Кіраўнік берасцейскага гарвыканкаму: 49 чалавек у цяжкім стане, усе яны не прышчэпленыя


Улады пачынаюць прызнаваць, што ў краіне ёсць праблемы з захворваннем на COVID. На гэта звярнуў увагу кіраўнік берасцейскага гарвыканкаму Аляксандр Рагачук.

«Сёння раніцай галоўны санітарны доктар гораду далажыў аб развіцці эпідэмічнай сітуацыі. На працягу апошняга месяца ў Берасці назіраецца значны рост захворвання каронавіруснай інфекцыяй.

Па стане на 5 кастрычніка ў двух гарадскіх больніцах шпіталізавана 1300 пацыентаў з пнеўманіямі, з якіх 49 чалавек застаюцца ў рэанімацыі ў цяжкім стане. Усе гэтыя 49 пацыентаў не прышчэпленыя. Гэты факт пераконвае, што менавіта імунізацыя ўсіх слаёў насельніцтва застаецца найбольш эфектыўным спосабам барацьбы з каронавірусам. Па стане на 5 кастрычніка прышчэпленыя 55 686 чалавек», – напісаў Рагачук у сваім ТГ-канале.

Акрамя таго, у Берасці ўзмацняюць кантроль за нашэннем маскі ў грамадскім транспарце, паведаміў старшыня Берасцейскага гарвыканкаму Аляксандр Рагачук. Да парушальнікаў будуць падыходзіць «з усёй строгасцю».

«Аж да спынення транспартнага сродку і высаджвання «бязмасачнікаў». Трэба памятаць, што грамадскі транспарт – зона падвышанай рызыкі», – зазначыў Аляксандр Рагачук.

На сёння ў Беларусі цалкам прышчэплена толькі 16 % насельніцтва.

АЛ/МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў