Святлана Ціханоўская заклікала міністраў замежных справаў краін Еўрапейскага Звязу ўвесці санкцыі, абвесціць план дапамогі Беларусі ды правесці канферэнцыю з прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў і рэжыму.
У сувязі з працягам гвалту і рэпрэсій у Беларусі Святлана Ціханоўская накіравала ліст міністрам замежных спраў краін ЕЗ і старшыням камітэтаў міжнародных стасункаў парламентаў дзяржаваў Еўразвязу.
«Я заклікаю вас да ўвядзення новых адрасных санкцыяў у дачыненні да шырокага спісу асоб, вінаватых у парушэннях правоў чалавека, а таксама груп і кампаній, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі. Санкцыі – гэта адзін з нямногіх дзейсных і эфектыўных адказаў Захаду на дзеянні рэжыму. І дзейнічаць трэба найхутчэй», – падкрэсліла яна.
Святлана Ціханоўская таксама прапанавала правесці міжнародную канферэнцыю высокага ўзроўню па ўрэгуляванні крызісу ў Беларусі з удзелам беларускіх дэмакратычных сілаў, нацыянальных урадаў, парламентаў і груп грамадзянскай супольнасці з ЕЗ, Расеі, ЗША і Вялікай Брытаніі, а таксама прадстаўнікоў рэжыму.
«Крызіс павінен быць развязаны мірным шляхам з дапамогай інклюзіўны дыялогу. Менавіта ён павінен прывесці да новых прэзідэнцкіх выбараў сёлета. І вельмі важна, каб усе палітычныя зняволеныя і затрыманыя былі вызваленыя і рэабілітаваныя», – падкрэсліла яна.
Таксама беларуская лідарка заклікала «ператварыць салідарнасць у абавязкі, абвясціўшы і апублікаваўшы Усёабдымны план дапамогі ЕЗ для Беларусі».
Як стала вядома 4 траўня, чацверты пакет санкцыяў Еўразвязу супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі не будзе гатовы да 10 траўня, калі пройдзе саміт ЕЗ аб замежных справах.
Раней паведамлялася, што Беларусь унесеная ў парадак дня пасяджэння Рады міжнародных справаў Еўразвязу. Але цяпер яго разгледзяць падчас чэрвеньскай сустрэчы, «калі Беларусь будзе адным з асноўных пунктаў парадку дня».
МГ belsat.eu