«Такога народу дэпутаты раней не бачылі». Горадня – першы Вольны горад


Падчас пратэстаў мінулага года Горадня зрабіла сапраўдны фурор і праславілася на ўсю Беларусь як першы Вольны горад. Гарадзенцы дамагліся таго, што мясцовыя ўлады пайшлі на дыялог і саступкі, а ў горадзе чатыры дні адбывалася сапраўднае свята свабоды.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ВМ / Белсат

Мірныя шматтысячныя мітынгі і шэсці, прыгожыя жаночыя акцыі салідарнасці, штодзённыя акцыі пратэсту – і незабыўная эйфарыя, калі шмат хто паверыў, што беларусы здабылі перамогу і ў рэжыму няма ніякіх шанцаў. «Белсат» працягвае згадваць галоўныя словы беларускай рэвалюцыі.

Гісторыя вольнага гораду Горадні ды наогул беларускіх пратэстаў пачалася яшчэ 29 траўня 2020 года: менавіта тут на перадвыбарчым пікеце для збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую брутальна затрымалі блогера Сяргея Ціханоўскага і ягоных паплечнікаў. Гэта падзея ўскалыхнула беларускае грамадства, ужо на наступны дзень да пікетаў для збору подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў ва ўсёй краіне паўсталі вялізныя чэргі.

Увечары 9 жніўня пасля выбараў на цэнтральную гарадскую плошчу Горадні выйшлі каля 500 чалавек. Тады ж адбыліся затрыманні: цэнтр гораду ачапілі сілавікі, якія палявалі на гарадзенцаў і кідалі іх у аўтазакі. Зачыстка места працягвалася тры дні: і калі хтосьці аказваўся ў цэнтры пасля 18-й гадзіны, ён сур’ёзна рызыкаваў не вярнуцца дадому.

Усё змянілася 12 жніўня, калі побач з мясцовым аўтавакзалам паўстаў першы жаночы ланцуг. Зранку гарадзенкі пачалі аб’ядноўвацца ў адмысловых тэлеграм-чатах, каб выступіць разам супраць гвалту на вуліцах. Тады, у сітуацыі няўпэўненасці, пасля трох дзён жаху, больш як 500 жанчын не пабаяліся выйсці ў белых сукенках з кветкамі ў руках. І матываваць гэтым працоўных: у размове з «Белсатам» былы супрацоўнік «Горадня Азот» Сяргей Шэлест згадваў, што менавіта тая жаночая акцыя стала штуршком да таго, каб сотні працоўных прадпрыемства выйшлі на вуліцу.

«Што мы, не мужыкі? Не можам падтрымаць нашых жанчын? Гэта стала сапраўдным натхненнем для ўсіх нас», – кажа Сяргей.

На наступны дзень, 13 жніўня, працоўныя з розных прадпрыемстваў пачалі абвяшчаць аб стачках і забастоўках. На акцыі ў ланцугі салідарнасці выйшлі сотні медыкаў – з плакатамі, у белых халатах. Вечарам таго дня па цэнтральных вуліцах гораду рушыў вялізны марш з некалькіх тысячаў чалавек: спачатку выйшлі азотаўцы, да іх дарогаю далучаліся працоўныя з іншых прадпрыемстваў і ўстановаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ВМ / Белсат

Гэты ўздым спалохаў улады: на наступны дзень на буйныя прадпрыемствы пачалі ездзіць чыноўнікі, сярод якіх «мэр» гораду Мечыслаў Гой і начальнік УУС Гарадзенскага аблвыканкаму Вадзім Сіняўскі. Яны спрабавалі супакоіць людзей, але гэта выходзіла кепска. Працоўныя эмацыйна выказвалі ў твар чыноўнікам, што думаюць наконт гвалту сілавікоў, які закрануў практычна кожнага, патрабавалі адстаўкі Лукашэнкі і новых выбараў.

«Горадняпрамбуд», «Азот», «Хімвалакно» – інтэрнэт абляталі відэа, на якім рабочыя пад агульны гул уздымалі сотні рук у адказ на пытанне, хто галасаваў за Ціханоўскую. Сінхронна з гэтым у горадзе ўздоўж дарог дзясяткамі паўставалі ланцугі салідарнасці, адбываліся акцыі. Выходзілі і прадстаўнікі культуры, мастацтва, студэнты і пенсіянеры. Здавалася, увесь горад выйшаў. Арганізаваўся вялікі валанцёрскі рух – валанцёры падвозілі ваду пратэстоўцам, арганізоўвалі транспарт, прыбіралі тэрыторыю пасля акцыяў.

16 жніўня адбыліся мітынг і шэсце – самыя вялікія за ўсю гісторыю гораду. З насельніцтвам крыху больш за 350 тысяч чалавек на гарадскую плошчу тады выйшла больш за 40 тысяч чалавек – такога не было ніколі. Шмат хто з мітынгоўцаў згадваў пазней, што панавала сапраўдная эйфарыя і вера ў тое, што яны перамаглі. Ніхто і падумаць не мог, што рэжым пасля такога народнага ўздыму выстаіць.

Група грамадскіх актывістаў утварыла Раду народнага даверу, яны склалі спіс патрабаванняў да ўладаў і пайшлі ў гарвыканкам. Чыноўнікі ўпершыню выйшлі на плошчу да людзей, дзе сабраўся шматтысячны мітынг.

Пратэстоўцы патрабавалі спыніць рэпрэсіі і прыцягнуць да адказнасці сілавікоў, якія здзяйснялі гвалт на вуліцах і ў ізалятарах часовага ўтрымання, адправіць у адстаўку кіраўніцу Цэнтрвыбаркаму Лідзію Ярмошыну і Аляксандра Лукашэнку.

Сярод мясцовых патрабаванняў былі: трансляцыя мітынгаў на мясцовым тэлебачанні, дазвол збірацца на цэнтральных плошчах (Савецкай і Леніна), дапамога ўладаў у правядзенні мітынгаў, вызваленне ўсіх затрыманых у папярэднія дні, спыненне вытворчасці і адмена штрафаў, накладзеных на пратэстоўцаў, выхад дэпутатаў на плошчу для дыялогу з людзьмі.

Практычна ўсе мясцовыя патрабаванні выканалі: людзям дазволілі збірацца на плошчы Леніна без наступных рэпрэсіяў, сталі трансляваць мітынгі на дзяржаўным рэгіянальным тэлебачанні і нават паабяцалі дапамагчы з электрычнасцю на плошчы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ВМ / Белсат

17 жніўня на плошчы сабралася каля 20 тысячаў чалавек. Да іх выйшлі дэпутаты, але дыялогу не атрымалася. У гарадзенцаў папрасіў прабачэння начальнік УУС Гарадзенскага аблвыканкаму Вадзім Сіняўскі.

«Афіцыйна прыношу прабачэнні грамадзянам, якія былі затрыманыя і пацярпелі ў выніку прымянення фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў. Па ўсіх фактах зваротаў грамадзянаў з нагоды прычынення шкоды здароўю арганізаваныя разбіральніцтвы. Аб выніках праверак зацікаўленыя асобы будуць паінфармаваныя ва ўстаноўленым парадку. У цяперашні час затрыманыя за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах грамадзяне вызваленыя. Усім ім аказаная дапамога ў дастаўцы да месца жыхарства», – заявіў абласны прадстаўнік МУС.

«Сярод прапановаў маёй ідэяй было выклікаць дэпутатаў «на дыван» перад плошчай і трансляваць усё ў жывым эфіры. Думаю, дэпутаты да гэтай пары не могуць гэтага перажыць: такога беларускага народу яны ў сваім жыцці ніколі не бачылі», – кажа адна з чальцоў Рады народнага даверу, дырэктарка гарадзенскага дзіцячага госпісу Вольга Вялічка.

Аднак, паводле яе, больш важнае тое, што тады пабачылі людзі.

«Гарадзенцы ўбачылі, наколькі гэтыя дэпутаты не ўмеюць размаўляць з людзьмі, наколькі яны не разумеюць людзей і адсталі ад рэальнага жыцця. Я слухала нейкія піянерскія лозунгі, што яны агучвалі, і не магла паверыць сваім вушам. Чаго толькі варта, калі адна з дэпутатак крычала людзям: «Вы мяне не выбіралі, каб я стаяла тут і слухала вашае «Фу». У мяне быў шок», – прыгадвае Вольга.

На плошчы людзям давалі магчымасць выказацца ў мікрафон. Зразумеўшы, што ахвочых вельмі багата, побач з плошчай утварылі «будкі галоснасці»:

«26 гадоў людзей ніхто не слухаў, і ў іх настолькі набалела і накіпела, што людзі выстройваліся ў вялікія чэргі, каб расказаць пра свае праблемы. У першы дзень усё запісвалі валанцёры, пазней людзей запісвалі на відэа. Гэтыя запісы ў нас захаваліся, і наступіць час, калі мы іх пакажам. Потым мы вырашылі, што трэба зрабіць асобныя месцы, дзе юрысты кансультавалі б людзей наконт стачкі і забастоўкі, і месцы, дзе аказвалі б дапамогу псіхолагі. У нас усё атрымалася», – распавядае Вольга.

Інфаграфіка
Акрэсціна: сімвал эвалюцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Галоўныя словы беларускай рэвалюцыі
2021.08.20 15:13

18 жніўня прайшоў апошні вялікі мітынг на плошчы з канцэртам, на якім выступіў Лявон Вольскі.

«У нас усё так добра ішло, бо, на маю думку, тады жорсткая вертыкаль улады ад Менску да рэгіёнаў была зламаная. Дзякуючы гэтаму мясцовыя ўлады вельмі проста пагадзіліся на мясцовыя патрабаванні. Яны былі згодныя на ўсё, бо не разумелі, што рабіць. Мы смела заходзілі ў выканкам, нават электрычнасць там бралі. Мы спакойна маглі хадзіць з пытаннямі ў міліцыю – усе там былі ў пазіцыі «лапкі дагары». Мы дамагліся таго, каб з-за кратаў выпусцілі ўсіх затрыманых у тыя дні на Гарадзеншчыне.

А потым улады ў Менску перагрупаваліся і пачалі наступ. Нашая памылка была ў тым, што мы гэтага не прадугледзелі. Нам трэба было больш ціснуць на чыноўнікаў, патрабаваць, каб яны выходзілі да людзей і адказвалі перад імі. Але калі кажуць, што Горадня – першы вольны горад, гэта сапраўды было так. Гэтыя чатыры дні мы былі вельмі свабоднымі», – кажа Вольга.

20 жніўня плошча абвяшчаецца «па-за законам». 22 жніўня на праўладны мітынг у горадзе прыехаў Аляксандр Лукашэнка. Быў прызначаны новы губернатар – Уладзімір Каранік, і пачалося закручванне гаек – звальненні, арышты, крымінальныя і адміністратыўныя справы. Шмат гарадзенцаў, якія актыўна ўдзельнічалі ў тых падзеях, пазней былі вымушаныя пакінуць краіну.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ВМ / Белсат

23 жніўня адбыўся апошні мітынг на галоўных плошчах. Пасля гэтага плошчы агарадзілі – і агароджы застаюцца там да гэтай пары.

«Ці можна другі раз увайсці ў адну і тую ж ваду? Я не ведаю. Пэўна, калі мы пераможам, будзе па-іншаму. Можа, яшчэ і лепш, чым было», – адзначае Вольга Вялічка.

Артыкулы
Беларусы ўмеюць дапамагаць: словы беларускай рэвалюцыі
2021.09.12 08:30
Артыкулы
Віктар Бабарыка пра беларускую рэвалюцыю: «Не спыняйцеся! Лёгкім бывае толькі шлях у рабства»
2021.08.31 12:30

СП belsat.eu

Стужка навінаў