Суд над палітзняволенай Ірынай Шчаснай пройдзе ў закрытым рэжыме


Ірына Шчасная.
Фота: Ірына Шчасная / Facebook

12 траўня ў Магілёўскім абласным судзе разам з Паўлам Севярынцам і актывістамі кампаніі «Еўрапейская Беларусь» у закрытым рэжыме будуць судзіць Ірыну Шчасную – актывістку, рэдактарку некалькіх папулярных тэлеграм-каналаў.

Муж Ірыны Аляксандр, які ўжо амаль паўгода разам з сынам жыве ў Кіеве, распавёў «Белсату», што падчас этапавання з Менску ў Магілёў 11 красавіка Ірына заразілася каронавірусам. Праз некаторы час пасля этапу жанчына перастала адчуваць пахі. Ёй зрабілі тэст на COVID-19, вынік адмоўны. Але такія ж сімптомы праз пару дзён зʼявіліся ў яшчэ адной сукамерніцы.

Этап быў вельмі цяжкі

«Да цягніка везлі ў кайданках, у выніку ў Ірыны вельмі моцна самлелі рукі, так што калі кайданкі знялі, яна нават сумкі свае не змагла падняць, іх неслі канваіры», – распавядае Аляксандр.

Аляксей Шчасны з сынам. Кіеў, Украіна. 16 лютага 2021 года.
Фота: Света Фар / Белсат

У лістах Ірына піша, што побытавыя ўмовы ў СІЗА ў Магілёве лепшыя, чым на Валадарцы. У камеры светлыя сцены, ёсць тумбачкі, можна нармальна раскласці рэчы. Увечары цягам гадзіны ў камеры ёсць гарачая вада. Ежа горшая, чым у Менску, і рэжым больш строгі.

«Іра піша, што, нягледзячы ні на што, стараецца не згубіць сілу духу, захаваць сябе і сваю чалавечую годнасць, просіць нас не хвалявацца за яе, пераконвае, што з усім дасць рады. Больш за ўсё на свеце сумуе па сыну, яе пужае не магчымы вялізны тэрмін, а расстанне з Германам, і тое, што ён будзе расці без ейнай апекі і ўвагі. Іра просіць, каб мы яму не казалі пра хуткую сустрэчу з мамай, не абнадзейвалі, а каб ён засяродзіўся на школе, адаптаваўся да новых умоваў, але адначасова не забываўся на беларускую мову. Яшчэ яна баіцца, што ўжо ніколі не пабачыць хворага на анкалогію бацьку», – распавядае Аляксандр Шчасны.

Пакуль Ірына ў магілёўскім СІЗА, вырашаецца пытанне аб пастаноўцы яе на ўлік як схільнай да экстрэмізму.

Гісторыі
«Марым вярнуцца дамоў». Муж палітзняволенай Ірыны Шчаснай – пра ўцёкі з сынам з Беларусі і жыццё ў Кіеве
2021.02.25 07:10

ГГ belsat.eu

Стужка навінаў