Урад Казахстану падаў у адстаўку


Прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў 5 лютага падпісаў указ, якім прыняў адстаўку ўраду. Асобай, якая часова выконвае абавязкі прэм’ер-міністра, прызначылі Рамана Скляра.

Прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў.
Фота: akorda.kz

«Згодна з артыкулам 70 Канстытуцыі Рэспублікі Казахстан пастанаўляю: прыняць адстаўку ўраду Рэспублікі Казахстан. Часова ўскласці выкананне абавязкаў прэмʼер-міністра Рэспублікі Казахстан на Рамана Скляра», – адзначаецца ў тэксце дакументу.

Указ уступае ў моц з моманту падпісання, аднак, згодна з дакументам, стары ўрад мусіць адпрацаваць да прызначэння новага.

«Згодна з Канстытуцыяй, перад ізноў абраным парламентам урад складае свае паўнамоцтвы. Мы падаём у адстаўку і, пакуль не будзе сфармаваны новы ўрад, будзем выконваць свае абавязкі. Хто будзе новым прэм’ерам, вызначаюць прэзідэнт і новы Мэжыйлійсі [ніжняя палата парламенту. – Заўвага рэд.]. Натуральна, мы гатовыя да любых паваротаў падзеяў для працы на карысць нашай краіны», – сказаў Эліхан Смайылаў, які да заявы пра адстаўку быў прэм’ерам Казахстану больш за два гады.

Смайылаў заняў сваю пасаду неўзабаве пасля пратэстаў і іх жорсткага здушэння ў студзені 2022 года. Раней быў першым віцэ-прэмʼерам.

7 лютага стары ўрад яшчэ павінен будзе расказаць Такаеву пра вынікі 2023 года.

Hавiны
Такаеў ацаніў жарт Лукашэнкі пра ядравую зброю і ўступленне ў саюз Беларусі і Расеі
2023.05.29 13:11

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў