Расея зарабіла на транспартаванні беларускіх нафтапрадуктаў каля 4,6 млн долараў


Расея падвяла вынікі працы першага месяца перавалкі беларускіх нафтапрадуктаў праз свае парты. Савет Міністраў Расеі паведамляе, што кампаніі зарабілі на гэтым каля 348 млн расейскіх рублёў (каля 4,6 млн долараў ЗША).

Падчас аператыўнай нарады прэм’ер-міністра Расеі Міхаіла Мішусціна з віцэ-прэмʼерамі прагучала, колькі расейскі бок змог зарабіць на перавалцы беларускіх нафтапрадуктаў праз свае парты за месяц. 5 сакавіка Мазырскі НПЗ распачаў транспартаванне сваёй прадукцыі праз тэрмінал «Портэнерга» ў марскім порце Усць-Лугу.

«Сакавік мы прайшлі з апераджальнай прагрузкай. Прыбыткі расейскіх кампаніяў ад экспарту транспартавых паслуг па перавозе і перавалцы беларускіх нафтапрадуктаў у сакавіку склалі каля 348 млн рублёў (4,6 млн долараў ЗША). У тым ліку на чыгуначным транспарце каля 142 млн рублёў (каля 1,9 млн долараў ЗША), для тэрміналаў марскіх партоў – 206 млн рублёў (2,7 млн долараў)», – паведаміў Міністр транспарту Расеі Віталь Савельеў.

Таксама паведамляецца, што Расея абмяркоўвае з беларускім бокам перавод з прыбалтыйскіх у расейскія парты іншых экспартных грузаў.

Hавiны
Беларусь перанесла дату падпісання пагаднення з РФ аб перавалцы нафтапрадуктаў
2021.02.15 15:41

Пытанне аб пераарыентаванні экспарту з партоў краінаў Балтыі на расейскія парты паўстала на фоне рэзкага пагаршэння стасункаў паміж ЕЗ і рэжымам Аляксандра Лукашэнкі пасля выбараў 2020 года.

У жніўні 2020 года Аляксандр Лукашэнка прыгразіў Літве паказаць, «што такое санкцыі».

«Я даручыў ураду ўнесці прапанову аб пераарыентацыі ўсіх гандлёвых патокаў з партоў Літвы на іншыя. Вось мы і паглядзім, як яны будуць жыць. 30 % літоўскага бюджэту фармуюць нашы грузапатокі праз Літву. Што яшчэ трэба? Зажэрліся. Таму паставім на месца», – адзначыў ён.

У сваю чаргу літоўскі прэм’ер-міністр Саўлюс Сквярняліс (Saulius Skvernelis) заявіў, што адмова ад транзіту грузаў праз парты Літвы перш за ўсё ўдарыць па самой Беларусі.

У снежні брытанская «дачка» Беларускай нафтавай кампаніі BNK (UK) Limited прыпыніла перавалку нафтапрадуктаў праз Клайпедскі дзяржаўны порт Літвы.

Аб’ектыў
Беларусь можа спыніць пастаўкі нафты праз порт у Клайпедзе
2020.12.15 23:06

СК belsat.eu

Стужка навінаў