«Украінскае грамадства мусіць ведаць пра сапраўдную сітуацыю ў Беларусі». Сацыёлаг пра стаўленне ўкраінцаў да беларусаў


Сацыялагічнае апытанне пра вынікі 2023 года, якое праводзіў фонд «Дэмакратычныя ініцыятывы» супольна з сацыялагічнаю службаю Цэнтру Разумкова ва Украіне, паказала, што 78 % грамадзянаў краіны адмоўна ставяцца да беларусаў. Прычым 57,6 % з гэтай катэгорыі выбралі адказ «адназначна негатыўна». Нейтральна ставяцца ўсяго 12 %, і гэта самы нізкі паказнік нейтральнасці ў дачыненні ўсіх суседзяў Украіны. Толькі 4,9 % рэспандэнтаў ставяцца пазітыўна да грамадзянаў Беларусі. Украінцы цяпер найлепш ставяцца да палякаў, а да беларусаў – найгорш у параўнанні з усімі суседзямі. Расею ў апытанне наагул не залучалі.

Чаму ўкраінскія сацыёлагі атрымалі такі вынік? Паспрабавалі разабрацца разам з Уладзімірам Валкоўскім, філосафам, выкладчыкам сацыялогіі, работнікам Інстытуту філасофіі НАН Украіны.

Філосаф, выкладчык сацыялогіі Уладзімір Валкоўскі. Крыніца: i-ua.tv

– Нечаканы вынік, калі шчыра. У любым разе за межамі Украіны мы, беларусы, ужо даўно не сутыкаемся з негатыўным стаўленнем да сябе, ды яшчэ такім масавым. У чым прычына? Хто вінаваты, калі выключыць ролю Лукашэнкі?

– Ад таго, як пастаўленае пытанне, залежыць палова адказу. На мой погляд, пытанне ў гэтым выпадку было пастаўленае некарэктна. Яно гучыць: як вы ставіцеся да жыхароў Беларусі? А тут шмат нюансаў: як зразумець, пра каго канкрэтна гаворка, – жыхар, просты мінак альбо чалавек, які падтрымлівае рэжым. Мусяць былі быць удакладняльныя пытанні. Мы не ведаем, што менавіта рэспандэнт уклаў у свой адказ. Не выключана, што ён такім чынам асуджае, калі можна так сказаць, лукашэнкаўскую «каўбасную партыю», якую ўсё задавальняе, альбо саму палітыку Лукашэнкі, якую чалавек лічыць палітыкаю Беларусі. Бо трэба было дакладна размежаваць, пра што канкрэтна пытаюцца: пра рэжым або народ.

– Мінула тры гады пасля падзеяў 2020 года, але мы сутыкаемся з тым, што шмат якія ўкраінцы слаба інфармаваныя пра сітуацыю ў Беларусі. Чаму? Нават пра рэпрэсіі, якія працягваюцца кожны дзень, далёка не ўсе ведаюць.

– Я думаю, гэта ў першую чаргу недапрацоўванне ўкраінскіх медыяў. Раней уплывалі стэрэатыпы, бо вельмі шмат якія ўкраінцы сімпатызавалі Лукашэнку, думалі, ён моцны гаспадарнік, абараніў краіну ад алігархаў, ад развалу і гэтак далей. Недзе 70 % украінцаў пазітыўна ставіліся да кіраўніка Беларусі, і толькі 30 % – да ўласнага прэзідэнта Украіны. Бо Лукашэнка быў аддаленым вобразам ідэальнага лідара. Цяпер даводзіцца гэта пераадольваць. На мой погляд, сёння неабходная шчыльная супраца паміж украінскімі і беларускімі медыямі.

– Можа, прычына яшчэ і ў розных менталітэтах? Беларусы значна больш інфармаваныя аказаліся пра сітуацыю ў сваіх суседзяў, і не толькі ва Украіне.

– Мы, несумненна розныя народы. Але менталітэт – гэта міф. Я не веру ў існаванне ніякага менталітэту нацыянальнага, нават калі будзем казаць пра кітайцаў. У гэтым выпадку, па-першае, важна прасачыць, як мяняецца масавая свядомасць пад уплывам пэўных падзеяў, і як папярэднія стэрэатыпы рэагуюць на рэальнасць, якая існуе цяпер. Па-другое, разбураецца стэрэатып украінскі пра мірных беларусаў, якія выбралі гэтага добрага «бацьку». А гэты «бацька» аказаўся заадно з агрэсарам, які на нас напаў. Вось гэтая рэфлексія масавай свядомасці – увогуле асобная нагода для вывучэння. Па-трэцяе, украінцы мала цікавяцца замежнаю рэальнасцю. Увагу звяртаюць туды, дзе ёсць нейкі больш значны персанаж.

Вайсковец на мыліцах глядзіць на мемарыяльны помнік, нядаўна пастаўлены ў гонар загінулага ўкраінскага салдата Аляксандра Маціеўскага, у Кіеве. Пры канцы снежня 2022 года расейскія жаўнеры расстралялі  Аляксандра Маціеўскага за словы «Слава Украіне» і выклалі гэтае відэа ў інтэрнэт. Кіеў, Украіна. 7 снежня 2023 года.
Фота: Roman Pilipey / AFP / East News

– Ці можна гэтыя вынікі апытання лічыць больш-менш адпаведным настроем украінцаў?

– Мяркую, трэба зрабіць паўторнае даследаванне на гэтую ж тэму, але з цалкам іншым апытальнікам. Трэба было б рэспандэнтаў падзяліць на групы і задаваць пытанні з удакладненнямі. Гэта неабходна, каб атрымаць абʼектыўную карціну.

– Ці можа публікацыя такіх не зусім дакладных апытанняў уносіць раскол у дачыненні ўкраінцаў і беларусаў у такой няпростай сітуацыі?

– Абсалютна! Я нават вось цяпер заўважаю напампоўванне ботафермаў на супрацьстаянне ў сеціве. Клін спрабуюць убіць паміж самымі ўкраінцамі – паміж уцекачамі і пакінутымі, паміж пакінутымі і перасяленцамі, паміж еўрапейцамі і ўцекачамі, паміж украінцамі і беларусамі, паміж беларусамі і літоўцамі. Пастаянна ідуць інфармацыйныя ўкіды, скіраваныя на палярызацыю дачыненняў.

Агляд
З бязвізам, але без пашпарта. Што беларусам далі ў 2023 годзе і што ў іх адабралі
2023.12.31 08:00

– Як супрацьстаяць гэтаму ў цяперашняй сітуацыі?

– Нашая задача – працаваць супраць прапаганды ўзаемнай нянавісці. Урад Украіны павінен казаць пра тое, што беларусы праліваюць кроў за Украіну. Казаць, што свабода ў Беларусі – перамога Украіны. Без свабоднай Беларусі не будзе свабоднай Украіны, і наадварот.

Мы мусім ствараць пляцоўкі ўзаемнай супрацы. Трэба кантактаваць, праводзіць журналісцкія форумы, супрацоўнічаць паміж рэдакцыямі. Трэба прасоўваць пэўныя пазітыўныя ініцыятывы. Трэба стварыць выставу пра беларусаў, якія пралілі сваю кроў за ўкраінскі народ, і гэтая выстава павінна праехаць па ўсёй Украіне. Мэта простая – украінскае грамадства мусіць ведаць пра сапраўдную сітуацыю ў Беларусі.

Любоў Лунёва belsat.eu

Стужка навінаў