Чалавек, падобны на Румаса

Не хачу нікога пакрыўдзіць. Не хачу пакрыўдзіць банкіраў, якім даводзіцца сёння дрэнна – так дрэнна, што вось проста рыдаць разам з імі хочацца. Не хачу пакрыўдзіць членаў урада, вымушаных поўнай лапатай аграбаць за свае ліберальныя, прабачце непрыстойнае слова, перакананні. Не хачу пакрыўдзіць нават асабіста Сяргея Румаса, які мне вельмі і вельмі сімпатычны.

Але скажыце: а чаго вы ўсе хацелі?

Вы мірна працавалі, не чуючы крыкаў з Плошчы 2006 і 2010 года. Вам не перашкаджалі «хімія» Паўла Севярынца і Мікалая Статкевіча. І нават курапацкі фарпост Зміцера Дашкевіча і Ганны Шапуцькі быў проста па барабану. Гэта ўсё было ў нейкай іншай краіне. Не ў той, у якой вы жылі.

Дарэчы, у якой краіне вы жылі і жывяце?

Hавiны
«Наша Ніва»: Румас за мяжою, а вось ягоных сяброў маглі затрымаць
2021.02.03 15:31

Не, мяне не цікавіць, у якой краіне ў дадзеным выпадку знаходзіцца грамадзянін Беларусі Румас С.М. Няхай ён мірна працягвае там знаходзіцца. Хай яму нішто не пагражае. Хай яго сям’я ніколі не даведаецца, што такое арышт блізкага чалавека.

Сяргей Румас, прэм’ер-міністр Беларусі са жніўня 2018 году. Фота Alexander Astafyev / TASS / Forum

Але чалавек, падобны на Румаса С.М., быў банкірам, віцэ-прэм’ерам, банкірам, прэмʼерам і банкірам у дзяржаве, якой кіраваў Лукашэнка Аляксандр Рыгоравіч. І яму нішто не перашкаджала. І прафесійныя абавязкі не ўваходзілі ў канфлікт з сумленнем і асабістымі палітычнымі перакананнямі. І ён не рабіў ніякіх заяваў аб тым, што, маўляў, існуе пэўны дыскамфорт ва ўзаемаадносінах буйнога бізнесу і дзяржавы. І ён наогул не рабіў ніякіх заяваў. Ніякіх. Дагэтуль.

Тады чаму мы ўсе цяпер зрабілі выгляд, што магчымы крымінальны пераслед Румаса С.М. носіць палітычны характар? І хто наогул сказаў, што супраць Румаса С.М. адкрытая крымінальная справа? Ён што – ужо брат-

блізнюк Віктара Бабарыкі, які заявы рабіў, нязгоду выказваў публічна, у інтэрвʼю і прамовах, а таксама пацярпеў за гатовасць узначаліць дзяржаву? Так жа ўвесь гэты час Сяргей Румас толькі і рабіў, што адмаўляўся ад працы па дзяржаўнай перабудове. Не, не выключаю, што ён нават быў бы рады што-небудзь змяніць. Але яму не дазвалялі, а таму ён мірна прасіў аб адстаўцы, сыходзіў у адстаўку, вяртаўся з адстаўкі, і зноў у яе ныраў, радасна адфыркваючыся, падобна цюленю.

У судзе Маскоўскага раёну Менску пачаўся разгляд крымінальнай справы былых топ-менеджараў «Белгазпрамбанку».
Фота: Белсат

Так што цяпер адбылося – хто-небудзь растлумачыць? Толькі выразна. Якія-такія надзеі ўсе раптам пачалі ўскладаць на грамадзяніна Румаса? І чаму менавіта на яго – а не, скажам, на грамадзяніна Мясніковіча? Таксама ж – вядомы ліберал-рыначнік. А які багаты кіроўны вопыт! А які досвед перамоваў з Захадам аб выдзяленні крэдытаў! І колькі карысці ён можа прынесці краіне!

Затрымалі людзей з «кола Румаса»… Вялікае няшчасце для іх сем’яў. Прыміце шчырыя спачуванні. Але вось жа – было: затрымалі людзей з кола Бабарыкі. І многія з гэтых людзей пачалі даваць паказанні супраць таго, з «чыйго круга» яны былі. Тое, што і следства, і правасуддзе ў нас далёка не святыя, я таксама ведаю. Але давайце не будзем пісаць пра чый-небудзь «круг». Давайце будзем пісаць пра людзей. У кожнага з іх свой лёс. І свая рэпутацыя.

Падрыхтоўка да Усебеларускага народнага сходу, Менск, 6 лютага 2021 г.
Фота: АВ / Белсат

У нас, журналістаў і аналітыкаў, дылема. Мы пішам то пра рэальнага Румаса, то пра чалавека, падобнага на Румаса, але які існуе ў нашым уяўленні. Як спявалася ў песні, «Я тебя слепила из того, что было, а потом что было, то и полюбила». Мы ўсе раптам палюбілі Сяргея Мікалаевіча Румаса як нявінную ахвяру рэжыму, якая апошнія дваццаць гадоў свайго жыцця шчыра з гэтым рэжымам змагалася. І раптам – паўстала супраць рэжыму! Супраць дыктатуры! Супраць Лукашэнкі! Раптам! Прама зараз! Госпадзе, якое шчасце на нас абрынулася! Мы можам казаць пра раскол элітаў на тых, хто яшчэ падтрымлівае Лукашэнку, і тых, хто вось-вось пікне супраць яго што-небудзь малаўцямнае, калі раптам апынецца ў адноснай бяспецы.

Дык давайце хаця б дачакаемся, каб яно пікнула, гэта наша новае шчасце! Няўжо не зразумела, што Румас – гэта іншы, як прынята казаць, кейс? Не Чыгір і нават не Бабарыка.

Давайце дачакаемся. Мала ж засталося. Пачку папкорну зжаваць – не больш. А пакуль будзем спачуваць тым, хто рэальна знаходзіцца ў зняволенні і чые «справы» сапраўды палітычна матываваныя. Будзем спачуваць Віктару Бабарыку et cetera. А за Румаса будзем радавацца. Ён на волі.

Калі, безумоўна, ён на волі…

Гісторыі
Білі, пакуль не страціў прытомнасць. Нікога за гэта не пакаралі. Адкуль у сілавікоў карт-бланш на гвалт?
2021.02.06 07:26

Аляксандр Фядута/ИР belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў