«Будуй сваё»: стартаваў новы сезон праекту «Новай Беларусі» па лічбавым самакіраванні


6 лютага стартаваў новы сезон праекту лічбавага самакіравання «Новай Беларусі». Гэта ўнікальны праект, дзе беларусы і беларускі могуць самі прафінансаваць рэалізацыю сваіх ідэй.

«Будуй сваё». Стартаваў новы сезон праекту «Новай Беларусі» па лічбавым кіраванні. Фота прадастаўлена арганізатарамі праекту

«Новай Беларусь» – гэта пляцоўка, дзе сустракаюцца людзі з прагай захаваць сваю беларускасць, дзе нараджаюцца ідэі і збіраюцца грошы, каб рэалізаваць тыя з іх, якія абяруць самі ўдзельнікі праекту.

Летась праект па лічбавым самакіраванні быў пілотным. У 2023 годзе да праекту далучылася як мінімум 265 удзельнікаў (дакладная колькасць невядомая, бо частка людзей фундавала партнёрам свой адсотак ад падаткаў). Было сабрана каля 47 000 еўра, на якія ў Літве ўжо запусцілі бібліятэку беларускай кнігі, а ў Польшчы ствараюць сайт па сапраўднай гісторыі Беларусі.

Як пройдзе праект самакіравання «Новай Беларусі» у гэтым годзе і што будзе новага?

Новая назва

У новым сезоне праект запускаецца з адпаведнай яго каштоўнасцям назвай – «Будуй сваё».

«Беларусы і беларускі могуць будаваць свой дом, ствараць камфортнае для сябе асяроддзе, у якой краіне яны б ні жылі. Яны могуць самастойна не толькі ствараць, але і фінансаваць патрэбныя ім для гэтага праекты. У іх ёсць для гэтага ўсё неабходнае: любоў адзін да аднаго, прага і талент ствараць, рэсурсы рабіць гэта прафесійна і эфектыўна», – перакананыя арганізатары праекту.

Праект лічбавага самакіравання – гэта пляцоўка, дзе беларусы і беларускі могуць аб’яднаць свае рэсурсы і скіраваць іх на вырашэнне агульных праблем, лакальных і маштабных – будзь то беларускамоўны дзіцячы гурток ці онлайн-праект для атрымання новых прафесіяў.

Арганізатары заклікаюць беларусаў і беларусак з любой краіны далучыцца і будаваць сваё, са сваімі і для сваіх.

Новы маштаб

Сёлета ў праекце «Будуй сваё» змогуць паўдзельнічаць беларусы і беларускі з любой краіны, а не толькі з Літвы ці Польшчы, як летась. Для гэтага быў запушчаны новы кірунак праекту – Global. Гэта магчымасць усім аб’яднацца вакол агульнай мэты і адчуць, што ніякага падзелу паміж беларусамі няма, нягледзячы на кіламетры паміж імі.

Новая механіка

Пілотны праект выявіў недахопы распрацаванай механікі – у гэтым годзе арганізатары паведамілі, што выправяць іх. Напрыклад, вядома, што людзям не падабаецца фундаваць грошы на невядомыя ідэі. Таму ў гэтым годзе прыём ідэй стартуе неўзабаве пасля старту прыёму фундушаў.

Стала зразумела, што не ва ўсіх удзельнікаў і ўдзельніц з класнымі ідэямі ёсць досвед запуску праектаў. Каб яны адчувалі сябе больш упэўнена, будзе запушчаны навучальны блок пра рэалізацыю ідэй. А таксама створаная сістэма, каб аўтарам выдатных ідэй было неабавязкова іх самастойна рэалізоўваць.

Як далучыцца

Далучыцца да «Будуй сваё» можна наўпрост двума спосабамі:

1. Праз падатковую дэкларацыю: зафундаваць 1,5 % (у Польшчы) ці 1,2 % (у Літве) сваіх падаткаў на дабрачыннасць у партнёрскія ўстановы «Новай Беларусі» пры запаўненні дэкларацыі.

2. Праз унёсак: пералічыць ад 35 еўра.

Рэквізіты партнёраў праекту, гайды, як запоўніць дэкларацыю, таймлайн праекту, а таксама адказы на папулярныя пытанні, можна знайсці на сайце.

«Мы ўпэўненыя: беларусы і беларускі могуць запускаць маштабныя і значныя для супольнасці праекты самастойна на свае грошы, без дапамогі донараў і фондаў», – адзначаюць арганізатары праекту.

Учора больш за 265 беларусаў і беларусак стварылі бібліятэку і важны сайт. Сёння 5000 беларусаў і беларусак могуць запусціць онлайн-платформу для навучання ці рэабілітацыйны цэнтр для былых палітзняволеных.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў