Украінка адмовілася ад тытула «Міс Японія» пасля хлусні пра бойфрэнда


Нарадзінка Украіны Караліна Сііно, якая перамагла ў конкурсе «Міс Японія», адмовілася ад кароны, піша выданне «The Japan Times». Прычынаю стаўся раман дзяўчыны з жанатым мужчынам. Гэта першы выпадак у гісторыі конкурсу, калі пераможца адмовілася ад тытула.

Пераможца конкурсу «Міс Японія – 2024» Караліна Сііно.
Фота: karolina0824 / Instagram

Скандал успыхнуў пасля публікацыяў у японскіх медыях пра стасункі Караліны Сііно з жанатым лекарам. Арганізатары конкурсу «Міс Японія» пасля правярання адсправаздачыліся, што мужчына не казаў пра сваё сямейнае становішча, і дзяўчына не ведала аб жонцы свайго бойфрэнда.

Аднак цяпер высветлілася, што Караліна ўсё-ткі ведала, што мужчына жанаты, і за хлусню яна перапрасіла, адзначае «The Japan Times». Дзяўчына адмовілася ад тытула «Міс Японія», і арганізатары падтрымалі гэтае рашэнне.

Нікому з удзельніц мінулага конкурсу карону перадаваць не будуць, такім чынам, да наступнага года «пасада» застанецца вакантнаю.

Гэты выпадак – першы ў гісторыі конкурсу «Міс Японія», калі пераможца адмовілася ад тытула.

Караліна ў 5-гадовым узросце пераехала ў Японію разам з маці. У размове з «Белсатам» дзяўчына казала, што адчувае сябе японкаю, пры гэтым не ўсе ў краіне былі згодныя з тым, што ў нацыянальным конкурсе прыгажосці бярэ ўдзел натуралізаваная грамадзянка.

Караліна тлумачыла, што ўдзелам у конкурсе хацела даказаць: галоўнае, як асобы сябе ідэнтыфікуюць, а не выглядаюць вонкава.

«Я хацела, каб людзі больш даведаліся пра мяне, што ёсць такая: выглядае як украінка, але жыве як японка, што ёсць такія людзі, і не толькі я, яшчэ багата такіх людзей. Я хацела, каб больш пра гэта ведалі ў Японіі і больш зразумелі пра нас, каб людзі пачалі глядзець углыб. Хацела спраўдзіць, ці ўспрымуць мяне як японку», – апавяла суразмоўца «Белсату».

Інтэрв’ю
Адчувае сябе японкаю. Пагутарылі з украінкаю, якая перамагла ў конкурсе «Міс Японія»
2024.02.01 19:09

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў