Праваабаронцу збілі байцы ГУБАЗіК. Ён падасць заяву на справу ў межах універсальнай юрысдыкцыі


Зміцер Салаўёў шукае іншых пацярпелых ад тых супрацоўнікаў сілавых структураў, імёны якіх ведае: ад Валадзько і Рудэнкі.

Праваабаронца Зміцер Салаўёў.
Фота: Spring96.org

Праваабаронца і сябра Рады праваабарончага цэнтру «Вясна» Зміцер Салаўёў рыхтуе заяву на супрацоўнікоў ГУБАЗІКа да далучэння да крымінальнай справы, якую ўжо распачалі ў адной з краінаў Еўразвязу ў межах механізму ўніверсальнай юрысдыкцыі, піша «Вясна».

16 лютага адбыўся масавы напад на беларускіх праваабаронцаў і журналістаў: ператрусы праводзілі ў офісе «Вясны» і ў праваабаронцаў Андрэя Палуды і Наталлі Сацункевіч, у офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў і яе лідараў Андрэя Бастунца і Алега Агеева, у офісе незалежнага прафсаюзу РЭП і яго прадстаўнікоў Ігара Комліка і Андрэя Комліка-Ямаціна, а таксама ў многіх іншых.

У той дзень супрацоўнікі ГУБАЗіК, АМАП і САХР правялі ператрус у доме Змітра Салаўёва, яго затрымалі.

«Каля 10 чалавек разам, выламалі ўсе дзверы ў маім доме, дзе знаходзіўся я з жонкай і дачкой, – згадвае Салаўёў. – Падчас вобшуку супрацоўнік ГУБАЗіКа, які кіраваў штурмам і вобшукам, пачаў мяне збіваць (удары ў жывот, галаву), пасля да збіцця падключыліся іншыя асобы ў масках – удары ў галаву, удары па нагах. У адказ на патрабаванне выдаць копію пратаколу вобшуку – удар па назе ад асобы ў чорным у масцы (так званая «падсечка», пасля каторай ляцеў патыліцай аб падлогу)».

Пасля ператрусу яго павезлі на сінім мікрааўтобусе, дзе таксама збілі, кажа Салаўёў: невядомы ў масцы ўдарыў ззаду кулаком у патыліцу. Праз гэта ў Салаўёва пашкоджаны шыйны аддзел пазваночніка, з’явіліся праявы чэрапна-мазгавой траўмы.

Аб’ектыў
«Непазбежнасць пакарання за міжнародныя злачынствы». У Чэхіі і Нямеччыне есць справы супраць беларускіх сілавікоў
2021.02.08 22:02

Ператрус ладзілі ў межах крымінальнай справы за «Арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», але асудзілі яго паводле адміністрацыйнага артыкулу – назвалі «несанкцыянаванай акцыяй» убудаваны ў дом бетонны барэльеф з гербам Пагоня. Рапарт складалі старэйшы оперупаўнаважаны падпалкоўнік Валадзько (па-расейску – В.М. Володько) і старэйшы оперупаўнаважаны падпалкоўнік Рудэнка (па-расейску – В.В. Руденко). Салаўёў шукае пацярпелых ад іхных дзеянняў.

Яго вызвалілі 28 лютага і зноў затрымалі 1 сакавіка ў менскім аэрапорце: невядомыя ў форме памежнікаў знялі яго з пасадкі ў самалёт. Яго даставілі ў Следчы камітэт і паведамілі, што ён падазраваны ў крымінальнай справе паводле часткі 2 артыкулу 342 – гэта або «падрыхтоўка і навучанне», або «фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

«Вясна» лічыць гэта палітычна матываваным пераследам за дапамогу рэпрэсаваным. Салаўёў цяпер пад падпіскай аб нявыездзе, ягоны адвакат – пад падпіскай аб неразгалошванні.

АА belsat.eu

Стужка навінаў