Мянчанку затрымалі па падазрэнні ў блакаванні дарог. З содняў яна трапіла ў шпіталь


Жыхарка сталіцы Юлія Якубовіч праходзіць падазраванай у крымінальнай справе за блакаванне вуліцы Раманаўская Слабада. У сям’і 27 студзеня адбыўся ператрус, пасля чаго Юлію затрымалі і адправілі на 72 гадзіны на Акрэсціна. У выніку 32-гадовая жанчына правяла ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў 6 дзён. Падчас следчых дзеянняў 2 лютага Юлія страціла прытомнасць, ёй выклікалі хуткую дапамогу і адвезлі ў шпіталь.

«Я шчыра не разумею, як так можна абыходзіцца з чалавекам, з жанчынаю, каб яна знепрытомнела і трапіла ў больніцу. Мне сказалі, што Юля вельмі моцна знясіленая, абязводжаная і стомленая. Яна ляжыць пад кропельніцаю», – пракаментаваў сітуацыю Валер, муж Юліі.

Юлія Якубовіч разам з мужам і дачкою. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Як пазней даведаўся Валер, пасля затрымання ягоную жонку павезлі ў Цэнтральны РУУС, адтуль – на Акрэсціна. І так яе вазілі сюды-туды першыя трое содняў. Юліі часта і падоўгу даводзілася сядзець у халодным «стакане» аўтазаку – чакаць, пакуль усіх збяруць. Там жанчына моцна пераахаладзілася. Праз пастаянныя пераезды, імаверна, жанчына не мела магчымасці нармальна паесці і папіць, што ў цэлым і прывяло да шпіталізацыі.

У Юліі праблемы са здароўем, ёй нельга пераахалоджвацца – могуць быць сур’ёзныя наступствы. Каб перадаць жонцы на Акрэсціна неабходныя медыкаменты, Валер мусіў браць даведку з медычнай карты.

Без мамы засталася 4-гадовая Лія. На штодзённыя пытанні, дзе мама, яе пакуль што супакойваюць адказамі «на працы» і «ў больніцы». Ператрус у кватэры адбываўся ў прысутнасці маленькай Ліі.

«Ператрус чынілі працаўнікі ГУБАЗіКу з санкцыі пракурора. У цэлым яны паводзілі сябе адэкватна. Дачка нават спакойна ўспрыняла іхныя дзеянні», – згадвае Валер. Сілавікі сканфіскавалі 2 мабільныя тэлефоны, 2 ноўтбукі, 1 цвёрды дыск і 2 бел-чырвона-белыя сцягі з Пагоняю. Пасля ператрусу Юлію забралі ў РУУС. Яна хацела ўзяць з сабой ежу і вопратку на выпадак затрымання, але працаўнікі ГУБАЗіКу запэўнілі, што ў гэтым няма неабходнасці. Пасля допыту жанчыну затрымалі на 72 гадзіны.

Юлія Якубовіч разам дачкою Ліяй. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Як зразумеў Валер, ягонай жонцы нібыта прыпісваюць 2 эпізоды блакавання дарогі: 20 снежня 2020 года і 3 студзеня 2021 года. Усё на вуліцы Раманаўская Слабада.

«Мы тут жывём недалёка, на Гарадскім Вале. Можа быць, побач хадзілі з тым месцам. Усе пытанні ў іх былі толькі да маёй жонкі. Як толькі яе забралі, мы заключылі дамову з адвакатам, ён разаслаў паўсюль паведамленні, што абараняе Юлю. Але на першы допыт яго не запрасілі», – кажа Валер.

Такім чынам, на першым допыце ў межах крымінальнай справы інтарэсы і правы Юліі Якубовіч абараняў іншы адвакат – яго запрасіў следчы. Жанчыну апыталі ў статусе падазраванай паводле ч. 1. арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Як аказалася, Юлія прасіла адваката пазваніць сваякам, але ён гэтага не зрабіў. Жанчыну насцярожыла і тое, што дзяжурны адвакат пастаянна званіў кудысьці і нібыта раіўся.

Hавiны
«Апошняя апора ўладаў». Як ГУБАЗіК пераўтварыўся ў адзін з галоўных органаў палітычнага пераследу
2020.10.09 09:50

Пасля 72 гадзінаў Юлію затрымалі паўторна па тым жа артыкуле і на тых жа падставах, хаця паводле крымінальна-працэсуальнага кодэкса затрыманне не можа перавышаць 72 гадзіны. На другі ўжо выклікалі адваката, з якім сям’я заключыла дамову. Праз адваката сваякам перадалі, што магчыма сплаціць заклад 100 базавых велічыняў, каб Юлію адпусцілі з-пад варты да суда. Валер сплаціў гэтыя грошы, але пазней аказалася, што заклад ужо не патрэбны.

2 лютага і адвакат, і сваякі ўпершыню ўбачылі Юлію. Яе прывезлі на допыт у справе другога эпізоду.

«Мы сабралі ёй перадачу і прыехалі ў РУУС. Там убачылі, як аўтазак заехаў на тэрыторыю, а праз некаторы час Юлю вывелі. Работнікі ГУБАЗіКу сказалі, што трэба паўторна правесці ператрус у нас. Мы паехалі – яны хутка агледзелі кватэру і забралі шапку Дзеда Мароза. Жонка паспела хоць пераапрануцца і сказаць нам пару словаў. Пасля ператрусу сілавікі павезлі Юлю назад у РУУС», – згадвае Валер.

Допыт пра другі эпізод блакавання дарог так і не адбыўся – жанчыне стала блага, яна страціла прытомнасць. Хуткая дапамога адвезла Юлію ў больніцу № 1, дзе яна застаецца і цяпер.

Юлія Якубовіч не так даўно выйшла з дэкрэту, яна вучылася працаваць у сферы SMM. Марыла пра дыстанцыйную працу, каб больш часу прысвячаць сям’і. Да адміністратыўнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях яе не прыцягвалі.

«Мы ўсе ў шоку. Я сплю па 4 гадзіны. Сітуацыя жудасная і складаная. Жонка дакладна не нарабіла такой шкоды, каб з ёю такое адбывалася», – кажа Валер.

У Валера засталося шмат пытанняў. Ён не разумее, чаму Юліі не далі сустрэцца з ейным адвакатам, хаця той паведаміў, што яе абараняе. Чаму на першым апытанні прысутнічаў дзяжурны адвакат, калі ў яе была дамова з іншым? Чаму дзяжурны адвакат нічога не паведаміў сваякам, хаця Юлія яго пра гэта прасіла? Як магло здарыцца, што пасля сканчэння другіх 72 гадзінаў яна не паехала дадому, а трапіла ў больніцу?

Цяпер Юлія Якубовіч застаецца ў шпіталі. Пасля выпіскі яна будзе пад хатнім арыштам.

Hавiны
«Рвалі сваё адзенне на пракладкі». У беларускіх турмах працягваюцца катаванні
2021.02.01 18:38

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў