з часткі пазіцыяў у Сынькоўцы. Пры гэтым адзначаецца, што войскі РФ маюць істотную перавагу ў жывой сіле і артылерыі.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» сцвярджае, што адначасова з гэтым на паўднёвым усходзе кірунку Узброеныя сілы РФ расшыраюць зону кантролю каля Табаеўкі.

На суседнім ліманскім кірунку, паводле ўкраінскага камандавання, УС РФ правялі 20 няўдалых атак каля населеных пунктаў Церны, Ямпалаўка і Торскае на поўначы Данецкай вобласці і ў ваколіцах Белагораўкі ў Луганскай.

Аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што расейцы зноў прасунуліся з усходу ад сяла Церны.

Акрамя гэтага фіксуецца пагаршэнне сітуацыі для сілаў абароны каля Белагораўкі: тут войскі РФ наступалі калонай цяжкай тэхнікі з не менш чым 20 адзінак, частку з якіх удалося знішчыць вайскоўцам ЗСУ, але цяпер пяхота расейцаў працягвае штурмавыя дзеянні каля населенага пункту.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку ініцыятыва таксама застаецца за расейскімі вайскоўцамі, якія наступаюць з захаду і поўдня ад аднайменнага раённага цэнтру, імкнучыся выйсці да суседняга гораду Часаў Яр.

Украінскае камандаванне піша пра не менш за 10 адбітых атак праціўніка каля населеных пунктаў Багданаўка, Іванаўскае і Клішчыеўка.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» паведамляе, што за апошні час расейскія вайскоўцы змаглі прабіцца з усходу да сяла Іванаўскае, а таксама занялі ўчастак фронту з поўначы ад трасы Т-0504.

Пры гэтым ЗСУ паспяхова контратакавалі паміж Іванаўскім і Клішчыеўкай і выбілі праціўніка з часткі лесапасадак. Але самыя не змаглі замацавацца на новых пазіцыях, якія цяпер апынуліся ў так званай шэрай зоне.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

Разам з тым самыя складаныя для ЗСУ ўчасткі фронту знаходзяцца на поўначы і захадзе ад Данецку.

На аўдзееўскім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, цягам апошніх содняў сілы абароны краіны адбілі прынамсі 45 атак каля населеных пунктаў Новабахмутаўка, Аўдзееўка, Танэнькае, Первамайскае і Невельскае.

Між тым іншыя крыніцы фіксуюць поспехі войскаў РФ на гэтым кірунку.

Так, у Deepstate гавораць аб прасоўваннях расейцаў на поўначы самой Аўдзееўкі.

Канал «Два майора» піша, што Узброеныя сілы РФ наблізіліся да Чыгуначнага завулку.

Расейскі ваенны эксперт Барыс Рожын мяркуе, што цяпер фронт праходзіць на адлегласці каля 900 метраў ад асноўнай лініі забеспячэння ЗСУ ў горадзе.

Акрамя гэтага Рожын фіксуе прасоўванні УС РФ у сяле Первамайскае на 400-500 метраў.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што самыя ЗСУ вярнулі шэраг раней страчаных пазіцыяў каля Новабахмутаўкі.

На мар’інскім кірунку ўкраінскі бок налічыў 26 безвыніковых атак войскаў РФ у ваколіцах сёлаў Георгіеўка і Новаміхайлаўка.

Між тым у Deepstate адзначаюць прасоўванні расейцаў каля Мар’інкі.

У сваю чаргу прарасейскія крыніцы фіксуюць поспехі УС РФ каля Новаміхайлаўкі. Адзначаецца, што ўвечары 5 лютага яны прабіліся да вуліцы Міру на ўсходніх ускрайкаў сяла. Цяпер Новаміхайлаўка знаходзіцца ў паўатачэнні, але ЗСУ ўсё адно захоўваюць шляхі забеспячэння.

Бярдзянскі, мелітопальскі і херсонскі кірункі (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці, а таксама ў Запарожскай і Херсонскай вобласцях)

На поўдні Украіны баявыя дзеянні лакалізуюцца з поўдня ад гораду Арэхаў у Запарожскай вобласці, а таксама на левым беразе Дняпра каля сяла Крынкі ў Херсонскай вобласці.

Тэлеграм-канал «Два майора» адзначае выбіццё вайскоўцаў ЗСУ з некалькіх пазіцыяў каля сяла Работына на першым участку. Пры гэтым самыя ўкраінцы атакавалі побач з суседнім Вэрбовым, але поспеху не дасягнулі.

Ваенкор Пегаў гаворыць пра безвыніковыя атакі расейцаў на пазіцыі сілы абароны Украіны ў Крынках.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў