Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі за 5 жніўня


«Белсат» распавядае пра рэпрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, што чыняцца супраць беларускага народу, за 5 жніўня.

Стала вядома, што 4 жніўня сілавікі затрымалі панк-рокера Ігара Банцэра ў ягонай гарадзенскай кватэры. Увечары 5 жніўня праўладныя рэсурсы паведамілі, што цяпер вырашаецца пытанне аб распачынанні справы па арт.130 («Распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы») Крымінальнага кодэксу «за ягоную дзейнасць у сацыяльных сетках».

У Беларусі вынесены яшчэ два выракі за каментары ў інтэрнэце наконт гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і IT-спецыяліста Андрэя Зельцара. 4 жніўня Гомельскі абласны суд пакараў жыхара Чэрыкава Івана Янчанкі 3,5 гадамі калоніі за каментар «Народ открыл счет». Такі тэрмін ён атрымаў у сукупнасці з пакараннем, прызначаным судом Чэрыкаўскага раёна летась у траўні (паводле якога артыкулу – невядома).

Менскі абласны суд 1 жніўня прысудзіў 1,5 гады калоніі жыхару Маладэчна Валерыю Кліменчанку за каментар у «Instagram». Кліменчанка займаецца відэаздымкай, ён вядомы ў рэгіёне даследчык гісторыі і краязнаўца.

У Гомлі затрыманы 60-гадовы працаўнік IBA-Gomel Аляксандр Іваноў. Распачатая справа паводле арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці») за фота і відэа вайсковай тэхнікі, дасланае «экстрэмісцкім каналам», паведамляюць праваабаронцы.

У Менску адбыліся затрыманні з-за канцэрту на тэрасе бара «Банки-Бутылки» на вуліцы Зыбіцкай у Менску, дзе спявачка Мэрыем Герасіменка выканала песню ўкраінскага гурта «Океан Ельзи» – «Обіймі». За гэта на яе абурыліся прапагандысты, назваўшы канцэрт «бчбшным шабашам». Кіраўнік бару «Банки-Бутылки» Андрэй Жук у выніку быў пакараны 30 соднямі адміністратыўнага арышту, паведамляе «Наша Ніва». Яшчэ аднаго супрацоўніка бара пакаралі 14 соднямі арышту. Таксама была затрыманая спявачка Мэрыем Герасіменка. Праўладныя тэлеграм-каналы вінавацяць яе ў тым, што яна ахвяравала грошы ўкраінскай арміі.

ПЦ «Вясна» паведамляе, што суд Маскоўскага раёна Менска 4 жніўня прызначыў Дзянісу Бычкову 3 гады «хіміі» за тое, што ён пашкодзіў банеры з выявамі вайскоўцаў. Гэтыя дзеянні былі кваліфікаваныя паводле ч. 1 і ч. 2 арт 339 Крымінальнага кодэкса («Хуліганства»). Следства сцвярджае, што мужчына ў начны час кідаў у банеры ёмістасці з фарбай. Гэта адбывалася 7 разоў.

Лідару Аб’яднананай грамадзянскай партыі Мікалаю Казлову выставілі абвінавачанне паводле артыкула 342 («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак») КК. Па гэтым жа артыкуле праходзіць старшыня Менскай гарадской арганізацыі АГП Аксана Аляксеева. Цяпер іх павінны этапаваць у СІЗА на Валадарскага.

Сёння праваабарончая супольнасць прызнала Аксану Аляксееву, Мікалая Казлова, Антаніну Кавалёву і яшчэ 8 чалавек палітычнымі зняволенымі. Цяпер палітвязнямі ў Беларусі прызнаныя 1262 чалавекі.

Аналітыка
За тыдзень судовага разгляду справы «аб змове з мэтаю захопу дзяржаўнай улады» сапраўднай змовы не выявілася
2022.08.05 18:44

Актывісту анархічнага руху Ігару Аліневічу, якога асудзілі да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, могуць змяніць умовы адбыцця пакарання і перавесці на турэмны рэжым.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў