«Любая дзейнасць можа стаць злачынствам». Ці пачалі садзіць за грашовыя пераводы палітвязням?


Жанчыну, якая пераводзіла грошы зняволеным у следчых ізалятарах, Следчы камітэт назваў «спонсаркай экстрэмізму» і распачаў супраць яе крымінальную справу. Што гэта значыць, «Белсату» тлумачыць каардынатарка ініцыятывы Dissidentby Марына Касінерава.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pixabay.com

Паводле Следчага камітэту, на 63-гадовую жыхарку Берасця завялі крымінальную справу за спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 361-4 КК РБ), бо аказалася, што яна пераводзіла грошы выключна зняволеным праз палітычныя матывы (тым, якія ўчынілі злачынствы экстрэмісцкага кірунку) і была ў закрытай Facebook-суполцы, якая «належыць экстрэмісцкаму фармаванню». Згодна са звесткамі праваабаронцаў «Вясны», гаворка пра Наталлю Малец.

«Рэпрэсіі пачалі змяняць сваю якасць, – канстатуе Марына Касінерава. – Мы ўжо бачылі пачатак рэпрэсіяў вязняў за тое, што ім дапамагаюць: пазбаўленне лістоў, змены ў заканадаўстве, калі толькі сваякі могуць дасылаць пераводы, нават давядзенне да стану інкамунікада.

Потым мы сталі сведкамі рэпрэсіяў, скіраваных на сваякоў палітвязняў, якія пачаліся 23–24 студзеня за прадуктовую гуманітарную дапамогу, мэта якіх была запужаць яшчэ больш, знайсці каналы дастаўкі дапамогі і зламаць структуру працы ініцыятываў для дапамогі. Больш за 140 чалавек ужо прыцягнулі да адміністратыўнай адказнасці, 28 з якіх ужо атрымалі спагнанне амаль на 55 тысяч еўраў агулам, больш за 30 чалавек сталіся фігурантамі крымінальных справаў».

Марына Касінерава. Жнівень 2020 года.
Фота: Maryna Kasinerava / Facebook

Як адзначае Касінерава, Наталля Малец, імаверна, першая, каго змясцілі ў СІЗА за грашовыя пераводы: яшчэ ў верасні 2023 года жанчыну кінулі ў СІЗА № 7 паводле абвінавачвання ў фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-2 КК РБ, цяпер артыкул змянілі на іншы). У пачатку 2023-га таксама затрымалі некалькі іншых пенсіянерак за пераводы і пасылкі, але іх не змяшчалі пад варту, а справу закрылі, бо не змаглі даказаць, што іх хтосьці «фінансаваў з-за мяжы».

Цяпер, пасля аблавы пачатку студзеня, за пераводы зняволеным за кратамі яшчэ больш людзей – на думку Касінеравай, не менш за 5–7 асобаў. Таксама людзей прывозілі на вочныя стаўкі з затрыманымі за грашовыя пераводы, пыталі, ці ведаюць яны адно аднаго. «Белсату» таксама вядома пра некалькі выпадкаў, калі ў Менску людзей выклікалі на допыты і выпытвалі, чаму яны пераводзілі грошы палітычным вязням.

«Гэта ўсё працяг спробаў улады зачысціць поле салідарнасці і пакінуць палітвязняў ды іхныя сем’і ў вакууме, – рэзюмуе Марына Касінерава. – Служба хуткай гуманітарнай дапамогі працягвае працаваць у гэтым кірунку і вытрымліваць моцныя ўдары з боку лукашэнкаўскага рэжыму. Таму магу сказаць, што пры ўсіх намаганнях зламаць яшчэ нічога не атрымалася, бо дапамога працягвае дастаўляцца людзям. Мы заўсёды вучымся і паляпшаем свае механізмы».

Рэпартаж
Праваабаронцы: Студзеньскі хапун – «новае дно». Але падтрымку рэпрэсаваных не спыняць
2024.02.10 08:04

Але ці за пераводы пасадзілі жанчыну?

Тое, што піша СК, стварае ўражанне, што жанчыну пакаралі менавіта за пераводы грошай палітычным вязням. Але прынамсі фармальна гэта можа быць не так.

Берасцейская «Вясна» тлумачыць: зняволеныя (у тым ліку праз палітычныя артыкулы) могуць скарыстацца пераведзенымі ім грашыма толькі для атаварвання, пры набыцці базавых прадуктаў у турэмных крамах. Нават калі ўявіць, што купленымі прадуктамі яны вядуць у няволі нейкую «экстрэмісцкую дзейнасць», дык гэта адказнасць персаналу СІЗА. Берасцейская «Вясна» не разумее, паводле якой логікі пераводы зняволеным у СІЗА могуць спрыяць экстрэмісцкай дзейнасці.

Ананімны Telegram-канал, які выконвае функцыі прэс-службы выканаўцаў палітычных рэпрэсіяў, заяўляе, што жанчыну абвінавацілі не за пераводы людзям са спісу «экстрэмістаў», а за тое, што яна нібыта атрымлівала грошы на гэта ад «экстрэмісцкіх фармаванняў» з-за мяжы і гэтак «спрыяла экстрэмісцкай дзейнасці».

«Абсурд справы за грашовыя пераводы таксама ў тым, што людзі маглі іх рабіць да таго, як вязня ўнясуць у той ці іншы спіс, бо гэта адбываецца толькі пасля набыцця прысудам моцы і нават паводле заканадаўства далейшую дапамогу могуць здзейсніць толькі сваякі, – дадае Касінерава. – То бок чалавек робіць перавод, праз некалькі месяцаў або нават год вязня ўносяць у спіс – значыць, вы падтрымліваеце „экстрэмістаў і тэрарыстаў“».

Агляд
Як бяспечна і небяспечна падтрымліваць пацярпелых ад рэпрэсіяў
2024.01.24 17:14

Дык пераводы вязням у СІЗА можна ці нельга рабіць?

Пераводы асобам, якіх назвалі экстрэмістамі, не забароненыя, адзначаюць сілавікі ў паведамленні пра «спрыянне». Берасцейская «Вясна» нагадвае, што забараніць пераводы зняволенаму могуць праз унясенне яго ў спіс «тэрарыстаў», і перавод «тэрарысту» проста не прымуць у пошце, адказнасць за спробу такога пераводу не прадугледжваецца. А «экстрэмістам» у СІЗА можна?

«Логікі ўжо даўно няма, варта проста мець на ўвазе, што любая дзейнасць можа стацца злачынствам, – адказвае Марына Касінерава. – Пасля суда будзе бачна, якое чарговае дно праб’юць нелегітымныя ўлады».

Суразмоўца раіць заўсёды клапаціцца пра сваю бяспеку. Пажадана мець мэсэнджары не на свой нумар, чысціць паведамленні і кэш, весці сацыяльныя сеткі не пад сваім імем. Яшчэ лепш пачысціць тэлефон ад фотаздымкаў праз праграму-шрэдэр, якая не дазволіць аднавіць файлаў. Таксама варта не пакідаць каментароў або навучыцца рабіць гэта бяспечна, не праводзіць фінансавых аперацыяў са сваіх беларускіх плацежных картак.

«Самае галоўнае – не баяцца звяртацца да праваабаронцаў у выпадках, калі патрэбная тэхнічная ці юрыдычная дапамога або кансультацыі, – заклікае Касінерава. – Мы заўсёды дапаможам выбраць найбольш бяспечны варыянт дапамогі, параім, што рабіць у кожнай канкрэтнай сітуацыі, і падтрымаем».

Парады менавіта наконт інфабяспекі даюць таксама «Кіберпартызаны» на спецыяльным Telegram-канале і на сваім сайце (на які з Беларусі трэба заходзіць толькі праз VPN).

Агляд
Як бяспечна карыстацца Telegram у Беларусі? 7 пытанняў да «Кіберпартызанаў»
2023.07.11 12:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў