Пад беларускай мяжой загінулі два мігранты: адзін у аварыі ў Польшчы, другі пад мяжой з Латвіяй


Хваля нелегальнай міграцыі з Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі праз Беларусь у Еўропу не спыняецца – і нярэдка прыводзіць да трагедыяў. За 5 траўня стала вядома пра смерць двух мігрантаў.

Аварыя пад Трасцянкай, Польшча. 5 траўня 2023 года.
Фота: Strazgraniczna.pl

Памежная ахова Польшчы паведаміла 5 траўня ад дарожным здарэнні на дарозе з Гайнаўкі да Беластоку: перапоўнены аўтамабіль «Toyota RAV4» перакуліўся, калі кіроўца вырашыў уцякаць ад памежнікаў.

Афіцэр памежнай заставы ў Нараўцы заўважыў падазроную машыну і паехаў за ёй – падазраваў, што кур’ер можа нелегальна перавозіць мігрантаў. Кіроўца некалькі дзясяткаў кіламетраў ехаў неахайна і парушаў правілы. Да першага памежніка далучылася яшчэ адна машына памежнікаў, яны паспрабавалі заблакаваць «Таёту». Тая спынілася – аказалася, кіроўца вёз 10 чалавек у 5-мясцовай машыне. Калі памежнікі спрабавалі праверыць дакументы, кіроўца «Таёты» даў задні ход і ўрэзаўся ў службовую машыну памежнікаў – і з’ехаў. Пасля на прамой дарозе не справіўся з кіраваннем, з’ехаў з дарогі і перакуліўся.

Як расказвае TVP, адзін пасажыр загінуў, шасцёра атрымалі цяжкія траўмы. Кіроўца, паводле папярэдніх звестак, грамадзянін Узбекістану. Грамадзянства пасажыраў не называюць, але з паведамленняў польскіх медыяў выглядае, што наўрад ці ў машыне былі беларусы.

Паводле звестак польскіх памежнікаў, колькасць затрыманых за спробу нелегальнай міграцыі праз Беларусь істотна павялічылася: за першыя чатыры месяцы 2023 года затрымалі 280 мігрантаў, тады як за цэлы 2022 год – 401. Ад пачатку 2023 года на межах Еўразвязу з Беларуссю зафіксавалі 11 503 спробы нелегальнага пераходу мяжы: у Польшчу 8183 разы, у Латвію 2375 разоў, у Літву 945.

Яшчэ адзін трагічны выпадак з мігрантам быў на мяжы Беларусі і Латвіі. Памежны камітэт Беларусі распавёў 5 траўня, што на тэрыторыі Беларусі ў 10 метрах ад агароджы на мяжы з Латвіяй знайшлі цела чалавека, якога называюць уцекачом «афрыканскай знешнасці».

Hавiны
Латвія аб памерлым на мяжы: Беларускім памежнікам казалі, што на іх тэрыторыі чалавеку трэба дапамога
2023.05.05 20:39

Памежнікі з Беларусі заяўляюць, што цела нібыта выкінулі з Латвіі тамтэйшыя памежнікі, але доказаў таму не прыводзяць. Затое дадаюць, што «па віне еўрапейскіх сілавікоў» на мяжы з Латвіяй з пачатку года загінулі 5 мігрантаў (аб віне Беларусі ў арганізацыі хвалі нелегальнай міграцыі і неаказанні гуманітарнай дапамогі мігрантам не згадваюць).

Памежная служба Латвіі ў каментары «Белсату» заявіла, што абвяргае перамяшчэнне цела на тэрыторыю Беларусі, але на тэрыторыі Беларусі латвійскія памежнікі сапраўды бачылі чалавека, якому сталася блага:

«Мы адназначна абвяргаем, што нейкім чынам цела гэтага мужчыны перамяшчалі на беларускую тэрыторыю. Аднак, вёўшы назіранне за сітуацыяй вакол дзяржаўнай мяжы, мы бачылі на беларускай тэрыторыі чалавека, якому магчыма патрэбна дапамога. Аб гэтым мы апавясцілі беларускіх памежнікаў. Але іх рэакцыя была некалькі запозненай».

Аб’ектыў
Еўразвяз рыхтуецца да эскалацыі «міграцыйнага крызісу»
2023.05.04 22:35

Алесь Наваборскі, Мірон Маліна belsat.eu

Стужка навінаў