Чаму за кратамі рэжуць вены і глытаюць лыжкі? Тлумачыць былы вязень, які рабіў так шматкроць


У беларускіх калоніях і ізалятарах нярэдкія спробы самагубства і выпадкі, калі зняволеныя самі сур’ёзна шкодзяць уласнаму здароўю. Часта гэта звязана не з дэпрэсіяй ці схільнасцю да суіцыду, а ёсць спробаю дамагчыся выканання правілаў унутранага распарадку або нават уратаваць жыццё.

«Белсат» пагутарыў са зняволеным, які пісаў шмат скаргаў, бачыў шмат смерцяў за кратамі і не раз сам шкодзіў свайму здароўю, сярод іншага – рэзаў вены, каб дамагчыся паляпшэння невыносных умоваў.

Былы зняволены Дзяніс Барсукоў. Фота з асабістага архіву

Хто гэта і пра каго ён кажа

Дзяніс Барсукоў – 39-гадовы мужчына з Рэчыцы, які двойчы быў асуджаны і правёў у няволі 13 гадоў. Першы раз у маладосці, другі раз, з 2011 да 2017 года, за нанясенне цяжкага цялеснага пашкоджання. У няволі ён пабываў у шэрагу калоніяў, пісаў сотні скаргаў на ўмовы ўтрымання і часам дамагаўся свайго – але дамагаўся аднаго коштам пагаршэння другога. Ён пералічвае «Белсату»: за апошнія два гады ў няволі праглынуў восем лыжак, 35 шарыкавых асадак, два цвікі даўжынёю 100 мм, дзве разбітыя лямпачкі, некалькі лёзаў… Нічога з гэтага не даставалі праз аперацыі.

Цяпер здароўе Барсукова ў кепскім стане (ён упэўнены, што жыць яму засталося некалькі гадоў), але групу інваліднасці яму не прызначаюць. Ён не можа знайсці працы: прапануюць толькі цяжкую фізічную, на якую ён ужо не здольны праз стан здароўя. У сваіх відэа ён заяўляе, што не мае грошай на лекі, аплату камунальных паслугаў, а часам і на ежу – таму гатовы прадаць і ўласны дом, і нават нырку. Ахвочым яму дапамагчы ён гатовы паказаць усе дакументы аб стане здароўя і звальненнях праз гэты стан, а таксама перапіску з выканкамам.

Аб’ектыў
Прадаць нырку, каб выжыць
2020.07.17 23:19

Усё, што ён расказвае, датычыць не толькі палітычных зняволеных. Раней да ўсіх асуджаных было прыблізна аднолькавае стаўленне, згадвае Барсукоў. Потым Аляксандр Лукашэнка заявіў, што да асуджаных за наркотыкі мусіць быць асабліва жорсткае стаўленне – гэтак і адбылося, сталі ствараць ім асобныя атрады, паздымалі з фармальных пасадаў. Калі Барсукоў быў у няволі, палітычных вязняў было далёка не так шмат, як цяпер. Цяпер, кажа Барсукоў, чуў, што да палітзняволеных ставяцца горш, чым да астатніх. Але, сцвярджае ён, «розніцы няма: палітычны ты, не палітычны – у любым выпадку прэсуюць»:

«Калі ты адстойваеш свае правы, кажаш: «Я маю права», яны расцэньваюць гэта як тое, што ты пасылаеш іх на тры літары».

У калоніях і ізалятарах ёсць правілы. Іх выконваюць зняволеныя, але не адміністрацыя

Асуджаны мусіць выконваць усё, але адносна асуджаных «не асабліва жадаюць» выконваць правілы, кажа Дзяніс Барсукоў. Дзесьці адносна зняволеных могуць выконваць амаль усе нормы, дзесьці – хіба траціну ад таго, што мусяць. Але ў сярэднім, мяркуе, Барсукоў, адміністрацыі выконваюць правілы «50 на 50», але асуджаных жорстка патрабуюць выконваць усё.

Бабруйская папраўчая калонія № 2. Фото: tut.by

Асуджаных могуць падманваць адносна правілаў унутранага распарадку. Напрыклад, згадвае Барсукоў, прымушаюць чысціць снег там, дзе зняволеныя не мусяць гэтага рабіць. Ёсць тэрыторыя, якую вязні мусяць чысціць у межах бясплатнай працы на жылой зоне, дзве гадзіны на дзень, а ёсць такая, якую мусяць чысціць днявальныя – ды звычайных зняволеных гоняць чысціць і тэрыторыю за днявальных. Або бывае, што ў гадзіны бясплатнай працы выводзяць працаваць на прамзону, дзе абавязаныя аплачваць працу. Барсукоў кажа, што ва ўсіх калоніях «выдумваюць усялякія хады, каб абдурыць» зняволеных з заробкамі.

Нормаў ежы і ў абсталяванні не выконваюць. Барсукоў прыводзіць прыклад: у папраўчай калоніі № 12 ёсць лякарня, дзе лекуюць ад сухотаў. Здавалася б, у лякарні мусяць быць лепшыя ўмовы, бо з бюджэту на яе выдаюць больш грошай, але там не было належных радыёкропкі, стала, паліцаў для захоўвання рэчаў… У адзіночных камерах, кажа Барсукоў, «любяць» адключаць батарэі ўзімку – праз холад павесіўся чалавек, які сядзеў у суседняй з ім камеры. Ежы, на думку Барсукова, «калі даюць 50 %, то добра», замест мяса могуць кідаць косткі. Шмат якія зняволеныя не могуць есці турэмнай ежы праз жахлівыя пах і смак.

Не выдаюць рэчаў, якія павінны выдаваць зняволеным. Калі родныя не робяць перадачаў, нават зубную шчотку і пасту цяжка здабыць – даводзіцца прасіць у іншых зняволеных. Сам Барсукоў неаднаразова пісаў скаргі на тое, што зняволеным мусяць выдаваць тры пары шкарпэтак на год, а не выдавалі ніводнай. Яму адказвалі, што грашыма, вылучанымі на шкарпэткі, «затыкаюць» больш важныя дзіры ў бюджэце. Але прапанавалі «кампенсацыю»: працу ў сталоўцы, каб мог нармальна харчавацца (ён не паспеў скарыстацца прапановаю: трапіў у ШІЗА, затым у памяшканне камернага тыпу, а ўрэшце і ў іншую калонію).

Скардзіцца можна, але зробяць горш

Пісьмовыя скаргі працуюць, але не заўсёды. Калі зняволены яшчэ не вядомы адміністрацыі як той, хто гатовы ісці на крайнія меры, то ягоную скаргу проста ігнаруюць. Таксама ігнаруюць скаргу, калі зняволенаму цяжка даказаць праблему (кшталту, не даклалі мяса або не аказалі належнай медычнай дапамогі). Толькі калі праблема вельмі сур’ёзная і відавочная, або калі ведаюць, што зняволены гатовы на крайнія меры, тады спрабуюць нешта вырашыць і ладзяць унутраную праверку. Барсукоў згадвае, як ішоў у штрафны ізалятар і адразу казаў начальніку калоніі: калі будуць скаргі, што ягоных хваробаў не лекуюць, ён ускрывае сабе вены. Пасля такога да яго накіравалі доктара, а ў выніку аналізу перавялі са штрафнога ізалятару ў турэмную лякарню. Але бываюць начальнікі, якія нічога не хочуць выпраўляць прынцыпова.

«Сэнс скардзіцца ёсць, нешта вырашаецца. Не на 100 %, але працуе. Ды табе будзе нашмат горш, будуць ствараць вельмі кепскія ўмовы», – папярэджвае Барсукоў.

Дзяніс Барсукоў. Фота з асабістага архіву

За скаргі пакараюць. Барсукоў кажа, што неаднаразова заяўляў пра парушэнні – і за гэта яго садзілі ў штрафны ізалятар. А праз тое ён не трапіў пад амністыю і не выйшаў на волю паводле ўмоўна-датэрміновага вызвалення – а трапіў на турэмны рэжым. Адміністрацыя намагаецца ціснуць на іншых асуджаных, каб тыя пачыналі канфлікты з тымі, хто скардзіцца. За скаргі могуць пазбаўляць спатканняў, каб праз родных не перадалі на волю зваротаў. Барсукоў сцвярджае, што калі патрабаваў прадугледжанага правіламі адмысловага харчавання праз язву страўніка, начальнік выклікаў яго і заявіў: «Мы дамо табе гэтую дыету, але ты будзеш яе есці ў ШІЗА». Дыету ён сабе ўсё ж адстаяў.

Калі дамагаешся, каб штосьці выдалі, могуць выдаць няякаснае. Барсукова садзілі ў штрафны ізалятар за тое, што няголены: яму не перадавалі перадачаў, таму свайго ляза не было, а адміністрацыя яму не выдавала лёзаў, хоць абавязаная, і прапаноўвала «папрасіць у каго-небудзь са зняволеных». Барсукоў кажа, бывае так, што дзесяць чалавек голяцца адным станком. Калі зняволеныя «паднялі кіпеш» з гэтай прычыны, ім выдалі такія брытвы, якімі было цяжка нават парэзаць паперу.

Здарэнні імкнуцца ўтойваць

Шмат чаго замоўчваюць і не фіксуюць, кажа Барсукоў. Ён згадвае, што на яго ў папраўчай калоніі № 9 аднойчы напалі невядомыя ў масках, яму моцна разбілі галаву. Да яго потым прыслалі асуджаных, якія працавалі на адміністрацыю: тыя ўгаворвалі напісаць, што ён упаў, а калі адмовіўся – выправілі ў штрафны ізалятар. Каб не пачынаць крымінальнай справы, «выдумвалі, што я спатыкнуўся, упаў, яшчэ нешта». Паводле Барсукова, «нават калі кішкі выпускаюць, прыбягае турэмны доктар і глядзіць: калі жыць будзе, то і «хуткую» не выклікаюць, так хутка зашыюць». Яму давялося і сядзець з чалавекам, якому іншы асуджаны тыркнуў нажніцы ў вобласць ныркі – у паперах напісалі, што яму «выразалі фурункул».

«Да мяне прыходзілі псіхолагі, пыталі: што з табой адбылося, ты ж быў нармальны, не задаваў пытанняў раней, а потым рэзка стаў патрабаваць, каб паводле закону было. Яны гадалі і не маглі зразумець, чаму так адбылося».

Тых, хто скардзіцца, могуць хаваць ад камісіяў. Барсукоў кажа, калі прыязджаюць камісіі, то тых, хто скардзіцца, спрабуюць залагодзіць, запужаць ці проста замыкаюць на працы ў цэхах. Калі ён аднойчы ішоў насустрач камісіі, яго проста схапілі і схавалі ў «адстойнік», куды камісія не хадзіла. А як камісія з’ехала, выхваляліся: «Можаш скардзіцца, нам нічога не будзе».

Аналітыка
Калісьці ГУЛаг, сёння папраўчая калонія. Беларускія «палітычныя» трапляюць у працоўныя лагеры
2021.03.30 17:57

Супрацоўнікаў папраўчых установаў не часта караюць. Барсукоў заяўляе: калі парушэнне магчыма ўтаіць і цяжка даказаць, яго будуць утойваць. Калі справа набыла розгалас, вінаватага могуць проста перавесці ў іншую калонію. Толькі калі справа зусім сур’ёзная, вінаватага могуць судзіць (Барсукоў бачыў, што праз скаргі зняволеных нават пачыналі крымінальныя справы на супрацоўнікаў). Тым часам супрацоўнікаў, якія дапамагаюць зняволеным, могуць караць фінансава.

Але салідарнасць зняволеных існуе, расказвае Барсукоў. Калі ў штрафных ізалятарах «моцнае бязмежжа» супраць аднаго з асуджаных (моцныя пабоі або адключэнне батарэяў зімою), усе асуджаныя могуць пачаць масава і гучна грукаць у дзверы, крычаць, патрабаваць выклікаць дзяжурнага памочніка начальніка.

Нашкодзіць сабе – спосаб чагосьці дамагчыся. Не надзейны, але часам адзіны магчымы

Спробы нашкодзіць сабе вельмі частыя. Барсукоў кажа, за 13 гадоў у няволі бачыў дзясяткі смерцяў зняволеных праз спробы самагубства і сотні выпадкаў, калі вязні калечылі сябе. У калоніі на тры тысячы чалавек на месяц можа быць 5–10 такіх выпадкаў, мяркуе Барсукоў. Ён кажа, вельмі часта шкодзяць сабе ў штрафных ізалятарах, дзе могуць трымаць і тры месяцы. Пры тым за спробу пакалечыць сябе караюць.

Шкодзяць сабе, каб уратаваць уласнае жыццё. Так, у большасці калоніяў медыкі не дзяжураць начамі – а калі лекара няма, то абавязаныя выклікаць «хуткую». Але «хуткую» пагаджаюцца выклікаць у зусім рэдкіх выпадках. Барсукоў кажа, што калі яго ўжо трэба было апераваць, яму толькі давалі абязвольвальны сродак, што пры ягонай хваробе было проціпаказана. «І тое – калі выпрасіш». Аднойчы ноччу ў ШІЗА мазырскай папраўчай калоніі № 20 ў яго здарыўся прыступ халецыстыту – яго скруціла ад болю, але на просьбу пазваць доктара кантралёр паслаў яго матам. Барсукоў не мог трываць болю, таму ўскрыў вены на абедзвюх руках. Лекар тады прыехаў «за пяць хвілінаў», але напісаў у дыягназе «гастрыт». Потым, кажа Барсукоў, яго вывелі з ізалятару, пакінулі да раніцы ляжаць на падлозе, а ранкам пабілі.

«Калі б я тады не ўскрыўся, у мяне мог бы той жаўцяк лопнуць».

Ускрыць вены – таксама няпроста. У папраўчых установах сочаць, каб зняволеныя не мелі вострых прадметаў. Барсукоў кажа, бачыў, як вены спрабавалі ўскрыць металічнай накрыўкаю запальнічкі. Такім шляхам не рэжуць, а проста разрываюць скуру і вены «тыя, у каго сілы духу больш».

Артыкулы
Сцяпан Латыпаў спрабаваў перарэзаць сабе горла ў зале суда
2021.06.01 15:47

АА belsat.eu

Стужка навінаў