«Пуцін упісваецца ў сцэнар антыхрыста». Каталіцкія дзеячы Польшчы звярнуліся да Папы Рымскага


Група польскіх каталіцкіх дзеячаў звярнулася да Папы Рымскага Францішка з прычыны вайны ва Украіне. Калектыўны зварот падпісалі больш як паўсотня каталіцкіх журналістаў, літаратараў, навукоўцаў, святароў і манахаў.

Наступствы расейскага бамбавання Чарнігава.
Фота: УНІАН

У сваім лісце яны адзначаюць, што канфлікт ва Украіне цягнецца ад 2014 года, а «24 лютага Расея ўварвалася ва Украіну, распачаўшы не канфлікт, названы спецаперацыяй, а сапраўдную вайну».

«Гінуць украінскія салдаты, нявінныя ўкраінскія дзеці, жанчыны і мірныя жыхары, знішчаюцца матэрыяльныя каштоўнасці, якія цяжкай працай аднаўлялася пасля камунізму. Штодня мы назіраем паведамленні пра акты тэрору, якія можна трактаваць як вайсковыя злачынствы. На сённяшні дзень палякі прынялі амаль 700 000 уцекачоў ад вайны, большасць з якіх размясцілі ў сваіх дамах», – гаворыцца ў лісце.

На думку падпісантаў, каталікі «павінны дакладна паведаміць, на чыім боку праўда, а дзе зло».

«Таму мы просім Вашу Святасць, узняць усёмагутны голас біскупа Рымскага супраць агрэсіі пуцінскай Расеі супраць беззаганнай Украіны, каб пераканаўча сказаць, хто з’яўляецца вінаватым, а хто ахвярай у гэтым канфлікце», – пішуць каталіцкія дзеячы Польшчы.

На іх думку, «Пуцін упісваецца ў сцэнар антыхрыста, які сее смерць і прыносіць няшчасце», а падтрымка вайны Маскоўскім патрыярхам Кірылам зʼяўляецца «вераадступніцтвам».

«Украіна перад абліччам смерці, пажарышчаў і хлуслівай прапаганды вядзе справядлівую і маральна законную вайну, і словы пра спыненне канфлікту і правядзенні дыялогу падчас таго, калі працягваецца разаніна Харкава і Кіева, гучаць неяк двухсэнсоўна і пазбаўляюць каталікоў усяго свету надзеі на голас справядлівасці, які павінен быць пачуты перадусім у сітуацыі безвыходнасці. Пры ўсёй драматычнасці мы бачым, што ў дадзенай сітуацыі актуальнай дзеяй будзе не дыялог, а параза зла», – заяўляюць падпісанты ліста.

Паводле іх, «прычынай захопніцкага зла быў не нейкі там уяўны эгаізм, а нянавісць, што зыходзіць ад улад у Маскве, і, на жаль, пры актыўнай ухвале і блюзнерскім блаславенні Патрыярха Кірылы».

Каталіцкія дзеячы падкрэслілі, што Пуцін імкнецца адрадзіць савецкую «імперыю зла». Не з’яўляецца ён і кансерватарам, бо «кансерватызм азначае таксама і павагу да жыцця, і права на суверэнітэт, якіх ён і Праваслаўная царква, што яго падтрымала, паслядоўна не прызнаюць».

«Мы просім Вашу Святасць пайсці па шляху Вашых папярэднікаў, выразна агучыўшы заклік да агрэсара адступіць! Асудзіць злачынствы супраць украінцаў і падкрэсліць іх права на тэрытарыяльнае адзінства дзяржавы. Калі ў Свеце павінен быць мір, Украіна павінна перамагчы ў гэтай справядлівай вайне, як вайсковым, гэтак і невайсковым шляхам», – гаворыцца ў лісце.

Hавiны
«Народ Украіны мае рабіць выбар не пад прыцэлам аўтамата». Святары РПЦ выступілі супраць вайны
2022.03.01 19:47

ПС belsat.eu

Стужка навінаў