Былы працаўнік «Нафтану» Дзяніс Абрамовіч: Прадпрыемствам кіруюць сілавікі

«Содні за рэпосты, як наступства – звальненне, ператрусы, вербаванне», – кажа былы працаўнік «Нафтану» Дзяніс Абрамовіч, які звольніўся з заводу ў пачатку лета. Навіны з цэхаў ведае ад сваіх калегаў, якія засталіся там працаваць і падтрымліваюць з ім сувязь.

З Дзянісам Абрамовічам размаўляла Арына Маліноўская.

Былы працаўнік «Нафтану» Дзяніс Абрамовіч. Фота: Белсат

– Які цяпер сярэдні заробак на «Нафтане»? Як ён змяніўся за апошні год?

– Я не магу апеляваць лічбамі. Любая інфармацыя лічыцца дзяржаўнаю таямніцаю, ніхто такой інфармацыі не выдае. Нават у кантракце прапісана, што працаўнік «Нафтану» не мае права казаць памеру свайго заробку. Магу толькі ведаць па паведамленнях людзей адтуль. Са мною спісваюцца, звязваюцца хлопцы, сябры, знаёмыя. Апошнім паведамленнем было, што заробак упаў. Яны ўзялі цяпер і паднялі аклады, а прэміі паменшылі. Раней прэміі складалі ад заработнай платы да 90 %, а цяпер сказалі, прэміі будуць 35–40 %. Гэта значыць, яна ўжо будзе нашмат меншая, затое аклад паднялі на тых жа 20–30 %. Гэта значыць, акладу зрэзаць не могуць, не маюць права. Хоць, як у нас гаворыцца, часам не да законаў. Узровень жыцця нафтаперапрацоўшчыкаў-нафтанаўцаў будуць спрабаваць падтрымліваць максімальна доўга. На годным, на іхнае меркаванне, узроўні. Гэта значыць, галоўная мэта Лукашэнкі цяпер – захаваць дастатак людзей на тым жа ўзроўні, на якім ён быў. Прычым захаваць дастатак людзей там, дзе яны прыносяць яму залатыя яйкі. «Нафтан» прыносіць Лукашэнку залатыя яйкі. Аднак унутры людзі не згодныя, і з гэтым даводзіцца змагацца.

– Паведамлялася, што ў жніўні 2020 года страйкавалі рабочыя на заводзе, хоць афіцыйна гэта адмаўлялі. Ці былі рэальныя забастоўкі на прадпрыемстве на працягу года?

– Не. Ніякіх забастовак на «Нафтане» не было. Калі хтосьці італьянскую забастоўку сабе ладзіў, магчыма, такое і было. Людзі былі вельмі раздражнёныя, азлобленыя, адчувалі сябе падманутымі. Людзі выйшлі да кіраўніцтва заводу пасля таго, як у горадзе былі дні тэрору. Я назіраў са свайго акна з дыспетчарскай. Гэта ўражлівае відовішча. І гэта выйшла прыстойная частка тых, хто на змене працуе. Выйшлі людзі, якія былі ў той момант на працы. А колькі яшчэ людзей было ў горадзе, у адгул з ночы, у адпачынку, хтосьці пабаяўся выйсці.

Алесь Аляхновіч: Палітычны крызіс закранае не толькі эканоміку, немагчыма развіваць медыцыну, адукацыю і іншыя галіны

А пра забастоўкі… Ніхто не страйкаваў з адной простай прычыны. Нельга ўзяць і сказаць: машына, стой – раз, два. Завод вельмі складаны, у ім цыркулюе велізарная колькасць прадуктаў, гэта і ціск, і тэмпература, і шкодныя рэчывы. І проста ўзяць ды спыніць нават сваю ўстаноўку, калі гэтага захочуць 5–10 чалавек… Ніхто не адважыцца на такое. Страх начальства перад наступствамі прыняцця нейкіх рашэнняў відавочны. Я лічу, што чалавек, які не згодны з сістэмай, які хоча нешта зрабіць, які не згодны, што аб яго выціраюць ногі, які не згодны, што яго трымаюць за, прабачце мяне за такое слова, быдла – яму трэба зрабіць усяго толькі некалькі крокаў. Першы – гэта выйсці з прафсаюзу, які і прафсаюзам не ёсць. Многія людзі змаглі яго зрабіць. Другі крок – гэта ўступіць у новы прафсаюз, у беларускі незалежны прафсаюз. Ён ужо быў на «Нафтане», і гэта зрабілі больш за 500 чалавек, на піку было 600 чалавек у БНП, з іх 85 пенсіянераў. Трэці крок – гэта сыходзіць у стачку, страйк абʼяўляць. Я сябе не залічаю да гэтых годных людзей, бо ў стачку трэба было сыходзіць, магчыма, яшчэ раней. Як кажа проста сярэдні работнік заводу: але ў мяне ж сямʼя, дзеці, мне ж трэба карміць, паіць, апранаць, абуваць. І кожны чалавек, які жыве цяпер у Беларусі, кожны чалавек, які працуе на дзяржаўным прадпрыемстве, найперш думае пра сябе. Гэта разумна.

Былы працаўнік «Нафтану» Дзяніс Абрамовіч. Фота: Белсат

– Ці былі прыкметныя скарачэнні колькасці рабочых на заводзе? Там ёсць нястача кадраў?

– Хлопцы пішуць, што ўсе змены недаўкамплектаваныя на заводзе: звольненыя плюс ковідныя. Не забываем, што цяпер ковід яшчэ шугае ў краіне. Чалавек захварэў – сышоў, на ягонае месца павінен быць запасны работнік. А яго, напрыклад, цяпер няма. Кажуць, яшчэ трохі – і кіраваць рэактарнымі вузламі не будзе каму. І прыводзяць хлопчыкаў і дзяўчатак, я цытую. Каб навучыць здольнага апаратчыка кіраваць рэактарным вузлом, для самастойнай працы неабходна 2–3 гады. А часам і 5 гадоў трэба будзе мучыцца. Нават калі гэта чалавек дастаткова адукаваны, яму трэба час, каб набрацца досведу. Уявіце. Вам кажуць: ідзі зачыні нейкі клапан наверсе рэактара Р-1 або засаўку. А куды бегчы? Дзе гэтая засаўка? Да яе, да прыкладу, 50 метраў або 100. На якой яна вышыні? А якая гэтая засаўка менавіта? Там яшчэ 5 засавак, пераблытае. Варта яму зачыніць не тую засаўку – і ўстаноўка спынілася. А варта яму адкрыць не тую засаўку – і наступствы нашмат больш сурʼёзныя.

– Вы падтрымліваеце сувязь з дзейнымі працаўнікамі «Нафтану»? Якая цяпер абстаноўка на заводзе? Ці ёсць там паказальныя звальненні?

– Паказальнымі звальненнямі цяпер яны імкнуцца нагнаць яшчэ больш страху і цалкам падпарадкаваць слабахарактарных. Шмат хто бурчыць, абураецца, але маўчыць. Пакуль плацяць – будуць трываць. Але ахвочых зʼехаць шмат. Думаю, не менш за 10–15 %, кажа мне чалавек. Цяпер, напэўна, 10–15 % работнікаў ужо маюць другую падпрацоўку. 20–25 % шукаюць другую падпрацоўку ці ўжо навучаюцца якой-небудзь справе. Каля 20 % задумваюцца, што час шукаць план Б, астатнія чакаюць, пакуль певень не дзеўбане. Я зачытаю паведамленні ад рабочых, якія яны мне даслалі:

«Некаторыя начальнікі кажуць: «Нафтан» – дзяржаўнае прадпрыемства, такім чынам, яно вызнае дзяржаўную ідэалогію». Насамрэч гэта падмена паняццяў. «Нафтан» – гэта дзяржаўнае прадпрыемства, так. Але дзяржава – гэта не Лукашэнка і ягоныя сінія пальцы. Цяпер «Нафтанам», дый любым іншым буйным прадпрыемствам не кіруюць начальнікі розных узроўняў, імі кіруюць сілавікі. Ну, з КДБ заселеныя ва ўправу «Нафтану». І атрымалі розныя паўнамоцтвы. Іхнае зʼяўленне на прадпрыемстве можна выразна ўбачыць. Пачаліся аблавы, начныя здымкі на камеру мужчынамі ў масках, ціхарамі. Усё гэта складнікі атрыбутыкі турэмнага побыту.

ААТ «Нафтан» – буйны нафтаперапрацоўчы i нафтахiмiчны комплекс, якi выпускае розныя вiды палiва, масла змазачнае i бiтумы, араматычныя вуглевадароды i прадукты нафтахiмii. 11 верасня 2021 года. Наваполацк, Беларусь. Фота: Белсат

І, вядома, сілавікам не падабаецца наяўнасць БНП на заводзе. І таму яны робяць усе намаганні для яго ліквідацыі, нягледзячы на стаж і досвед работнікаў. Яны дзеюць сіламі ўнутры прадпрыемства: аблавы асабліва перад заканчэннем кантракту, праверкі, прэсінг. Таксама звяртаюцца да дапамогі сваіх калег – і міліцыі, і КДБ. Содні за рэпосты, у наступстве – звальненні, ператрусы, вербаванне нават. Стаўленне большасці начальнікаў да наяўнасці бээнпэшнікаў на заводзе і канкрэтна ў іхным падраздзяленні сфармаванае наяўнасцю праблемаў ад вышэйшага кіраўніцтва і непасрэдна сілавікоў з кіравання прадпрыемствам. Наяўнасць у начальнікаў сваіх падраздзяленняў бээнпэшнікаў суправаджаецца галаўным болем ад пастаянных размоваў з кіраўніцтвам пра гэта. Выпрацоўванне плану для іхнай ліквідацыі, неспакой ад аблаваў і праверак, пагрозаў ад сілавікоў: альбо ты іх, альбо мы цябе. Гэта падахвочвае начальнікаў весці для пачатку прыязную папераджальную размову пра сяброўства ў прафсаюзе і рэкамендацыі хутчэй пакінуць яго. Мае месца вялікая дыскрымінацыя паводле прафсаюзнай прыкметы. Напрыклад, сябрам дзяржаўнага прафсаюзу могуць прабачыць прыход на працу ў пʼяным выглядзе, гэта цягне толькі пазбаўленне прэміі ды надбавак на пэўны перыяд, з імі без праблемаў заключаюць кантракт. У той час як за пераход у неналежным месцы бээнпэшніка – адразу дысцыплінарная адказнасць і ўручэнне паведамлення пра непадаўжэнне кантракту. Начальнікі некаторыя не саромеюцца казаць, што прэсінг на сябраў БНП на заводзе будзе працягвацца і нават узмацняцца».

Былы працаўнік «Нафтану» Дзяніс Абрамовіч. Фота: Белсат

– На «Нафтане» сабралі каля 3000 подпісаў за новыя выбары. Што стала з супрацоўнікамі, якія падпісалі гэтыя лісты?

– Ды нічога не стала. Яны проста дзесьці, магчыма, у кагосьці на алоўку. А што ты зробіш? Звольніш 3500 чалавек, ці што? Не звольніш ніяк. Яны БНП звольніць не могуць ніяк, пазбаўляюцца, як могуць. Што яны робяць з БНП? Бяруць чалавека, выклікаюць да сябе і кажуць, прыкладам, вось так: маўляў, Дзяніс, ну выходзь з БНП, калі ласка, бо ну ці табе вечка, ці мне, калі ты выйдзеш з БНП, тады далей будзем працаваць, а калі ты застанешся там – мне галаўны боль і табе. Я кажу: маўляў, не выйду, я ж маю права быць у БНП, у любым прафсаюзе, які я хачу, гэтае права запісанае нават у Канстытуцыі, у працоўнай дамове, дзе заўгодна можа быць запісана, я маю на гэта права, гэта факт. А ну тады, маўляў, табе не працягнем кантракту, тады цябе пакараем як-небудзь, любая правіннасць.

Фота: Белсат

Мне паведамілі апошнюю інфармацыю, што не падпісваюць ужо загадаў, не даюць звальняцца. Ты ідзеш да начальніка, кажаш, што не хочаш працаваць далей, кантракт яшчэ не падышоў, але хочаш звольніцца на пагадненне бакоў, бо надакучылі гэтыя праверкі, гэтае ўсё. І табе адказваюць – не. Я адказваю таварышу, калі не даюць звальняцца, не падпісваюць звальнення, каб пераходзіў у БНП. І тады коркам з заводу ўмомант вышыбуць.

АМ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны