«Вытрымаць даўжэй, чым рэжым». Беларусы Варшавы задалі Ціханоўскай чатыры пытанні – вось, што яна адказала


Святлана Ціханоўская на сустрэчы з беларусамі Варшавы. 4 ліпеня 2022 года.
Фота: Жора Ройтбард / Белсат

4 ліпеня падчас візіту ў Польшчу Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларусамі Варшавы каля Беларускага моладзевага хабу, дзе ў панядзелак распачаўся Тыдзень беларускай культуры. Палітык спачатку распавяла, пра што будзе размаўляць з кіраўніцтвам Польшчы, а потым запрапанавала прысутным задаваць ёй пытанні. На дзіва, большасць проста дзякавалі беларускай дэмакратычнай лідарцы за працу, прасілі дапамогі або перадавалі прывітанне ад агульных знаёмых. Падчас 45-хвіліннай сустрэчы прагучала толькі чатыры пытанні. Падаем іх разам з адказамі.

– Ці разглядаецца [вашым Офісам] пытанне больш шырокай дапамогі палітвязням?

– Пасля пачатку вайны Еўропа пачала дапамагаць украінцам, а дапамога нашым палітвязням вельмі зменшылася. Вы можаце ў вашых краінах распавядаць, што гэтая праблема існуе, і заклікаць людзей данаціць. Праграмаў дапамогі палітвязням цяпер проста не існуе. Дапамагчы ім можа кожны з вас. Нітка да ніткі – інакш гэта не працуе.

Святлана Ціханоўская на сустрэчы з беларусамі Варшавы. 4 ліпеня 2022 года.
Фота: Жора Ройтбард / Белсат

– Ці займаецеся вы пытаннем акупацыі Беларусі Расеяй з 1994 года?

– Мы цяпер кажам, што тэрыторыя Беларусі акупаваная, але з пачатку вайны – і просім [Захад] прызнаць гэта, каб раздзяліць [Аляксандра] Лукашэнку і беларускі народ. Мяркую, над тэзісамі, была ці не была акупаваная Беларусь з 1994 года, на экспертным узроўні працуюць іншыя людзі. Я – не.

Удзельнікі сустрэчы са Святланай Ціханоўскай у Варшаве. 4 ліпеня 2022 года.
Фота: Жора Ройтбард / Белсат

– Наколькі імаверна тое, што Беларусь можа пачаць вайну супраць Украіны? Ці вядома вам нешта пра сітуацыю ўнутры Беларусі наконт гэтага?

– Мы слухаем украінскі бок, «ByPol» і ўнутраныя сігналы. На сёння няма ніякіх прыкметаў, што беларуская армія будзе наступаць на Украіну. Мы павінныя разумець, што гэта нявыгадна нават Лукашэнку. Лукашэнка ўжо суагрэсар і ваенны злачынца – і павінен панесці адказнасць за гэта. Калі беларускія войскі пойдуць на Украіну, гэта можа змяніць адносіны беларусаў і ўкраінцаў назаўсёды. Спадзяюся, гэтага не здарыцца. Мы з першых дзён вайны заклікалі нашых жаўнераў не ісці забіваць украінцаў і гінуць за амбіцыі двух дыктатараў. Нас пачулі маці салдатаў, якія пачалі званіць і пісаць. У жаўнераў няма маральнага жадання ваяваць. Думаю, рэжым ведае аб настроях у арміі і тое, што там не выканаюць загаду.

Удзельніца сустрэчы са Святланай Ціханоўскай у Варшаве. 4 ліпеня 2022 года.
Фота: Жора Ройтбард / Белсат

– Вы ведаеце, хто такі Мікалай Статкевіч? Вельмі вас прашу: калі вы сустракаецеся з міжнароднымі палітыкамі, узгадвайце ягонае імя: яго заб’юць там, калі пра яго ніхто не будзе казаць.

– Я ведаю, хто такі Мікалай Статкевіч: гэта вялікі чалавек і сябра Сяргея Ціханоўскага. Ягонае імя на сустрэчах гучыць вельмі часта. Многія палітыкі памятаюць Мікалая Статкевіча, перадаюць прывітанне. Усе гэтыя прывітанні я перадаю спадарыні Марыне, я з ёй на сувязі. Мікалай Статкевіч не можа быць забыты. Я разумею ваш боль, у мяне такі ж самы. Думаю, кожны, у каго родныя за кратамі, баіцца, што чалавека заб’юць. Я гэтаксама перажываю за Сяргея Ціханоўскага, Антона Сташэўскага і Тоню Канавалаву. Мы павінныя памятаюць, што людзі за кратамі ахвяравалі сваёй свабодай і спадзяюцца на нас – на кожнага з нас. Не буду прасіць падняць рукі тых, хто на гэтым ці хаця мінулым тыдні напісаў ліст палітвязню. Такіх людзей усё менш і менш, на жаль. Мы павінныя разумець, што нават калі лісты не даходзяць, адміністрацыі турмаў бачаць, якім патокам ідуць гэтыя лісты – і разумеюць, што падтрымка [палітвязняў] не скончылася. Прашу вас пісаць лісты. Толькі ад нашае салідарнасці залежыць, як доўга мы вытрымаем. Нашая задача – вытрымаць даўжэй, чым вытрымае рэжым.

Удзельнікі сустрэчы са Святланай Ціханоўскай у Варшаве. 4 ліпеня 2022 года.
Фота: Жора Ройтбард / Белсат
Удзельнікі сустрэчы са Святланай Ціханоўскай у Варшаве. 4 ліпеня 2022 года.
Фота: Жора Ройтбард / Белсат
Удзельнікі сустрэчы са Святланай Ціханоўскай у Варшаве. 4 ліпеня 2022 года.
Фота: Жора Ройтбард / Белсат
Удзельнікі сустрэчы са Святланай Ціханоўскай у Варшаве. 4 ліпеня 2022 года.
Фота: Жора Ройтбард / Белсат
Беларусы Варшавы робяць сэлфі са Святланай Ціханоўскай падчас сустрэчы з ёй у Варшаве. 4 ліпеня 2022 года.
Фота: Жора Ройтбард / Белсат
Наведнік сустрэчы беларусаў Варшавы са Святланай Ціханоўскай размаўляе з нацыяльнай дэмакратычнай лідаркай пра палітвязня Антона Сташэўскага. 4 ліпеня 2022 года.
Фота: Жора Ройтбард / Белсат
Наталля Бабкова з БСДП (Народная Грамада) размаўляе са Святланай Ціханоўскай падчас сустрэчы ў Варшаве. 4 ліпеня 2022 года.
Фота: Жора Ройтбард / Белсат
Святлана Ціханоўская пакідае сустрэчу з беларусамі Варшавы. 4 ліпеня 2022 года.
Фота: Жора Ройтбард / Белсат

Пра што яшчэ казала Святлана Ціханоўская

Падчас выступу Святлана Ціханоўская распавяла, што на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Польшчы Матэўшам Маравецкім у панядзелак узняла пытанне легалізацыі ў Польшчы беларускіх уцекачоў з Украіны. Ціханоўская заявіла, што ў хуткім часе людзі, у якіх няма візаў і нават пашпартоў, змогуць атрымаць у Польшчы дакументы.

Таксама Ціханоўская распавяла, што падчас сустрэчы з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам уздыме пытанне падтрымання Беларусі на міжнароднай арэне, а на сустрэчы з міністрам аховы здароўя Адамам Недзельскім абмяркуе дапамогу рэпрэсаваным беларускіх медыкам у Польшчы – у прыватнасці, магчымасць працягнуць практыку ў гэтай краіне.

Жора Ройтбард

Стужка навінаў