Распачаліся баі за горад Часаў Яр. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 772-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 5 красавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы стаяць каля труны загінулага пабраціма Вадзіма Папелюка пасля набажэнства на майдане Незалежнасці ў Кіеве, Украіна. 5 красавіка 2024 года.
Фота: Vadim Ghirda / AP Photo / East News

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра адбіццё шэрагу атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Церны, Ямпалаўка, Верхнякаменскае і Спірнае на поўначы Данецкай вобласці, а таксама каля Белагораўкі на Луганшчыне.

Між тым ваенкор Сямён Пегаў гаворыць пра выхад войскаў РФ да ўскрайкаў Цернаў, чым пацвярджае ранейшыя заявы іншых прарасейскіх крыніцаў.

Разам з тым у Deepstate сцвярджаюць, што пакуль сілам абароны Украіны ўдаецца наносіць страты праціўніку на гэтым участку фронту і не пускаць яго на свае пазіцыі.

Акрамя гэтага аналітыкі фіксуюць спробы расейцаў прабіцца па лініі населеных пунктаў Вясёлае – Выемка.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што УС РФ выбілі праціўніка з апорнага пункту на паўночным усходзе ад Вясёлага, але пакуль невядома, ці змаглі замацавацца на новых пазіцыях.

Адначасова з гэтым, паводле крыніцы, расейцы прасунуліся на поўначы ад сяла.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку расейскія вайскоўцы наступаюць на захадзе і поўдні ад аднайменнага раённага цэнтру ў ваколіцах населеных пунктаў Часаў Яр, Іванаўскае, Ступачкі, Клішчыеўка і Андрэеўка.

У Deepstate адзначаюць цяжкую для ЗСУ сітуацыю ў ваколіцах Часавага Яру: расейцы зайшлі ў крайнія будынкі на ўсходзе гораду,  таксама УС РФ намагаліся заняць суседнія шматпавярховыя дамы, але замацавацца не здолелі.

Тэлеграм-канал «Офіцер» звяртае ўвагу на тое, што сам Часаў Яр даволі расцягнуты геаграфічна, і раён, у які зайшлі расейцы, ляжыць за каналам Северскі Данец – Данбас на ўсходзе ад асноўнай часткі гораду і фактычна ўяўляе з сябе асобны населены пункт. Таму, на думку крыніцы, казаць пра пачатак баёў за Часаў Яр зарана.

Яшчэ адна праўкраінская крыніца – «Бахмутський Балу» – піша, што пры наступе на гэтым участку фронту расейцы зноў звярнуліся да тактыкі так званых «мясных штурмаў».

«Рыбарь» сцвярджае, што таксама войскі РФ прасунуліся на поўдні ад ускрайкаў Часавага Яру ва ўрочышчы Ступачкі і наблізіліся да каналу Северскі Данец – Данбас. Адначасова з гэтым крыніца фіксуе поўнае выбіццё ЗСУ з суседняга сяла Іванаўскае.

Між тым інфармацыю адносна Іванаўскага пакуль не пацвярджаюць у Deepstate.

Аўдзееўскі і навапаўлаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

У гэты ж час на аўдзееўскім кірунку назіраецца зніжэнне наступальнай актыўнасці Узброеных сілаў РФ – украінскае камандаванне піша пра ўсяго дзве адбітыя атакі праціўніка каля сёлаў Первамайскае і Невельскае.

Аналітыкі Deepstate гавораць, што самыя ЗСУ адкінулі праціўніка з некалькіх пазіцыяў каля Невельскага.

Тым часам у Міністэрстве абароны РФ заявілі пра пераход пад свой кантроль сяла Вадзяное (побач з Первамайскім). Нагадаем, яшчэ ў канцы сакавіка пра захоп гэтага сяла пісалі асобныя прарасейскія тэлеграм-каналы.

На навапаўлаўскім кірунку атакі расейцаў фіксуюцца ў ваколіцах населеных пунктаў Краснагораўка, Георгіеўка, Канстанцінаўка і Новаміхайлаўка.

Сямён Пегаў гаворыць, што ў сяле Георгіеўка баі маюць сустрэчы характар.

У Deepstate адзначаюць прасоўванні расейцаў каля Новаміхайлаўкі, а таксама пагаршэнне сітуацыі ў самім сяле.

Бярдзянскі, арэхаўскі і херсонскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На паўднёвым захадзе Данецкай вобласці Узброеныя сілы РФ ціснуць на так званым урэмеўскім выступе ў ваколіцах населеных пунктаў Вялікая Навасёлка, Ураджайнае і Старамаёрскае.

У Deepstate паведамляюць, што каля апошняга сяла расейцы зноў прасунуліся. На думку аналітыкаў, калі дынаміка на гэтым участку не зменіцца і войскі РФ і далей працягнуць выбіваць сілы Збройныя сілы з вышыні каля Старамаёрскага, то далейшае ўтрыманне населенага пункту можа аказацца немэтазгодным.

Нязменнай застаецца сітуацыя ў Запарожскай вобласці: тут працягваюцца сустрэчныя баі на ўчастку паміж сёламі Вэрбовае і Работына (на поўдні ад гораду Арэхаў), але пакуль ніводны з бакоў канфлікту не можа дасягнуць істотных поспехаў.

У Херсонскай вобласці баі лакалізуюцца на левым беразе Дняпра, дзе ЗСУ ўтрымліваюць некалькі невялікіх плацдармаў. Украінскае камандаванне піша пра пяць безвыніковых атак праціўніка за содні.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» піша, што самыя ЗСУ пастаянна спрабуюць высадзіць малыя групы пяхоты на новых участках левабярэжжа, але пакуль не маюць поспеху.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў