Пластыкавыя карткі для таксафонаў перастануць выпускаць. Таксафоны – усё?


«Белтэлекам» з 1 студзеня 2022 года спыніць выпуск электронных пластыкавых картак для таксафонавай сувязі. Самі карткі можна выкарыстаць да канца 2021 года.

Таксафон.
Фота: beltelecom.by

У час, калі кожны мае мабільны тэлефон, некаторым давядзецца тлумачыць, што такое таксафон. Гэта платны стацыянарны тэлефон, які размяшчаюць на вуліцах і будынках для агульнага карыстання. Калісьці за іх можна было плаціць манетамі, пазней – пластыкавымі картамі. На таксафоны цяпер можна атрымліваць і ўваходны выклік.

Таксафоны не «вымруць»: застаюцца сэрвісныя тэлефонныя карткі (якія не трэба ўстаўляць у прымальнік картак, а толькі ўвесці PIN-код) і віртуальныя сэрвісныя карткі (купіць тарыфныя адзінкі можна праз рахунак мабільнага тэлефона, PIN-код вышлюць праз SMS).

Цяпер таксафонаў засталося зусім няшмат. Напрыклад, у Менску іх усяго 130 – па адным таксафоне на 15 тысячаў чалавек. Адрасы таксафонаў па ўсёй Беларусі ёсць на сайце «Белтэлекаму».

Чаму гэта важна

Летась падчас масавых акцыяў пратэсту ўлады адключалі доступ да інтэрнэту, а часам і мабільную сувязь у месцах пратэстаў. Таксафоны ж працавалі нават у ночы самых брутальных разгонаў дэманстрацыяў.

АА belsat.eu

Стужка навінаў