Журналісты-расследавальнікі знайшлі яшчэ адзін выпадак смерці ў РАУС


У панядзелак, 5 чэрвеня, стала вядома, што на мінулых выходных у Лідскім РАУС раптоўна памёр 37-гадовы мясцовы паэт, удзельнік фестываляў сучаснага мастацтва Дзмітрый Сарокін. Ніякай інфармацыі пра прычыны смерці, затрымання і дастаўлення ў РАУС не маецца. Альянсу расследавальнікаў Беларусі пры дапамозе «Кіберпартызанаў» удалося даведацца яшчэ пра адну смерць, якую хавае МУС.

Здымак носіць ілюстратыўны характар. Да Савецкага РУУС прыехала хуткая дапамога. Менск, Беларусь. 19 верасня 2020 года.
Фота: Белсат

У Беларусі ад некаторага часу даволі часта сталі з’яўляцца весткі пра смерці грамадзянаў у будынках органаў міліцыі.

Найбольш рэзананснай стала гісторыя смерці Дзмітрыя Усхопава. Жыхар гораду Рэчыца Гомельскай вобласці, 27-гадовы Усхопаў памёр у ноч з 31 снежня 2021 года на 1 студзеня 2022 года. Міліцыянты затрымалі яго на аўтобусным прыпынку, а праз дзве гадзіны ён памёр у шпіталі. Родныя Змітра ўпэўненыя, што яго да смерці збілі ў РАУС. У Следчым камітэце сцвярджалі, што Усхопаву «стала дрэнна» на шляху ў больніцу. Крымінальная справа не ўзбуджаная.

Hавiны
«Мяркуем, што яго забілі ўдарам аб цвёрдую вострую паверхню». Што вядома пра смерць Дзмітрыя Усхопава
2022.01.02 19:11

21 мая 2021 года ў камеры шклоўскай калоніі загінуў Вітольд Ашурок. Да гэтага часу ўлады хаваюць інфармацыю пра абставіны і прычыны смерці.

Гэта выпадкі, якія сталі вядомымі грамадскасці. На практыцы МУС хавае інфармацыю пра затрыманых грамадзянаў, якія паміраюць пры нявысветленых абставінах у будынках міліцыі.

Альянсу расследавальнікаў Беларусі пры дапамозе «Кіберпартызанаў» удалося даведацца яшчэ пра адну смерць, якую хавае МУС.

Раніцай 8 снежня 2020 года ў АДС Заводскага РУУС Менску быў знойдзены мёртвым Міхаіл Бокуць 1976 года нараджэння. Напярэдадні ўвечары яго затрымаў участковы інспектар міліцыі ГАМ № 3 Заводскага РУУС маёр міліцыі Пціцын. На момант затрымання ў Бокуця не мелася цялесных пашкоджанняў, але праз 11 гадзін і 49 хвілін яго знайшлі мёртвым у будынку РУУС. Брыгадзе хуткай медычнай дапамогі заставалася толькі канстатаваць яго смерць.

Дакумент перададзены рэдакцыі

Кіраўніцтва ГУУС Менгарвыканкаму прызначала ўнутраную праверку, РАСК па Заводскім раёне Менску адмовіўся ўзбуджаць крымінальную справу. Дагэтуль няма ніякай інфармацыі, што стала прычынай смерці Міхаіла Бокуця.

На вялікі жаль, поўная карціна пра смерці за кратамі, а таксама прычыны, якія да іх прывялі, стане вядомая толькі пасля змены рэжыму ў Беларусі.

АРБ дзякуе «Кіберпартызанам» за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу

Больш расследаванняў АРБ тут або ў тэлеграм-канале.

Стужка навінаў