Нота Мінабароны, абвінавачванне Сапезе і адʼезд палітвязня. Галоўнае за 5 снежня


Belsat.eu падводзіць вынікі нядзелі, 5 снежня.

5 снежня Мінабароны перадала ноту пратэсту вайсковаму аташэ пры амбасадзе Украіны ў Беларусі з нагоды інцыдэнту на мяжы, пра які стала вядома ў суботу. Паводле беларускага боку, 4 снежня ўкраінскі верталёт Мі-8 нібыта парушыў беларускую мяжу ў раёне Новай Рудні. Але ўкраінскі бок зняпраўдзіў тую заяву.

Акрамя ноты пратэсту з боку Мінабароны, здарэнне ў раёне Новай Рудні нязвыкла жорстка пракаментавалі ў Мазырскім памежным атрадзе: там паабяцалі, што пры ўзнікненні ў далейшым выпадкаў парушэння дзяржаўнай мяжы «беларускія памежнікі будуць дзейнічаць вельмі жорстка».

Грамадзянке Расеі, дзяўчыне Рамана Пратасевіча Соф’і Сапезе выставілі канчатковае абвінавачванне: «Распальванне варожасці групай асобаў» (ч.3 арт. 130 КК РБ). Дзяўчыне пагражае 6 гадоў пазбаўлення волі з улікам заключанага дасудовага пагаднення. Цяпер яе трымаюць пад хатнім арыштам у Лідзе. Справу палітзняволенай неўзабаве маюць перадаць у суд у Менску.

Як стала вядома «Белсату», палітвязень Міхаіл Чамурака ўцёк з «хіміі» і пакінуў Беларусь. Яго асудзілі да трох гадоў «хіміі» паводле арт. 188 Крымінальнага кодэксу («Паклёп»), а нядаўна на палітвязня распачалі новую справу – паводле арт. 130 Крымінальнага кодэксу («Распальванне варожасці»).

Сёння ў сеціва трапіў ліст, які сваім кліентам разаслаў украінскі OTP Bank. З дакументу вынікае, што нямецкі Deutsche Bank спыняе правядзенне разлікаў у доларах і еўра з дзяржаўнымі банкамі і кампаніямі Беларусі.

Хаця мігранты паступова вяртаюцца на радзіму, а колькасць парушэнняў на мяжы значна знізілася, польскія сілавікі паведамілі пра новую спробу прарыву: напярэдадні на ўчастку каля Дубічаў Царкоўных група з 30 чалавек спрабавала штурмаваць мяжу. Агулам 4 снежня польскія памежнікі зафіксавалі 43 спробы нелегальнага пераходу польска-беларускай мяжы. Таксама стала вядома пра новую ахвяру міграцыйнага крызісу: у Польшчы памерла жыхарка Курдыстану, якая трапіла ў Гайнаўскі шпіталь у цяжкім стане з памежнай паласы з боку Беларусі. Пракуратура распачне следства па гэтым факце.

Тыдзень
Новыя санкцыі Захаду і паступовая рэпатрыяцыя мігрантаў. Падсумоўваем тыдзень у жывым эфіры
2021.12.05 21:05

РР belsat.eu

 

Стужка навінаў