Праваабарончы цэнтр «Вясна» падвёў вынікі крымінальнага пераследу і асуджэння грамадзянаў з палітычных матываў за 2022 год.
![Исправительная колония № 3, Витьба, Беларусь](/assets/images/image-placeholder-3.svg)
Папраўчая калонія № 3. Віцьба, Беларусь. Ліпень 2022 года.
Фота: Акім Крумкач / Белсат
За мінулы год «Вясне» ўдалося сабраць звесткі пра не менш як 1242 асуджаных паводле палітычных матываў, сярод іх 942 мужчыны і 300 жанчын. Сумарна ім прысудзілі:
- 2501 год і 3 месяцы пазбаўлення волі для 636 асобаў;
- 6 месяцаў пазбаўлення волі з умоўным неўжываннем пакарання для 1 асобы;
- 452 гады і 2 месяцы «хіміі» для 190 асобаў;
- 893 гады і 6 месяцаў «хатняй хіміі» для 373 асобаў;
- 5 гадоў і 7 месяцаў арышту для 24 асобаў;
- 2380 базавых велічыняў штрафу ў якасці асноўнага пакарання для 12 асобаў;
- 38 010 базавых велічыняўштрафу ў якасці дадатковага пакарання для 144 асобы;
- прымусовыя меры бяспекі і лячэння ў псіхіятрычным стацыянары са звычайным наглядам для 6 асобаў;
- прымусовыя меры бяспекі і лячэння разам з іншымі відамі пакарання ў дачыненні 9 асобаў;
- 20 гадоў пазбаўлення права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў для 4 асобаў разам з пазбаўленнем волі кожнага;
- 5 гадоў пазбаўлення права займаць пасады, звязаныя з праходжаннем службы ў праваахоўных органах, для 1 чалавека;
- пазбаўленне вайсковых званняў для 2 асобаў разам з пазбаўленнем волі.
Агулам палітычна матываванае пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, яе абмежаваннем у выглядзе «хіміі» і «хатняй хіміі», арышту і прымусовых мер стацыянарнага характару, суды ўжывалі ў 98,95 % выпадках асуджэння палітвязняў.
Найбольш выракаў суды вынеслі паводле артыкулаў 342 («Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і 368 («Абраза Лукашэнкі») Крымінальнага кодэксу.
Найбольш асуджаных было ў Менску (542 чалавекі), а таксама на Берасцейшчыне і Гомельшчыне (па 166 асобаў).
Якуб Хруст belsat.eu