Дакладчыца ААН: У Беларусі працягваюць здзяйсняць злачынствы супраць чалавечнасці


У Беларусі працягваюцца рэпрэсіі: ужо амаль 4 тысячы чалавек МУС залучыў у спіс «экстрэмістаў». За актуальным станам правоў чалавека працягнуць сачыць не толькі ў Беларусі, але і ў свеце – мандат спецдакладчыцы па правах чалавека ААН прыцягнулі Анаіс Марэн, а таксама групе з трох незалежных экспертаў.

спецдакладчыца ААН Анаіс Марэн.
Фота: Белсат

Мандат спецдакладчыка па правах чалавека ў Беларусі існуе 12 год. Амаль палову з гэтага тэрміну тэмай Беларусі займаецца менавіта спадарыня Анаіс Марэн. Па яе назіраннях, з часу пачатку яе працы сітуацыя з правамі чалавека ў нашай краіне толькі пагоршылася. Таму працягненне мандату спецдакладчыка цалкам апраўданае і лагічнае.

Разам з Анаіс Марэн збірае матэрыялы і доказы парушэння правоў чалавека ў Беларусі каманда з трох незалежных экспертаў – спецыялістаў па розным праве з офісу вярхоўнага камісара па правах чалавека.

«Мандат дазволіў за тры гады працы каманды сабраць вельмі шмат доказаў парушэння правоў чалавека ў Беларусі. Усе гэтыя матэрыялы могуць быць перададзеныя пракурору для інвестыгацыі, гэта значыць пачатку крымінальнага пераследу адказных за парушэнні з мэтай дамагчыся правасуддзя для ахвяр. Некаторыя факты можна ўжо трактаваць як злачынствы супраць чалавечнасці, а гэта ўжо зусім іншы ўзровень, вельмі сур’ёзнае злачынства. Сюды ўваходзяць факты масавых катаванняў, забойствы, знікненні людзей, якія мелі месца быць і, на жаль, працягваюцца ў турмах і сёння. Таму мы намагаемся высветліць канкрэтных людзей, якія здзяйсняюць гэтыя злачынствы», – адзначыла ў каментары «Белсату» Анаіс Марэн.

Гэты год – апошні для яе на пасадзе спецдакладчыцы. У ААН існуе такое правіла: асоба можа працаваць на адной пазіцыі не больш за 6 год.

«Я пачынала ў лістападзе 2018 года. Так што ў хуткім часам будзе абвешчана аб адкрыцці новага мандата, спадзяюся, будуць добрыя кандыдатуры і прызначаць чалавека, які будзе ў сілах працягваць гэтую дзейнасць. Але я буду прыкладаць намаганні, каб працягваць працаваць па тэме Беларусі, я аддала гэтай працы шмат часу і сіл, і не ўяўляю, як можна ўзяць і ўсё спыніць», – кажа спадарыня Анаіс Марэн.

Дададзім, што пасада спецдакладчыка па правам чалавека – цалкам валанцёрская.

Hавiны
Якія праблемы маюць беларусы ў выгнанні і як іх вырашыць? Справаздача спецдакладчыцы ААН Анаіс Марэн
2022.10.27 18:05

Разам з тым, Анаіс Марэн падкрэсліла, што ў ААН зараз фінансавы крызіс. І хоць краінамі-чальцамі арганізацыі працягваюць прымацца рэзалюцыі, частка з іх некалькі месяцаў не плоціць узносы ў бюджэт ААН.

«Зараз арганізацыя працуе на 25 працэнтах ад нармальнага бюджэту. Адмяняюцца візіты, сустрэчы, паездкі. Даклады рыхтуюцца і перакладаюцца на 5 моваў, але насамрэч спецпрацэдура па правах чалавека зараз пад пагрозай», – канстатавала Анаіс Марэн.

Hавiны
Эксперты ААН занепакоіліся станам здароўя палітвязня Рыгора Кастусёва
2024.02.27 12:00

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў