У траўні гэтага года Генеральная пракуратура Беларусі распачала супраць Анжалікі Агурбаш крымінальную справу за распальванне варожасці і розні, а таксама за абразу прэзідэнта. Цяпер жа ведамства накіравала ў Расею патрабаванне выдаць заслужаную артыстку Беларусі.
Абнаўленне. Агурбаш напісала ліст Пуціну: прасіла дапамагчы спыніць беззаконне ў Беларусі
У сваім відэазвароце 2 ліпеня спявачка паведаміла, што ў Беларусі яе абвясцілі ў вышук, патрабуючы экстрадыцыі. Аднак у базе МУС Расеі інфармацыя пра вышук Анжалікі Агурбаш адсутнічае.
Раней у эфіры расейскага тэлеканалу «Дождь» спявачка заяўляла, што не баіцца пераследу з расейскага боку, але дадала, што ўсё роўна не адчувае сябе камфортна і ў бяспецы.
Паводле версіі ведамства, са жніўня мінулага года Анжаліка Агурбаш размяшчала ў інтэрнэце, сацыяльных сетках і ў YouTube звесткі, накіраваныя на распальванне сацыяльнай варожасці ў дачыненні сілавікоў і дзяржаўных службоўцаў. Акрамя таго, яна апублікавала звесткі, якія змяшчаюць абразы прэзідэнта, злучаныя з абвінавачаннем яго ў здзяйсненні асабліва цяжкіх злачынстваў.
Паводле Крымінальнага кодэксу Беларусі, за распальванне варожасці або розні (ч. 3 арт. 130) прадугледжваюць да 12 гадоў пазбаўлення волі, а за абразу прэзідэнта (ч. 2 арт. 368) – пазбаўленне волі да трох гадоў.
АД, belsat.eu