Лукашэнка падпісаў указ пра вяртанне палітычных эмігрантаў


Аляксандр Лукашэнка 6 лютага падпісаў указ, які закранае пытанні вяртання ў краіны палітычных уцекачоў ад рэпрэсіяў у Беларусі. Пра гэта паведамляе «Пул Первого».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: gubopRB / Telegram

Паводле тэлеграм-каналу, згодна з указам будуць разглядацца «звароты грамадзянаў Беларусі, якія ўчынілі правапарушэнні».

«Гэтае пытанне трэба здымаць у грамадстве. Патрэбная развязка», – сказаў Лукашэнка на сустрэчы з генеральным пракурорам.

«І трэба глядзець не толькі збеглых. Хтосьці з-пад плінтуса вылезе – яны ж разумеюць, што мы іх усё роўна знойдзем. Хтосьці звернецца ў камісію. Вы ў камісіі ўжо разберацеся», – дадаў Лукашэнка.

У склад камісіі ў тым ліку ўвайшлі людзі, якія нібыта пацярпелі ў выніку правапарушэнняў.

«Натуральна, што мы гэта павінны арганізаваць і быць галоўнымі дзейнымі асобамі», – заявіў Лукашэнка.

Пры гэтым ён анансаваў вялікую нараду з сілавікамі, каб «пагутарыць адкрыта пра задачы і недахопы».

Абноўлена
Ціханоўская заклікала беларусаў зрабіць усё, каб засцерагчы сябе і блізкіх
2023.02.06 11:14

24 студзеня стала вядома, што ўлады Беларусі ствараюць міжведамасную камісію, якую ўзначаліць генеральны пракурор. Камісія будзе разглядаць пытанні беларусаў, якія пасля падзеяў 2020 года выехалі з краіны, а цяпер жадаюць вярнуцца.

«Тыя, хто цяпер за мяжою і жадае вярнуцца на радзіму, але чагосьці баіцца, будуць мець магчымасць звярнуцца (інфармацыя будзе размешчаная ўва ўсіх сродках масавай інфармацыі) у камісію і атрымаць адпаведныя тлумачэнні – пра магчымасць вярнуцца, наяўнасць або адсутнасць нейкіх прэтэнзіяў з боку дзяржаўных органаў да гэтай канкрэтнай асобы», – распавёў генпракурор Андрэй Швед.

Палітолаг Дзмітрый Балкунец назваў стварэнне камісіі пасткаю: Лукашэнку не дае спакою справа вяртання беларусаў, бо яму вельмі хочацца «перагарнуць старонку», як ён гэта бачыць, а паралельна – спыніць адток кадраў з Беларусі ды аслабіць санкцыі. Бо гэтыя фактары пачынаюць, відаць, моцна ўплываць на пэўныя сферы эканомікі.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў