«Спроба сілаю схіліць да кахання». Забарона інвестарам прадаваць свае акцыі – што гэта дасць Беларусі?


У адказ на заходнія санкцыі ўлады Беларусі вырашылі ўвесці ўласныя: забараніць замежным інвестарам з «несяброўскіх» краінаў прадаваць долі, якія яны маюць у беларускіх прадпрыемствах. Улады кажуць, што такім чынам абараняюць інтарэсы Рэспублікі Беларусь, але незалежныя эканамісты бачаць толькі негатыўны PR-крок.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pixabay

Савет Міністраў Беларусі апублікаваў пералік кампаніяў, замежным удзельнікам якіх забаронена распараджацца сваімі акцыямі без дазволу Міністэрства фінансаў. У спіс трапілі юрыдычныя асобы Беларусі, акцыянерамі якіх ёсць юрыдычныя ці фізічныя асобы «з замежных дзяржаваў, якія чыняць несяброўскія дзеянні».

У спіс увайшлі кампаніі з такіх краінаў, як Аўстрыя, Балгарыя, Вялікая Брытанія, Данія, ЗША, Ірландыя, Іспанія, Італія, Кіпр, Латвія, Літва, Люксембург, Нарвегія, Нідэрланды, Новая Зеландыя, Нямеччына, Румынія, Фінляндыя, Францыя, Чэхія, Швейцарыя, Швецыя Эстонія і афшоры ў Гібралтары і на Брытанскіх Віргінскіх Астравах.

Hавiны
Урад дазволіў завозіць у Беларусь грушы і яблыкі з «недружалюбных» краінаў
2022.04.26 09:54

У спіс «замежных дзяржаваў, якія чыняць несяброўскія дзеянні» ў дачыненні прадстаўнікоў рэжыму, увайшла нават Беларусь, а менавіта – ТАА «Еўрагандаль», што мае акцыі ЗАТ «Еўраопт». Відаць, таму, што за мяжой жывуць канчатковыя бенефіцыяры гэтых дзвюх кампаніяў.

Ёсць у спісе і кампаніі «Дана Астра» і «Дубай Вотэр Фронт» сербскіх сяброў рэжыму Карычаў, якія за блізкасць да сям’і Лукашэнкі раней трапілі пад санкцыі ЗША і Еўразвязу. Цяпер надышла чарга і беларускіх абмежаванняў. Цікава, што Карычы планавалі закрыць «Дубай Вотэр Фронт» яшчэ амаль два гады таму – пасля першых санкцыяў Еўразвязу.

Агулам у пералік трапілі 190 кампаніяў, у тым ліку «Лукойл Беларусь», «EPAM Systems», «Лідскае піва», «Спартак», «Бабруйскі камбінат», «Аквадзіў», «Бяліта», «Хенкель Баўтэхнік», «Лідсельмаш», «Беларускія шпалеры», «Камунарка» ды іншыя. Цалкам з ім можна азнаёміцца па спасылцы.

«Бяліта Вітэкс».
Фота: Белсат

Інвестарам са спісу «забараняецца адчужэнне доляў (акцыяў) у статутных фондах». Гэта значыць, яны не могуць распараджацца акцыямі па-свойму – без дазволу.

«Акцыі блакуюцца на рахунках «дэпо» іхных уладальнікаў згодна з пералікам на падставе прадпісання Міністэрства фінансаў аб накладанні абмежаванняў у распараджэнні каштоўнымі паперамі», – гаворыцца ў пастанове.

Паводле дакументу, робіцца гэта «дзеля абароны інтарэсаў Рэспублікі Беларусь». Але якім чынам яны ў выніку будуць абароненыя, не ўдакладняецца.

Сысці з Беларусі будзе больш складана

Акадэмічная дырэктарка «BEROC» Кацярына Барнукова ў размове з «Белсатам» выказала меркаванне, што ў спіс Саўміну маглі трапіць практычна ўсе буйныя кампаніі, што маюць замежныя інвестыцыі з «несяброўскіх краінаў». Пры гэтым пад санкцыі Менску ўсё ж не трапілі некаторыя буйныя кампаніі з аўстрыйскім («Райфайзэнбанк», А1, «Кронаспан»), швейцарскім («Штадлер») і іншым «несяброўскім» капіталам.

На ейную думку, гэтая пастанова найперш пашкодзіць тым кампаніям, якія і так збіраліся выводзіць свае капіталы з Беларусі. Напрыклад, фінская «Olvi», што яшчэ на пачатку сакавіка заявіла пра вывад сваіх актываў з краіны ў адказ на вайну ва Украіне. У красавіку кампанія адзначала, што спыніла ўсе інвестыцыі і імпарт у Беларусь ды пачала продаж беларускага бізнесу.

Hавiны
Бізнесы сыходзяць і з Беларусі – спыняюць працу кампанія-суўладальніца «Лідскага піва» і мэблевы завод у Магілёве
2022.03.06 10:40

«Цяпер гэта будзе зрабіць больш складана. Каб прадаць акцыі, давядзецца атрымліваць дазвол», – адзначыла эканамістка.

«Інвестар усё адно не будзе зацікаўлены ў развіцці»

Паводле яе, не зусім зразумела, навошта была прынятая такая пастанова, бо аніякай выгады Беларусь ад яе не атрымае.

«Уявім, што застанецца фінскі інвестар саўладальнікам «Лідскага піва» і не прадасць сваю долю якому-небудзь іншаму прадпрыемству: турэцкаму, арабскаму ці расейскаму. Што гэта робіць лепш для Беларусі?» – разважае Кацярына Барнукова.

На думку эканамісткі, інвестар цяпер усё адно не будзе зацікаўлены ў развіцці прадпрыемства, не будзе ўкладаць у яго інвестыцыі, калі ён меў намер сысці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pixabay

«Такая спроба сілаю схіліць да кахання», – ахарактарызавала акадэмічная дырэктарка «BEROC» новую пастанову Саўміну.

Пракаментавала экспертка і дадаванне ў спіс кампаніяў, якія заснавалі беларусы, але зрабілі гэта за мяжою (EPAM, «Алютэх» ды іншыя).

«Гэта не тое, што валоданне замежнымі юрыдычнымі асобамі. Гэта беларускія ўласнікі, якія зрабілі карпарацыю за мяжою, – там, дзе і карпаратыўнае права лепш развітае, і правы ўласнасці лепш ахоўваюцца. І праз гэтую карпарацыю ўжо праводзілі інвестыцыі ў самую Беларусь. Каму мы зробім горш, накладаючы на гэтыя кампаніі нейкія санкцыі, не зразумела», – падкрэсліла Кацярына Барнукова.

Будуць інвеставаць тыя, хто прывык «дамаўляцца»

Агулам жа яна ацаніла новую пастанову Саўміну як PR-крок, праяву несяброўскага стаўлення, што тым не менш не будуць мець вялікіх наступстваў.

«Якія ў нас інвестыцыйныя перспектывы? З «несяброўскімі» краінамі яны ўжо былі ніжэйшыя за плінтус. Яшчэ ніжэй пайсці нельга. Таму не бачу ніякага эфекту ад гэтай пастановы, акрамя негатыўнага піяру», – заявіла эканамістка.

Што датычыць інвестыцыяў з іншых краінаў, то, як адзначыла суразмоўца, арабскія шэйхі, напрыклад, інвестуючы ў Беларусь разумеюць, што «гэта не краіна вяршэнства права, а права на ўласнасць тут – гэта фікцыя».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«І яны часткова таму і інвестуюць, бо вераць, што ёсць магчымасць дамовіцца. Яны будуць укладаць у Беларусь, шукаючы выключэнні ў законах для сябе. І тое, што яны цяпер бачаць, – гэта пацвярджэнне таго, што ў Беларусі закон не дзее, а значыць, і яны яго могуць таксама абыходзіць: будаваць, парушаючы нормы, атрымліваць не зусім законна ўчасткі і гэтак далей», – робіць выснову Кацярына Барнукова.

Праўда, як паказвае выпадак згаданых вышэй Карычаў, нават маючы вельмі добрыя стасункі з сям’ёй Лукашэнкі, дамовіцца не заўсёды ўдаецца.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў