Міністр абароны Нарвегіі заклікае рыхтавацца да вайны з Расеяй


Міністр абароны Нарвегіі Б’ёрн Арыль Грам заявіў, што ў краіне існуе вострая неабходнасць у буйных інвестыцыях у абарону, каб быць гатовымі да магчымага канфлікту з Расеяй нават пасля сканчэння вайны ва Украіне, піша выданне «Verdens Gang».

Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Shutterstock

Рыхтавацца трэба ўжо цяпер, каб пры патрэбе своечасова адрэагаваць, лічыць Б’ёрн Арыль Грам, бо Расея ніколі не будзе такой, як еўрапейскія дзяржавы, расткі дэмакратыі ў ёй былі знішчаныя.

«Мы павінны разумець, што зародкі шляху Расеі да дэмакратыі пасля падзення камунізму даўно задушаныя. Няма ніякіх прыкметаў таго, што Расея будзе такой жа, як мы… – сказаў міністр абароны Нарвегіі. – Тых нешматлікіх расейцаў, якія наважваюцца пратэставаць, кідаюць у турму ці адпраўляюць на вайну. Там іх выкарыстоўваюць як гарматнае мяса. Там няма апазіцыі, няма свабоды прэсы, няма грамадзянскай супольнасці, якая магла б супрацьстаяць аўтарытарнаму рэжыму».

Каментар
Напад Расеі на краіны NATO – гэта «страшылка нейкага таблоіда» ці сапраўдная пагроза?
2024.01.15 17:54

Такая Расея, паводле нарвежскага чыноўніка, «застанецца з намі надоўга», у сувязі з чым нават пасля завяршэння вайны ва Украіне пагроза застанецца. Міністр мяркуе, што Расея можа змяніць свае планы і размяшчэнне сілаў пасля ўступлення ў NATO Фінляндыі і Швецыі, таму заклікаў павялічыць інвестыцыі ў абарону і вайсковыя вучэнні.

Імавернасць нападу Расеі на Еўропу аналізаваў былы камандзір арміі ЗША ў Еўропе, генерал-лейтэнант у адстаўцы Бэн Годжэз. На ягоную думку, канфлікт можа здарыцца да 2044 года. У сувязі з гэтым важна мець адэкватную супрацьпаветраную і супрацьракетную абарону ўва ўсёй Еўропе, лічыць былы вайсковец.

Аналітыкі Нямецкай рады замежнай палітыкі (DGAP) яшчэ летась падрыхтавалі спавешчанне, у якім называюць ваенную агрэсію Расеі супраць краінаў NATO практычна непазбежнаю.

Аналітыка
Расея нападзе на NATO праз 6-10 гадоў? На чым грунтуецца гэты прагноз і што азначае
2023.11.22 17:08

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў